Выбрать главу

Я працягваў працаваць у рэдакцыi, але заўважаў, як адносiны да мяне робяцца ўсё болей кiслыя. На пасаду адказнага рэдактара прыехаў новы чалавек, ветэран вайны, былы лётчык Георгiй Лысоў. Ён меў са мной гутарку, зь якой я зразумеў, што абкам доўга тут мяне не пацерпiць, i Георгiй Сьцяпанавiч раiў пiсаць трохi ашчадней. «Ну iх да д’ябла, гэтыя органы! Iх лепш не чапаць, я ж па сабе ведаю…» Я думаў: хто з нас таго ня ведае? Але ўсе маўчым. Можа, i мне трэба змоўкнуць. Я ўжо гатовы быў змоўкнуць. Можа, i зрабiў бы тое, каб не наступныя падзеi…

Жонка ўвесь час працавала ў школе, дома падрасталi два хлопцы, хапала хатняе працы, i яна шукала памочнiцу. Хтось з выкладчыц пэдiнстытуту параiў добрую жанчыну, адзiнокую, якая магла б прыходзiць разы два на тыдзень прыбiраць у кватэры. Хутка яна i зьявiлася ў нас — добрая, руплiвая жанчынка. Яна сапраўды жыла адзiнокай, хаця мела сына, i ўжо пабывала ў лягеры. Праўда, ня надта было зразумела, за што. Ды я не цiкавiўся. Звычайна, як яна прыходзiла прыбiраць, мы з хлопцамi вымяталiся на падворак цi яшчэ куды — каб не замiнаць. Прыбiрала добра, старанна. Жонка была задаволеная.

Але неяк я паткнуўся ў шафу па патрэбную кнiгу — «Июнь 41 года» Некрыча, якога толькi што разграмiлi ў друку, — а кнiгi не аказалася. Памятаю добра: днямi ставiў на пэўнае месца ў шафе, а цяпер яе там няма. I нiхто ня бачыў, нiчога ня ведае. Прапала кнiга. Перад тым цягам доўгага часу атрымлiваў з Мальмэ ад адной эмiгранткi даўгiя лiсты з апiсаньнем яе асабiстых прыгодаў у Менску падчас акупацыi. Напiсаныя дробненькiм почыркам на дужа тонкай паперы, яны былi вельмi цiкавыя, бо мелi масу падрабязнасьцяў, прозьвiшчаў, датаў. Я зьбiраў iх у пачак (набралася ўжо, можа, лiстоў дваццаць), таксама ставiў за шкло ў шафу. Пасьля кнiгi зьнiклi i тыя лiсты. Каму яны маглi спатрэбiцца? Але вядома, каму. Мяркуючы па ўсiм, пасьля таго, як з кватэры вымяталiся гаспадары, туды прыходзiлi госьцi.

Што гэта менавiта так, неўзабаве пераканаў i наступны выпадак.

Неяк позьняй восеньню мяне ўгаварылi з замежнай камiсii СП зьезьдзiць у Румынiю. Прытым аднаму. Ехаць мне туды ня надта хацелася, знаёмых там не было. Праўда, у Бухарэсце выйшла некалькi маiх кнiжак, i жанчына з замежнай камiсii надта пераконвала: маўляў, румыны вас чытаюць, любяць i дужа просяць. Паездка тая прынесла мне мала радасьцi, разбалеўся зуб, давялося яго выдзiраць, заплацiўшы за тое цi ня ўсе мае камандзiровачныя. Прымалi, аднак, добра, праўда, пацiкавiўшыся напачатку, што я пiшу — вершы цi прозу? Тое шмат пра што мне сказала. Але там усё ж адбылося некалькi добрых знаёмстваў зь лiтаратарамi, i адзiн зь iх, аўтар манаграфii пра расейскую лiтаратуру, падарыў мне сваю вiзытоўку з прозьвiшчам Утан. (Гэткае прозьвiшча на той час меў генэральны сакратар ААН.) Дома да мяне ў габiнэт прыйшоў для размовы Барыс Клейн, мы пагутарылi, я распавёў пра паездку i паказаў тую вiзытоўку. Барыс шчыра зьдзiвiўся: ты сустракаў ся з У Танам? Кажу, так, сустракаўся, i ён нават напiсаў пра мяне ў кнiжцы. Госьць усё зразумеў, мы пасьмяялiся i разьвiталiся.

Празь якi дзень у Гораднi падняўся таемны шум наконт У Тана. Знаёмы доктар цiкавiцца, з кiм я сустракаўся ў Румынii? А што, i Генсек ААН быў там? — Ды не, кажу, што яму там рабiць? Звонiць дырэктар бiблiятэкi: ня можаце назваць, якiя кнiгi напiсаў У Тан? Тут спатрэбiлiся, а знайсьцi ня можам. Пытаюся, каму спатрэбiлiся? — Toe не тэлефонны разгавор… Але ведама, каму. Словы Клейна яны запiсалi, а вiзытоўку, вядома, ня бачылi i падумалi, што тое — нелегальна прывезеная кнiга У Тана. Значыцца, дзесь пад канапай у мяне — жучок.

Пасьля малавясёлай гiсторыi з публiкацыяй «Праклятай вышынi» намеры мае наконт ваенна-франтавой тэмы пачалi марнець. Хоць я i бачыў там яшчэ нямала магчымасьцяў i ў галаве мроiлi пэўныя пляны, але, прыкiнуўшы, як тое будзе сустрэта начальствам i крытыкай, рашыў устрымацца. Тым болей, што i ў партызанскiм мiнулым бачылася мне ня менш цiкавага, можа, найперш сваёй маральнай праблематыкай. Трэба зазначыць, што як за тую, так i за iншую тэму я браўся пасьля ўсiх. Як ужо iншыя напiсалi шмат i пра фронт, i пра партызанаў. Каб не замiнаць iншым, я стараўся сьцiпла iсьцi сьледам i падбiраў пакiнутае.