Выбрать главу

Асаблiвую прыязнасьць госьцi праяўлялi да Карпюка, тым болей, што ён быў заўсёды даступны, днямi сядзеў у сваiм офiсе, стукаў на друкарцы. Неяк зачасьцiў у Горадню журналiст i пiсьменьнiк Олек Амельяновiч, таксама з Беластоку. Карпюк звычайна не любiў пачостак i ў пэўных выпадках запрашаў мяне або прыводзiў каго да мяне на кватэру. Амельяновiч быў просты, таварыскi хлопец, ахвотна пiў i шмат распавядаў пра свае экзатычныя вандроўкi на поўдзень, у Лацiнскую Амэрыку. Але аднойчы, перад тым, як ён меўся прыехаць, у Карпюковым офiсе раздаўся ананiмны званок, i хтось папярэдзiў, каб Олека не прымалi. Мы апынулiся ў разгубленасьцi — чый гэта званок, зь якога боку? Памятаю, тады ўтрох — я, Карпюк i Клейн, — адышоўшыся ў парк ля Каложы, абмяркоўвалi тое здарэньне. Што гэты званок — зь бясьпекi, не выклiкала сумневу, але зь якой? Карпюк кажа: а раптам то зь iхняй? Разумны Клейн адказвае: i з нашай ня лепш. Так мы нiчога i ня вырашылi. Але, здаецца, пасьля гэтага Амельяновiч не прыехаў зусiм. Затое, калi неўзабаве ў Карпюка зьявiлася патрэба зьвярнуцца да яго ў Беластоку, той яго выручыў, як ня мог выручыць нiхто ў Беларусi.

Запомнiўся прыезд зь Ленiнграду iнжынэра Вайцяхоўскага, былога партызанскага камбрыга. Памятаю, тады было добрае надвор’е, мы ўзялi колькi бутэлек i паехалi на прыроду ў Пышкi. Як выпiлi, камбрыг i яго колiшнi падначалены, якога ён прызначыў камандзiрам атраду, пачалi ўспамiнаць шмат якiя эпiзоды свайго сумеснага партызанства.

Вайцяхоўскi тады вельмi добра выказваўся пра Карпюкакамандзiра, яны ўспамiналi шматлiкiх агульных сяброў-партызан. Называлi iмёны — тых, хто загiнуў, хто i дзе жыве, якую кар’еру зрабiў па вайне. Вайцяхоўскi дакараў, але i хвалiў Карпюка, што той не застаўся пасьля вызваленьня ў 44-м мацаваць савецкую ўладу на Гродзеншчыне, як гэта рабiлi цi ня ўсе партызанскiя камандзiры, а падаўся на фронт, дзе яго скалечыла.

А. Карпюк, як распавядаў, трапіў на фронт праз той самы «вальтэр», якім абзавёўся перад вызваленьнем у 44 г. Як і шмат якіх партызанскіх начальнікаў, яго на фронт ня бралі, пакідалі для аднаўленьня савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Але сказалі: пісталет трэба здаць. Перад разьвітаньнем са сваім «вальтэрам» Аляксей пайшоў у гумно і прыцэліўся ў сучок у сьцяне. І якраз трапіў. Шкада яму стала такі дакладны пісталет, і ён не наважыўся разьвітацца зь ім. Лепш пайшоў на фронт.

А там яшчэ на фарміроўцы «вальтэр» яго адабралі начальнікі. Хутка чырвонаармеец Карпюк атрымаў кулю ў плячо, а затым асколак у лёгкія, тады ўжо стала не да пісталетаў.

Карпюк толькi ўсьмiхаўся. Яны добра ведалi i паважалi адзiн аднаго, i я мiжволi зайздросьцiў iм. У мяне не было жаднай магчымасьцi для такiх сустрэчаў: мае сябры або ляжалi ў братнiх магiлах ад Дняпра да аўстрыйскiх Альпаў, або былi раскiданыя па сьвеце. Мiнула небагата часу, i я перастаў зайздросьцiць. Давялося спачуваць…