Вось цяпер я ўспамiнаю i хачу зазначыць, што ўсё ж такi дзецi — жорсткi народ. I нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага стану, выхаваньня, гэта само сабой. Як i ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасьць, хоць бы на асабiстую. А малы? Ён жа ня мае нiякiх правоў, а то i ўяўленьня пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сiла — улады, дарослых, старэйшых сяброў… I заўсёды знойдзецца нехта старэйшы цi дужэйшы, а то i з садысцкiмi схiльнасьцямi, якi дыктуе свае законы. I часта меншы не разумее, што тое няправiльна, што павiнна быць iначай. I не паскардзiцца, бо ведае, што яго не абароняць. I ведае таксама, што скардзiцца кепска — тое яму ўнушылi рана, асяродзьдзе, а то i бацькi. Настаўнiкi таксама. Ростам я быў не малы, але худы i слабы, i з тае прычыны ў розных сутычках ня мог адчуваць перавагi. Перавага была за iншымi — болей дужымi, а галоўнае — болей нахабнымi. У мяне не было нахабства. Во тут я i прыпамiнаў мяккi матчын характар, якi я ўнасьледаваў i якi мне нямала шкодзiў зь дзяцінства. Зноў жа ў дзяцiнстве я быў схiльны востра перажываць свае ды i чужыя няшчасьцi. Асаблiва як пачасьцiлiся рэпрэсii, сялянскi хапун. I сябраваў з хлопцамi, што засталiся без бацькоў, якiх iншыя стараніліся цi грэбавалi, бо ж — ворагi народу. У нас тады вёска была двароў на дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасьля падсялiлi. Дык з гэтых дванаццацi гаспадароў шасьцёх узялi. Цёмных калгасьнiкаў, былых беднякоў. Узялi i Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамi ды графiнямi бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевiч, iнвалiд Першай сусьветнай вайны з сухой паралiзаванай рукой, якую насiў у чорнай пальчатцы. Ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзiньнiкаў, якiя несьлi яму з усёй акругi. I ён усе iх рамантаваў — насьценныя, кiшэнныя, будзiльнiкi i г. д. I нават больш — шкло ў iх ставiў. А шкло дзе возьмеш? Дык ён купляў шкло для лямпы, з выпуклай часткi выразаў самы пятачок i ставiў. Я, калi вучыўся, колькi год насiў яму гадзiньнiкi зь мястэчка, пераважна ад настаўнiкаў. Пакладу ў карабок ад запалак i прынясу. Ён шкельца ўставiць, аднясу назад. А тады нясу рубель за працу. I ён заўсёды дасьць 20 капеек. Вось i гэтага iнвалiда ўзялi. А ягоны сын у гэты час, таксама Дзёмка, служыў на Далёкiм Усходзе. А пасьля, у вайну, пайшоў у партызаны i ваяваў да перамогi. Ваяваў за савецкую ўладу, якая панiшчыла ягонага бацьку. Але — не пакрыўдзiўся, за што, як вядома, хвалiлi бальшавiкi. Што «не азлобiўся». Як быццам за тое сапраўды можна было не азлобiцца. Улетку на Пятроўскім лузе бабы зграбалі сена. Надвячоркам ля мастка спынілася райкомаўская эмка, зь якой вылез нейкі чын у пінжаку. Ён загадаў брыгадзіру дзядзьку Антону сабраць баб да кучы. Хутка ўсе і сабраліся на скрытным прылесным пагорку, пасталі, зморана абапершыся на граблі. Рабкамавец разгарнуў газэту і пачаў чытаць. У войску арудавала група шкоднікаў і шпіёнаў на чале з маршалам Тухачэўскім ды іншымі. Яны труцілі чырвонаармейцаў, падсыпалі ім у харч бітае шкло, выдавалі замежнікам вайсковыя сакрэты. Вярхоўная калегія Вайсковага трыбуналу прысудзіла іх да расстрэлу, і ўчора прыгавор быў выкананы. Слаўныя савецкія чэкісты не спудлавалі і на гэты раз. Бабы плакалі — гэта ж трэба, такія падлюгі. «Добра, што іх выкрылі, а то майму малодшаму ўвосень прызывацца, далібог атруцілі б» — плакала ад радасьці адна баба з Слабодкі. «Анягож, — пагаджалася другая. — Ці ім шкода нашых хлопцаў. Зьвяругі такія». Брыгадзір Антон зацята маўчаў. Невядома, што было ў яго ў думках. Але ён быў разумны мужык, і мы, дзеці, неяк паважалі яго. Толькі чаго ён маўчаў — тады было нам невядома.