Выбрать главу

Вядома, я мог бы не друкаваць аповесьць па-расейску, тым болей, што пераклад не чынiў мне асалоды, якраз наадварот. На яго я папсаваў куды болей паперы i затрацiў больш часу, чым на арыгiнальны варыянт па-беларуску. Але навамiрцы прасiлi i ня раз напамiналi, як што-небудзь напiшацца, адразу прысылаць iм. Твардоўскi прапаноўваў аванс (нават бязвыплатны — у выпадку, калi нiчога не напiшацца). Я жыў небагата, але авансаў стараўся ня браць. А тут якраз штось напiсалася ды яшчэ адобрана на ўзроўнi ЦК, як было ўстрымацца? Падумаў ужо, што, можа, гэтай аповесьцю ўлагоджу сваiх, а разам i навамiраўскiх ворагаў.

I праўда, аповесьць спадабалася i ў «Новом мире». Як я прыехаў, Твардоўскi быў у добрым гуморы, сказаў, што гэтая аповесьць, можа, найлепшае з усяго, што я надрукаваў у расейскiх часопiсах. Сьвежая тэма i высакародная iдэя. Мабыць, даўно б трэба прыгледзецца беларускiм лiтаратарам да свае партызанкi, у якой далёка ня ўсё белае, а нямала i чорнага. Але хто iх спадзьвiгне на тое? Гэты ваш Броўка, у якога даўно «зьлiплiся вейкi», цi Грышкасьвiнапас Шамякiн? Я сказаў, што Шамякiн — ня Грышка, а Iван. «Адна парода, — сказаў Твардоўскi, — я яе ведаю. У самога продкi адтуль, зь Беларусi. Цi ёсьць у вас там, у Саюзе, якi мудры яўрэй? Вам вельмi не хапае мудрага старога яўрэя». Яшчэ ён сказаў, што трэба вучыцца i браць прыклад ня толькi з расейскай лiтаратуры, якая даўно задушана iдэалёгiяй, а i з заходняй лiтаратуры, дзе моцнага уплыву дасягла лiтаратура экзiстэнцыялiзму, Камю, напрыклад. Ягоны раман «Чума» — гэта ж эвангельле дваццатага стагодзьдзя. Канешне, мы — не французы, у нас свой боль, ды ўсё ж… Ён, Твардоўскi, вядома, паважае Пушкiна, але аддае перавагу Някрасаву. Хаця ўвогуле вершаў ня любiць i нават хацеў кiнуць iх пiсаць. Такая была размова перад публiкацыяй «Круглянскага мосту» ў «Новом мире».

Бедны Аляксандр Трыфанавiч, ён не казаў, але, падобна, трошкi спадзяваўся, што мая адобраная беларускiм ЦК аповесьць, можа, паправiць i рэпутацыю ягонага часопiсу, якая тады дайшла да мяжы магчымага. Можа, ён разьлiчваў на падтрымку беларускага партыйнага кiраўнiцтва ў ягоным двубоi з бандай Сафронава, Кочатава, Палiкарпава? Як спакваля выявiлася, тыя яго спадзяванкi былi марныя. Наступныя падзеi не пакiнулi ад iх нiчога i ў рэшце рэшт давялi да адстаўкi навамiраўскага рэдактара. Тады на Беларускiм вакзале мяне праводзiў Алесь Адамовiч. Часу трохi было, i мы, седзячы ў зале чаканьня, добра пра ўсё пагутарылi. Адамовiч на той час выдаў дзьве аповесьцi пра каханьне, якiя, аднак, не зрабiлi патрэбнага ўражаньня на маскоўскую крытыку. I ён захацеў паглядзець на мой вопыт — прачытаў рукапiс «Круглянскага мосту», якi я яму даў напярэдаднi. Быўшы партызанам, якiм ня быў я, ён, мабыць, меў свае прэтэнзii да аповесьцi, але i сам штосьцi згледзеў карыснае для сябе. Пра тое мы гаварылi. Beдама, для мастацтва патрэбны жыцьцёвы вопыт i культура, але што напачатку? Бо тое ды iншае разам рэдка здараюцца ў жыцьцi, штосьцi iдзе наперадзе. Прынамсi ў нашых лiтаратурах. На Захадзе там iнакш. Але нам далёка да Захаду, у нас свой вопыт i свае крытэрыi. Пасьля выхаду з друку «Круглянскага мосту» першым з рэцэнзiяй выскачыў штотыднёвы «Огонёк», якi шмат год рэдагаваў асабiсты непрыяцель Твардоўскага Анатоль Сафронаў. Выхадзец зь Беларусi, ён меў у ёй некаторых сяброў — ведама ж, з лiку чэкiстаў, партызанскiх генэралаў, партфункцыянэраў. Мабыць, тыя ў час прасыгналiлi ў Маскву, i вось у «Огоньке» паяўляецца разварот за подпiсам цэлай групы партызанскiх сакратароў i генэралаў. Самы першы стаiць подпiс двойчы Героя Савецкага Саюза партызанскага генэрала Фёдарава, за iм шэраг iншых. У артыкуле — плач i гнеў, гнеў i плач — на аўтара i часопiс, ягонага рэдактара таксама. Пасьля «Огонька» пайшлопаехала, ад Масквы да самых да ўскраiн. Празь нейкi час нi Твардоўскага не засталося ў «Новом мире», нi Пілатовiча ў ЦК. Нядоўга пабыў на чале «ЛiМу» i непрадбачлiвы Прокша. Ды i ў «Полымi» абачлiвы Кавалёў таксама. Узаемаадносіны пісьменьнікаў (ды іншых творцаў) заўсёды былі складаныя, чым, зрэшты, карысталіся ў сваіх інтарэсах улады. Што ж да нашых вялікіх папярэднікаў, дык дужа хацелася думаць, што тыя стаялі вышэй за асаб істыя звады, вышэй за інтарэсы ўладаў. Для мяне, напрыклад, гаючай душэўнай музыкай гучыць даўні Коласаўскі радок «Мой мілы Янка, мой Купала…». У тым радку надта шмат засяродзілася — як асабістага паміж двума геніямі, так і агульнанацыянальнага. Значыць, насуперак усяму такое было магчыма, прынамсі ў мінулым.

Неяк завiтаў да Мiколы Матукоўскага, якi адразу павёў мяне ў свой габiнэт на новай кватэры па Бранявым завулку ў Менску. Там ужо быў Генадзь Бураўкiн, зь якiм яны вычытвалi гранкi набору, што атрымалi з «Известий». Гэта быў артыкул Матука пра Быкава — цi ня першы ў цэнтральным друку, якi меў на мэце даказаць грамадзтву, што Быкаў — наш, савецкi пiсьменьнiк, не якi там палiцай цi ўласавец. I што ягоныя пэрсанажы — патрэбныя i карысныя, бо на вайне былi ня толькi героi, але i баязьлiўцы i здраднiкi. Што ж, я быў удзячны маiм сябрам, якiя памагалi мне i раней (i яшчэ будуць памагаць пасьля) у маiм лiтаратурным лёсе. Мабыць, i праўда, артыкул у цэнтральнай газэце недзе штось зрушыў, наступныя падзеi паказалi ягоны несумненны плён.