У мяне быў транзiстарны прымач з кароткiмi хвалямi — японскi «Панасонiк», якi я цi ня кожную ноч настройваў — лавiў «Свабоду», Бi-Бi-Сi, «Голас Амэрыкi». З усiх, аднак, аддаваў перавагу «Свабодзе». Добра пачуць яе рэдка ўдавалася — глушылi заўжды i шчыльна. Некаторыя раiлi шукаць здатнае месца ў кватэры, каля водаправодных трубаў, паспрабаваць настройваць за горадам. Я спрабаваў i так, i гэтак — часьцей за ўсё нiчога не атрымлiвалася. Перадатчыкi былi за тысячы кiлямэтраў, а глушылкi — во яны, побач, на ўскраiне горада. Няўдалымi былi ўсе мае спробы i ў тую ноч. А менавiта тады хацелася дазнацца пра падзеi, што высьпявалi ў адносiнах да Чэхаславаччыны, на якую нацэлiўся «крыважэрны блок HATА».
«Мiралюбны» Варшаўскi блок рыхтаваўся яе ратаваць. Ранiцай, як заўжды, скiраваў у рэдакцыю i на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклiвы, на чымсь засяроджаны i толькi буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялi. Танкi ў Празе…» Toe, вядома, ашаламляла. Я тады зразумеў вэрхал, што ноччу не даваў спаць — на вулiцах штось адбывалася, iшлi калёны машынаў, даносiлiся чыесь галасы, у пад’ездах грукалi дзьверы i бегалi нейкiя людзi. Аказваецца, iшла мабiлiзацыя, як на вайну. У дапамогу перадавым часьцям, што ўвайшлi ў Чэхаславаччыну, на базе Гарадзеншчыны разгортвалася рэзэрвовая армiя. Хапалi запасьнiкоў, мабiлiзоўвалi транспарт, на ўскраiнах у вайсковых гарадках фармавалi каманды. Як пасьля выявiлася, тэлефоны гарадзкой сеткi ў тую ноч былi адключаны. Мы з Клейнам выправiлiся да Карпюка.
Яшчэ на падыходзе да Дому Ажэшкi, дзе звычайна працаваў Карпюк, пачулi, як на ўсю вулiцу гучэла перадача Б-Бi-Сi, распавядала, што савецкiя войскi акупуюць Прагу. На вулiцы было нямала прахожых, некаторыя спынялiся, слухалi, а бальшыня хуценька кудысьцi бегла. Мы тузанулi дзьверы Карпюковага офiсу, тыя былi не замкнёныя, а ў пакоi на канапе ляжаў Карпюк. Ён быў у поўнай вайсковай форме, побач на стале ляжала яго партупея i кiрзовая палявая сумка. Карпюк хутка ўскочыў, працёр вочы. Мы выключылi транзыстар. «Во, халера, праспаў», — мовiў змабiлiзаваны ваяка. Аказалася, што ён усю ноч прабыў у Фолюшы на фармоўцы, ранiцай прыехаў сюды i заснуў. Цяпер хутка адпраўка на вызвольны паход у Чэхаславаччыну. «I ты пойдзеш?» — папытаўся Клейн. — «Абавязкова. Ужо я там напiшу», — быў яго выразны адказ. Карпюк хутка паехаў на зборны пункт, i што зь iм было далей, стала вядома празь некалькi дзён.
Вялiзную мэхкалёну з мабiлiзаванымi выцягнулi на шашы ў напрамку польскай мяжы. Прыехала начальства з акругi, пачалi правяраць. Хадзiлi адны, другiя, трэцiя. Карпюк цярплiва сядзеў у кузаве МАЗа. I раптам паявiўся начальнiк палiтаддзелу акругi генэрал Дэбалюк. «А гэты нашто?» — кiўнуў ён на Карпюка. Нейкi палкоўнiк пачаў штосьцi тлумачыць, але генэрал не даслухаў: «Зьняць! Ён не паедзе». Давялося Аляксею злазiць з высокага кузава, на спадарожных машынах дабiрацца да Гораднi. Калёна пайшла да Чэхаславаччыны без Карпюка.
Карпюк, безумоўна, быў чалавек сумленны i, магчыма, нават хацеў быць сумленным камунiстам. Але ня ведаў, як iм можна быць. I наогул, што гэта такое — сумленны савецкi чалавек? Што пэўна, ён не любiў хлусьнi i не цярпеў непарадку — хоць у лiтаратуры, хоць у войску таксама. Таму, здаўшы ў Фолюшы сваю амунiцыю, пайшоў уздоўж калючага дроту агароджы паглядзець, цi не засталося што забытае ягонымi папярэднiкамi. I — во дзiва! Убачыў у траве тры пакiнутыя карабiны. Адчуваючы з вайны каштоўнасьць зброi, ён узвалiў карабiны на плечы i панёс да капцёркi. Але тая аказалася ўжо зачыненай — усе пайшлi на фронт. Каб ня кiдаць карабiны ў лесе, давялося iх везьцi ў горад, у штаб армii. Там, аднак, карабiны ўзяць адмовiлiся — ня нашай часьцi. А ўжо настала ноч, i ён змушаны быў несьцi карабiны дамоў. Адтуль патэлефанаваў мне: во халера, што мне рабiць? Кажу: там за тваiм домам цячэ Ванючка, бухнi туды твае карабiны, i справе капец. Ён мяне аблаяў: ты быццам у войску не служыў, ня ведаеш, што такое аружжа. Я, кажу, ведаю. Гэтым аружжам загаўняны ўвесь сьвет. Тваiх трох там не хапае… Не паразумелiся тады мы з Карпюком, ледзь не пасварылiся. Назаўтра ён пачаў хадзiць з тымi карабiнамi зноў, аж покуль у яго не запатрабавалi пiсьмовага тлумачэньня: дзе i зь якой мэтай узяў i г. д. Ледзьве ён выбавiўся з таго канфлiкту, якi сам сабе i стварыў.