Прыгнечаны, з сапсутым настроем Аляксей вярнуўся дадому, дзе яго чакаў лiст ад дзядзькi. Той пiсаў хiмiчным алоўкам на школьнай старонцы: «Дарагi пляменьнiк, цi ты там з глузду зьехаў у сваёй Гораднi, — якi я табе маршал i дзе я табе вазьму гэны мэдаль? Я i ў войску нi дня не служыў…».
Зь дзядзькам, канешне, адносiны ўлагодзiлiся, а прадстаў леньне на афiцэрскае званьне ў Карпюка ляснула. Карпюк быў у недаўменьнi: падумаеш, напiсаў! Я ж маршала не аблаяў. Дык праз тое да пяцiдзесяцi год хадзiць радавым? А гэтыя, што ў вайну нi разу па жывым немцу ня стрэлiлi, ужо маёры запасу. Вунь як той Гаўрушка, што самагон на хутары для камбрыга гнаў. Цяпер ён член бюро гаркаму, — абураўся Карпюк. Тады ён яшчэ не прадбачыў, што прыйдзе час, i гэты брыгадны самагоншчык дасца Карпюку ў знакi…
Я прыехаў зь Менску, куды езьдзiў па справах сваёй кнiжкi. Рэч у тым, што некалькi год выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» валынiла з выданьнем маiх дзьвюх аповесьцяў, нават не ўключала iх у плян. Калi я сказаў пра тое загадчыку адззелу Алесю Бажко, той нявiнным позiркам уставiўся на мяне: «А дзе рукапiс? Рукапiсу ж няма». Гады тры таму я асабiста прывёз рукапiс у выдавецтва i ў гэтым жа кабiнэце аддаў сакратарцы. Тая паставiла папку ў шафу, мэханiчна зiрнуўшы на якую, я ўбачыў за шклом свой рукапiс. Дык во ж, рукапiс! Бажко шчыра зьдзiвiўся: а мы так шукалi, шукалi… Рукапiс такiм чынам быў знойдзены, але кнiга ўсё роўна выйшла няхутка…
Дома, на Кашавога, яшчэ было ня позна, блiскаў тэлевiзар, i раптам — удар у вакно, шыбiна — у друз, на падлозе кавалак цаглiны. Я выбег на вулiцу — нiдзе нiкога. Назаўтра пасьля невясёлага роздуму пайшоў у мiлiцыю, напiсаў заяву. Пасьля змусiлi перапiсаць, сказалi, будуць расьсьледаваць. Нейкi час чакаў вынiку, пасьля перастаў чакаць. Пачаў чакаць iншых вынiкаў, якiя i пасьледавалi. На той час Карпюк дамогся ад абласнога начальства, каб пiсьменьнiкам паставiлi нарэшце тэлефоны, i тое было зроблена. Стала зручна куды пазванiць, ня трэба было бегчы на пошту цi да аўтаматаў, якiя нiколi не былi спраўныя. Але пачалося iншае лiха, прынамсi для мяне. Пачалi званiць — з Гораднi, Менску, Масквы цi чорт ведае адкуль, — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кiмсьцi арганiзаваны. Але вядома, кiм. У любы час дня i ночы трашчэў телефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложку i чуў першае пытаньне: «Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?». Або: «Многа вам заплацiла ЦРУ за паклёп на партыю i Чырвоную армiю?». Удзень нярэдка званiў Дубавiнкiн — ветлiва пра штось пытаўся, штось удакладняў i ненавязьлiва выхоўваў. Чытаў мараль. Тую ж мараль некалькi разоў чытаў палкоўнiк з палiтупраў леньня БВА, якi прадставiўся кандыдатам навук (праўда, не ўдакладнiў, якiх) i актыўным удзельнiкам ВАВ. Добра пастаўленым голасам ён з напорам даводзiў, што да тэмы вайны трэба падыходзiць вельмi ашчадна, каб не сказiць рэтраспэктыву. Сам ён мае надзвычай вялiкiя заслугi ў вайне, перажыў столькi, што, калi напiсаць, хапiла б на «Вайну i мiр». Але ён ня пiша, бо ня мае часу. Увесь яго час займае служба па выхаваньні савецкага салдата, патрыёта сваёй краiны. Я слухаў тую лухту i думаў, цi гэта сур’ёзна? Цi ня ёсьць гэтая размова самаапраўданьнем чалавека, якi дзесь саграшыў i цяпер папраўляецца? Як наш рэдакцыйны Яркiн. Ён любiў закласьцi, часам п’яны штосьцi мог натварыць, i з тае прычыны на чарговым партсходзе першы браў слова і палымяна выступаў з падтрымкай чарговай пастановы ЦК цi абкаму або гаркаму. Для яго не было важна каго — важна было, што з падтрымкай. Toe яму залiчвалася i ратавала да наступнага эксцэсу.
Маё жыцьцё ў Гораднi, да якой я прывязаўся, рабiлася, аднак, усё меней прывабным. Сьцяна адчужэньня мiж мной i рэдакцыйным калектывам расла ўсё болей. (Хаця, калi разважыць, магло быць i горш.) Пасада мая заставалася ранейшаю — лiтаратурны кансультант, але аплату для мяне зрабiлi зьдзельную, — пачалi плацiць толькi за адказы аўтарам. Набiралiся за месяц капейкi. Сяброў там у мяне не было, ня стала нават з кiм пагаварыць цi выпiць. Валянцiн Чэкiн, зь якiм я меў нейкае сяброўства, «завязаў», iншыя хоць i не завязвалi, але дужа асьцерагалiся таго. У газэце, частка тыражу якой выходзiла на беларускай мове, нельга было пачуць нi слова па-беларуску. Усе размаўлялi па-расейску. Апроч хiба аднаго лiтсупрацоўнiка Вячаслава Ката, якi ўпарта з усiмi, беларусамi i расейцамi, размаўляў толькi па-беларуску, што часьцяком выклiкала зьдзiўленьне. Але Вячаслаў цiкавiўся беларускай лiтаратурай, завочна вучыўся ў БДУ, дзе слухаў лекцыi прафэсара Навуменкi. Пасьля, вярнуўшыся дадому, заходзiў да мяне ў кабiнэт i загадкава, бы са спачуваньнем пазiраў на мяне. Я здагадваўся, у чым справа, але нi пра што не распытваў. Часам у рэдакцыю заходзiў былы камандзiр батарэi Iван Ушчапоўскi, зь якiм у нас усталявалася добрае ўзаемаразуменьне. Перажыўшы не адно ваеннае лiха i маючы добрую памяць, ён праўдзiва апiсаў малавясёлую старонку вайны — пагiбель некалькiх нашых армiй пад Вязьмай i Ржэвам, што афiцыйная гiсторыя вайны старанна замоўчвала.