На жаль, аўтару не хапала лiтаратурнай пiсьменнасьцi, i я, шкадуючы матэрыял, зрабiў лiтаратурны запiс, на што патрацiў зiму. Пасьля стараўся прыладзiць яго ў якое-небудзь выдавецтва, ды марна, — нi ў Маскве, нi ў Менску рукапiс не прынялi. Так тыя рэдкiя паводле крывавай праўды вайны старонкi i засталiся ненадрукаваныя, аб чым шчыра дагэтуль шкадую.
Мала хто з маiх знаёмых распавядаў пра сваю вайну шчыра, не становячыся на прапагандовыя хадулi. Запомнiў ся, аднак, фельчар Хандобкiн зь ягоным самаiранiчным расповедам, як яго з Цэнтральнага штабу партызанскага руху паслалi ў партызаны — высьпяткам выкiнулi з самал ёту, i ён ледзьве жывы ад страху прызямлiўся ў «логаве зьвера». Некалi штосьцi падобнае распавядаў паэт Анатоль Астрэйка, якi на пачатку вайны разам зь некаторымi iншымi беларускiмi паэтамi жыў у гатэлi «Масква», дзе яны выдавалi газэту «Раздавiм фашысцкую гадзiну». Астрэйка, аднак, там ня ўседзеў, бо быў беспартыйны, а там атабарылiся паэты-камунiсты, якiя i даседзелi да канца вайны. За сваю гераiчную працу па натхненьні беларускага народу на барацьбу з захопнiкамi яны былi ўзнагароджаны ардэнамi баявога Чырвонага сьцягу, Астрэйка ж, што перажыў не адну партызанскую блякаду, атрымаў мэдаль. Сапраўды, Бог няроўна дзелiць. Тым болей начальства — нават адносна жыцьця або сьмерцi.
На партыйных i гаспадарчых мерапрыемствах у вобласьцi з зайздроснай увагай i смакам абмяркоўвалiся «iдэалягiчныя дывэрсii» гродзенскiх лiтаратараў. Нават патрабавалi адказу ў сакратара абкаму па iдэалёгii А. Ульяновiча, якi ня ведаў, як апраўдацца, але абяцаў «спусьцiць штаны» з Карпюка i Быкава. Адна надта кiраўнiчая дама, мусiць, хацела апраўдаць Быкава гэткiм аргумэнтам: чаго ж вы хочаце ад чалавека, якi нават ня скончыў ВПШ, бо ня член партыi? Да таго ж п’е. На тое ёй пярэчылi: але ж Карпюк скончыў iнстытут, нават Вышэйшыя лiткурсы i ня п’е. Дык куды ж глядзiць абкам КПБ?
Што да выпiваньня, дык тая дама мела некаторую рацыю — за мной быў такi грэх. Асаблiва падчас паездак на розныя пiсьменьнiцкiя мерапрыемствы. Аднойчы, памятаю, на пленуме ў Маскве праседзелi з адным маiм сябрам увесь дзень у буфэце, дзе, вядома ж, пiлi. Але ня толькi пiлi, а i вельмi актыўна дыскутавалi з двума ўкраiнскiмi артадоксамi з поваду перасьледу Вiктара Някрасава.
Спрэчка перайшла ў злосную сварку, i мы сварылiся (i пiлi) аж да сканчэньня мерапрыемства. Так i не зайшоўшы ў залю.
Тое ж няраз здаралася ў Менску, i Карпюк нават езьдзiў да маiх сяброў сварыцца, што яны спойваюць Быкава. Зь мяне памалу ствараўся вобраз пуставатага абiбока i п’янтоса. Я не бурыў той вобраз, я яго падтрымлiваў у якасьцi пэўнай абароны ад таго, што магло спасьцiгнуць адказнага, разважлiвага i цьвярозага. I спасьцiгла не аднаго. Мяне ж абышло неяк.
У цэнтральных газэтах паявiўся артыкул (цi прамова) начальнiка ГЛАВПУРА Савецкай армii генэрала армii Епiшава, у якiм ён сярод iншых расейскiх аўтараў (Еўтушэнка, Вазнясенскi, Аксёнаў) бэсьцiў i Быкава. На чарговым партыйным мерапрыемстве ў Доме афiцэраў, куды запрасiлi Карпюка, той сказаў са злосьцю: «Калi Епiшаў — генэрал, дык хай камандуе войскам, а ня лезе ў лiтаратуру». Тая ягоная рэплiка выклiкала панiку сярод партыйнага кiраўнiцтва Гораднi. Як Аляксей у чарговы раз пайшоў у абкам, яго туды не пусьцiлi. Насьпявала штось не зусiм звычайнае.
У гэткай атмасфэры надышоў 100-гадовы юбiлей Ленiна, да якога рыхтавалiся, бы да аканчальнай перамогi камунiзму. Па гарадах i вёсках iшлi сходы, пленумы, ленiнскiя сiмпозiумы. У Саюзе пiсьменьнiкаў з гэтай нагоды наладзiлi ўрачысты пленум, прыехалi i мы з Карпюком. Я пасядзеў крыху i пайшоў — беспартыйныя сябры запрашалi на пачостку. Карпюк запiсаўся ў выступоўцы. Толькi што перад тым па краiне прайшоў ленiнскi суботнiк, рэпартажы зь якога друкавалiся ва ўсiх газэтах, i Карпюк зрабiў тое тэмай свайго выступленьня. У канцы ён сказаў: «Мы ведаем, як у суботнiку ўдзельнiчаў Уладзiмiр Iльлiч, з кiм ён насiў бярвеньне. Але з кiм насiў бярвеньне Леанiд Iльлiч, таго нам „Правда“ не паведамiла. Цi, можа, Брэжнеў ня ўдзельнiчаў у ленiнскiм суботнiку, — хай нам адкажуць». Марцалеў, якi сядзеў у прэзыдыуме, аж скалануўся ад тых слоў i ў канцы пленуму сказаў, нiбы мiж iншым: «Што да выступленьня Карпюка, дык гэты чалавек пачынае хадзiць па галовах».