Выбрать главу

Пасля доўгіх, пакутлівых, саромных і нявінных, посных і скаромных разважанняў Ала Уладзіславаўна пераканала сябе: трэба нарадзіць. За сувязь з такім, як Толя, сапраўды можна пагарэць. А калі нарадзіць так, каб ніхто не ведаў — ад каго, то... ніхто з калег, з начальства яе не асудзіць, ніхто персанальнай справы не створыць. Дзякуй богу, у гэтым плане грамадства далёка адышло ад дзікай дамастроеўшчыны. Цяпер нават у глухой вёсцы не асуджаюць маці-адзіночку. Большасць ухваляюць — тых, хто нараджае без разбэшчанасці, ад жадання мець дзіця.

Праўда, палохала думка, што на некаторы час, на паўгода мінімум, прыйдзецца перапыніць работу. А за гэты час там, уверсе, могуць падумаць: жанчына з малым дзіцем — не той «першы» ў напружаны час перабудовы; у прафсаюз яе куды-небудзь ці на завод — інжынер па адукацыі. Гэтага баялася і пасля халодных цвярозых разваг адступала ад свайго намеру.

«Не губляй галавы, Алька, а то пакоцішся ўніз».

Але цвярозасці хапала хіба на дзень, калі празаічныя справы засланялі фантастычныя ўяўленні. А ўначы ўсё пачыналася спачатку.

Не, нарадзіць! Вырашана і запісана — так любіла гаварыць на пасяджэннях, завяршаючы абмеркаванне чарговага пытання. Перабірала мужчын — ад каго? Ішла ў адзін бок — у мінулае, у маладосць, у другі — у сучаснасць. Колькі іх, мужчын, самых розных! І бадай ніхто не пагрэбуе ёю — ведае яна гэтах кабялёў, толькі міргні, дай зачэпку. Але ў тым і загвоздка, што не ўмее яна міргаць, не навучылася, ды і крэсла перашкаджае. І ўсе тайныя будучыя бацькі адсыпаліся па самых розных прычынах: з адным ёй брыдка легчы ў ложак, другі — балбатун... Перад вачамі стаяў адзін. Куды б ні плылі думкі, круг іх замыкаўся на ім. Толькі яму магла б сказаць... у пэўных умовах:

«Вася, я хачу дзіця... ад цябе».

Але менавіта — у пэўных умовах. А якія яны, гэтыя ўмовы? Як іх стварыць? Першыя бяссонныя гадзіны яна гнала яго прэч:

«Згінь з маіх вачэй. Нахабнік! Брыдкі тып! Памяло!»

А пад світанне прасіла:

«Здагадайся сам — прыйдзі. Не прымушай мяне прыніжацца. Я ж — жанчына. А нават у раманах... у старых раманах гераіні ніколі не прасілі дзіця».

...Ліхач развітаўся з жанчынамі і ішоў да гаркома. Убачыў Наліцкую праз адчыненае акно, прыветліва памахаў рукой. Натуральна, што яна не адказала — трэба весці пасяджэнне. А то проста вылецела б з залы — так апанавалі думкі. Не любіла такой рассеянасці, калі думкі пра адно, а слухаць і гаварыць трэба зусім іншае. Дзіўна, што і такое не ардынарнае, не дзяжурнае пытанне, як персанальная справа маладога выпівакі, адышло за празрыстую, але глухую сцяну: глядзела на людзей і не чула іх — жыла патаемнымі начнымі перажываннямі. Гэта ўжо проста заскок нейкі. Зноў успыхнуў гнеў на Ліхача: во прычапіўся, назола!

Выступаў Воблікаў і сказаў нешта такое, што ўсе засмяяліся. Нават у вінаватага Булаўскага посная фізіяномія павесялела. Што сказаў старшыня, які ўмее падладзіцца да маладых? Хітруган. Хоць зараз усе падладжваюцца да маладых. Паўзе, як ляднік, змена пакаленняў. Старэйшыя баяцца, што адламаецца глыба і абрушыцца на іх. Хаваюцца за спіны маладых.

Ала Уладзіславаўна заглянула ў парадак дня. Работы яшчэ на добрую гадзіну. Ліхачу прыйдзецца чакаць яе. І хоць кальнула паганенькая рэўнасць ад думкі, што будзе фліртаваць з Янінай, сакратаркай, какетлівай рагатунняй, ёй раптам зрабілася суцешна і бадай весела. Яна стала добрая.

— Дык што ты прапануеш, Міхаіл Паўлавіч? Я не чула.

— Вымову.

— З занясеннем?

— Без занясення,— сказала Марыя Казіміраўна Тапыга, сакратар па ідэалогіі: ратавала свайго падначаленага, а можа, і больш, чым падначаленага.

Ала Уладзіславаўна на пачатку сваёй работы тут пасябравала з Марыяй; дзве жанчыны будуць цягнуць адзін воз, і лёс у іх аднолькавы — незамужнія, праўда, Тапыга разведзеная. А пасля начных перажыванняў амаль узненавідзела сваю каляжанку, што тая не жыве манахіняй і ніхто на яе не паказвае пальцам. І з гэтым прыгажуном Булаўскім у яе, напэўна, не толькі службовыя адносіны, таму стараецца ўратаваць яго, тры дні ўпрошвала не караць жорстка. І ў яе зноў успыхнуў ранейшы гнеў на супрацоўніка, які ў разгар антыалкагольнай барацьбы заснуў перад гаркомам. За адну такую дурноту трэба гнаць не толькі з работы! Але прымусіла сябе накінуць наморднік на сабаку гневу.

—  Добранькія мы.

— Ала Уладзіславаўна! Нават Біблія вучыла: авечку, якая заблукалася...

— Табе, Піліп Іванавіч, папом трэба быць. Бразоўскі! Вакантнага прыходу няма? А то парэкамендуем мітрапаліту.