Так яны і стаялі адно перад адным. Здавалася, гаспадыня кабінета слухае госця са шчырай увагай. Гэта яго натхняла. Захоплены сваімі дарожнымі прыгодамі, дырэктар не думаў пра штось пабочнае і не так пільна ўглядаўся ў былую аднакурсніцу, каб адчуць, зразумець усю складанасць і супярэчлівасць яе пачуццяў. Упачатку толькі падумаў, убачыўшы чырвань на яе шчоках: «Прыгожая ўсё- такі баба». Аднак не пашкадаваў, што яго студэнцкія заляцанні засталіся марнымі. А яна ўзіралася ў яго твар і слухала ўдары ўласнага сэрца, таемна жадаючы, каб яно, сэрца, неяк выдала яе пачуцці — каб ён зразумеў, настроіўся на яе просьбу. А магло выдаць, бо білася арытмічна — то прыглушана, то моцна да звону, так, што ажно пульсавала ў горле. Ала адчувала, чула гэтыя ўдары і чула, што шчокі гараць, а рукі халодныя. Упачатку падумала, што добрую долю сваіх прыгод Васіль сачыніў — помніла з інстытута, які сачыніцель. Але потым амаль не слухала, што ён расказвае. Глядзела праз акуляры ў яго вочы, бачыла, што яны пачырванелыя — відаць, сапраўды не спаў,— і думала адно:
«Зараз я скажу... зараз скажу... Вася, я хачу дзіця. Ад цябе».
Пры ўсім хваляванні ўявіла, як ён здзівіцца. І няхай здзівіцца, няхай мацней здзівіцца, з ашаломленым лягчэй размаўляць. Гэта будзе як запозненая помста за яго «Пагуляем у кошкі-мышкі?». Пагуляем, Вася, пагуляем. Але ты гэта хацеў зрабіць, патушыўшы святло, а я — пры ззянні летняга дня, адкрыта, шчыра, галосна для дваіх. Хто ж цяпер будзе кошка, а хто мышка?
Не стрымалася — усміхнулася думкам сваім.
— Смяешся? Не верыш?
— Амаль веру.
— Здзекуешся? Ты мне ніколі не верыла. А я, між іншым, сур'ёзны чалавек.
— Між іншым.
Васіль рагатнуў.
— З табой небяспечна гаварыць. Але скажу табе па-сяброўску: скептыцызм, які ты выпрацавала ў сабе, якасць не лепшая... для тваёй пасады і... для нашага часу.
«Вася, я хачу дзіця — ад цябе».
І тут яе ўдарыла да аглушэння, да звону ў вушах. Яна ажно адхіснулася. А калі ён зарагоча ёй у твар? Ён можа. Пераможна зарагоча, здзекліва. Сыты ж, як кот, правёўшы ноч са сваёй «пампушкай» пасля паўмесячнай адлучкі. Возьме і скажа, ды яшчэ на поўны голос: «Не, Ала, позна. У мяне — жонка, дзеці».
Як яна ўнізіцца, зганьбіцца!
У кабінеце і ў сцен ёсць вушы. Спалохана азірнулася на стол, на тэлефоны, быццам яны здольныя пачуць не толькі словы, але і думкі. І пайшла за стол, бо толькі там, у крэсле за сталом, адчувала сябе ўпэўнена і... спакойна — як за каменнай сцяной. Сказала амаль афіцыйна:
— І ўсё ж ездзіць два тыдні ў такі гарачы час — гэта, прабач, легкадумнасць.
— Але ж я зрабіў за два тыдні тое, чаго, седзячы ў кабінеце, не зрабіў бы і за два гады.
— Добра. Лінію ты атрымаў. Але ж яе трэба ўстанавіць.
— Установім!
— І выканаеце план? — іранічна спытала Ала Уладзіславаўна.
— Ух, план! — Ліхач зморшчыўся, як ад зубнога болю, і пашкроб патыліцу; сеў у крэсла для наведвальніка.— Карэкціроўку не прабіць. Такія бюракраты! Я дакладваў табе па тэлефоне. Скажаш пра план — як у панцыр лезуць. Во дзе трэба ламаць...
— Што ламаць?
— Псіхалогію чыноўнікаў. Дайце мне вырашаць, гаспадару!
— Ты такі ж служачы, як і яны. У грамадстве. Вырашай, для гэтага табе дадзены ўсе правы. Але план — закон, дзяржаўны. Ніякім галасаваннем, ні адкрытым, ні тайным, яго нельга змяніць. «На што ты намякаеш? Табе не падабаецца, што мяне выбраў калектыў? Паламалі твой план аб выбранні Шатохіна?» — ужо ўзлавана падумаў Ліхач. І яшчэ падумаў: варта было б сказаць гэтай самавітай жанчыне ў высокім крэсле, што калі яна выклікала яго дзеля таго, каб зрабіць такую банальную праборку, то дарэмна траціць час, ён залішне таўстаскуры для такіх дамскіх ушчуванняў. Але разумеў, што гэта сапсуе іх адносіны. А навошта яму псаваць адносіны з першым сакратаром гаркома? Студэнцкае сяброўства можна добра выкарыстаць для справы. І нават сваё даўняе заляцанне. Можа, аднавіць яго? Платанічнае. Не засохла ж яна зусім. Наадварот, набыла больш жаноцкасці, формы акругліліся. Памаўзліва заглянуў у прарэз плацця.
«Такая гульня магла б уратаваць ад лішніх сінякоў за план».