Выбрать главу

Але засмяяўся са сваіх юрлівых думак. Студэнцкія забаўкі — не для сталага чалавека.

— Ад чаго табе смешна?

— Ад плана. Выканаем мы яго... з дапамогай гаркома.

Наліцкая адказала сур'ёзна:

— Але, бачу, гаркому прыйдзецца сур'ёзна памагаць табе, каб выцягнуць план пры тваіх навацыях.

— А як жа інакш перабудоўвацца?

— Не думай, што адзін ты перабудоўваешся.

— Далібог, не думаю так, Ала Уладзіславаўна!

5...

За два гады работы на «заводзе гір», як Ліхач жартаўліва называў той завод, дзе працаваў раней, у яго не ўзнікала ніякіх праблем. Поўнае ўзаемаразуменне з калектывам, з парткомам, з заўкомам. Яго любілі, і Васіль Васільевіч ганарыўся гэтым. Ніводнай ананімкі ні ў якую інстанцыю! Камунікабельнасць яго, вясёлая дэмакратычнасць даходзіла да рабочых суседняга завода, таму, напэўна, і выбралі яго, можна лічыць, трыумфальна.

Здаецца, і тут знешне ўсё добра. Рабочыя, інжынеры паважаюць новага дырэктара, і Ліхач даражыў іх даверам. Яны ішлі за ім, як за добрым камандзірам, упэўненыя, што бой гэты, штурм вышыні — не дарэмная трата сіл, што гэта звенні, з якіх скуецца ланцуг пераўтварэнняў, перабудовы.

Але вельмі хутка, не паспеўшы, як кажуць, разгарнуцца, выявіць свае якасці, станоўчыя і адмоўныя, Васіль адчуў, што існуе сіла, нейкая таемная глыбінная плынь, якая скіравана супраць яго. Хто гэта? Чаму? З якой прычыны? Не мог сцяміць і недаўменна здзіўляўся. Разумеў: гэта небяспечна, калі не бачыш праціўніка...

Яшчэ да ананімак за яго камандзіроўку паступіла ажно ў абком ананімнае пісьмо за самачынную арганізацыю суботніка па навядзенні парадку, без аплаты гэтага паўдня вясёлай працы, калі сам дырэктар сцягваў цяжкі металалом, які зарос пад плотам травою. Яго радавала, як людзі рабілі. І раптам — абухом. Праўда, міма. Ён таксама не прастачок — дамогся сумеснага рашэння парткома і заўкома, згоды выбраных органаў не на словах, а на паперы.

Справаздачу па камандзіроўцы правяралі тры камісіі. Жах. І смех. Выедзенага яйка не варта. Прычапіцца не было за што. Але прычапіліся. Ашаламіла, што сур'ёзныя рэвізоры з сур'ёзнай фінансавай установы могуць сур'ёзна падазраваць у махінацыях з камандзіроўкай дырэктара завода. Што робіцца!

Меў ён глупства паставіць на камандзіровачным пасведчанні пячатку паштовай скрынкі, а білетаў туды не было: ляталі на ваенным самалёце.

Распаўнелая ад сядзячай працы жанчына ўчыніла допыт:

«Што гэта такое — ПЯ нумар...»

Нельга было тлумачыць чалавеку, далёкаму ад спецыфікі завода, што гэта такое, і Ліхач паспрабаваў жартаваць:

«Скрыначка. Вось такенькая. Але жалезная».

«Дзе яна?»

«Вісіць на дубе ля сіняга мора».

Жарт быццам падхапіла, але па-свойму:

«І вы ездзілі туды?»

«Лятаў».

«За чый кошт?»

«За свой».

«Па якой патрэбе?»

«Салаўя паслухаць».

Дурная баба так і запісала ў акт рэвізіі, з чаго пасмяяўся не толькі ён сам, але і бухгалтары завода.

Другая камісія прычапілася да квітанцый аплаты за маскоўскую гасцініцу: дарагі нумар.

«Але ж я атрымаў не больш таго, што належыць».

Усумніўся на гэты раз рэвізор-мужчына, даволі інтэлігентны з выгляду:

«А тры чвэрці плацілі са сваёй кішэні?»

Гэта абурыла.

З трэцяй камісіяй Ліхач адмовіўся размаўляць. Узлавана пазваніў Наліцкай. Ала Уладзіславаўна таксама абурылася. Ён паабяцаў не жартам:

«Пішы мне загадзя суровую вымову. Калі хто-небудзь яшчэ з'явіцца з такой праверкай, нават з міністэрства майго, узвалю на аўтакар і вывезу ў той роў, куды мы высыпаем смецце».

«Не блазнуй, Васіль».

«Ты мяне дрэнна ведаеш».

«Я цябе вельмі добра ведаю».

Так, яна яго ведала, бо думала пра яго і ўдзень і ўначы. Ён жа ўспамінаў яе толькі на рабоце, калі трэба была дапамога гаркома.

Званок дырэктара завода навёў першага сакратара на думку: прыняць пастанову, якая забараняла б камісіям любых інстанцый рабіць праверкі заводаў, устаноў без згоды гаркома.

У даверлівай размове з галоўным інжынерам Ліхач паскардзіўся на дзіўную атмасферу, якой ніколі не адчуваў на тым заводзе, што праз вуліцу.

Галубятнік не здзівіўся, яго ніколі нішто не здзіўляла.

«А ты думаў — ён пакіне цябе ў спакоі?»

«Хто?»

«Каго не выбралі».

«Цябе не выбралі, Міхаіл Юзафавіч».

«Я запасным іграком ішоў — для дэмакратыі».

«Шатохін?!»

«У яго на заводзе поўна сваякоў. Ён жа некалі рабіў тут галоўным энергетыкам. А чаму, думаеш, ірваўся сюды? Свае людзі вакол».