Выбрать главу

Вунь як! Вось табе і далікатны Мікалай Свірыдавіч! А ён, Ліхач, выходзіць, наіўны ідэаліст. Цікава, хто ж яны, сваякі цяперашняга намесніка старшыні гарвыканкома? Распытваць у Галубятніка палічыў няёмкім; увогуле адносіны яго да галоўнага інжынера — як у сына да бацькі: сын можа перарасці па адукацыі, па пасадзе, але бацька застаецца бацькам.

На падазронасць Ліхач ніколі не хварэў, і ценю яе не было, верыў людзям. Гэта нярэдка падводзіла. Падвяло і тут. Размову аб сваяках Шатохіна пачаў са сваёй сакратаркай, Рэгінай Адамаўнай. Жанчына падабалася яму акуратнасцю, камунікабельнасцю і дасведчанасцю ў заводскіх справах: у першыя тыдні яго работы яна амаль гэтак жа «адукоўвала» яго, як Галубятнік. І ён даверыўся ёй. Расказваў усё, нават тое, чаго, магчыма, і не варта было ёй ведаць. Расказваў пра свае сямейныя справы, больш пра дзяцей — Машу і Сашу. І не падумаў, што яна таксама сваячка Шатохіна, няхай і далёкая,— сястра яго свацці. Проста да слоў Галубятніка ён не думаў пра Шатохіна.

Балаціраваўся чалавек — не прайшоў. То і што? Застаўся на сваёй, не ніжэйшай, чым дырэктар, пасадзе. Прыдзірак якіх-небудзь з яго боку не было. Ды і за што? За ваду? За каналізацыю? Дык у гэтым плане ў завода больш прэтэнзій да гарадскога Савета. Праўда, ачыстныя збудаванні дапатопныя, але на заводзе ўсё дапатопнае. Ды і не зліваюць яны адпрацаванае масла ў раку — няма яе. А хіміі тут — толькі цэх афарбоўкі ды лабараторыя.

Дзіўна, чаму Галубятнік не папярэдзіў наконт Рэгіны? Няўжо і сам не знаў? Але пра гэта Ліхач не паспеў даведацца.

Рэгіна паведаміла, што сваякоў у Шатохіна зусім не поўна, перабольшыў галоўны інжынер,— усяго адзін: намеснік начальніка планава-эканамічнага аддзела Самалёў — сват яго.

Можа, пераканаўшыся, што дырэктар асабліва не ўнікае ў гэтыя справы — спытаў так, дзеля цікавасці,— Рэгіна скрыла сваё сваяцтва, а галоўнае, змоўчала наконт Зоі Іванаўны Булат, старшыні заўкома, якая таксама звязана з Мікалаем Свірыдавічам тым далёкім сваяцтвам, якое не перашкодзіла б ёй займаць прафсаюзную пасаду і тады, калі б дырэктарам выбралі Шатохіна. Таму Рэгіна і не сказала. Не прыдала значэння? Падумаеш, сваяцтва: дзесятая вада на кісялі!

Ліхач і на інжынерава паведамленне «поўна сваякоў» адрэагаваў спакойна. А сакратарка зусім заспакоіла яго. Глупства ўсё! У некаторай калгаснай брыгадзе паўвёскі сваякоў. І што? А тут адзін чалавек... ну, няхай два-тры з дзвюх тысяч... Абы працавалі сумленна. А Самалёў якраз талковы эканаміст, што цяпер вельмі важна. Ананімкі? Іх маглі напісаць зусім іншыя людзі. Развялося пісараў. Выкідаць іх трэба ў кош, гэтыя ананімкі, што ён і параіў Але Наліцкай.

Пра галоўнага, можа, упершыню падумаў трохі нядобразычліва: «Навошта старому спатрэбілася палохаць мяне?»

Драбнюсенькі эпізод, у той жа дзень забыты. Нават Дашы не расказаў пра высвятленне сваяцтва сваіх падначаленых, хоць амаль пра ўсё іншае, вартае ўвагі, расказваў, акрамя, безумоўна, таго, што звязана з ваеннымі заказамі.

Лавінай навальваліся праблемы завода і вытворчасці. Прыйшла лінія. Аб'явілі аўрал па ўстаноўцы яе. Рэканструкцыю цэлага завода, асноўнага, трэба зрабіць так, каб гэта не вельмі адбілася на выкананні плана. За што, за што, а за правал плана дадуць па лысіне — і партыйныя органы, і міністэрства. Тым больш што ваенныя з незвычайнай аператыўнасцю змянілі сваіх «панелявозаў» і паспяшалі з асваеннем навінкі.

Спецыяльных мантажнікаў на ўстаноўку лініі атрымаць вось так, з наскоку, без уключэння ў план, немагчыма. Усё належала зрабіць сваімі сіламі. А дзе іх узяць, сілы? Рабочых і без таго не хапае. Мясцовыя бацькам сена косяць.

Галубятнік параіў адмяніць адпачынкі — усім, нават за- водаўпраўленню. Праблемка. У жніўні! Паспрабуй адмяніць — звальняцца пачнуць. Адказнасць дырэктара, як у камандуючага арміі перад рашучай аперацыяй. Усё ўлічыць: і матэрыяльныя рэсурсы, і маральны дух людзей.

Вось тут у яго і адбыўся першы канфлікт з Зояй Іванаўнай. Яна рашуча выступіла супраць адмены адпачынкаў: парушэнне працоўнага заканадаўства. Правяла рашэнне на заўкоме амаль аднагалосна, адзін галоўны інжынер, член заўкома, да хрыпаты змагаўся за сваю ідэю. Ліхач у гарачай спрэчцы непаважліва адазваўся аб прафсаюзах: дзе трэба памагчы, заўкома няма, а пашкодзіць вытворчасці пад дымавой заслонай клопату пра рабочых такія дзеячы, як Булат, могуць. І нешта заўважыў — сам не помніў што — аб жаночых здольнасцях ці аб тым, што эмансіпацыя нясе не адно дабро.

Булат паскардзілася ў гарком.

Наліцкая паклікала яго.

— Што гэта ты не ладзіш з прафсаюзамі? Недаацэнкай іх ролі ставіш сябе перад рабочымі ў цяжкае становішча.