Астылы за два дні дырэктар спакойна растлумачыў сутнасць канфлікту.
Ала Уладзіславаўна згадзілася з ім: перабудова, мадэрнізацыя завода патрабуе рэвалюцыйных дзеянняў і адступленняў ад некаторых заплеснелых інструкцый.
Ліхачу варта было парадавацца падтрымцы першага сакратара гаркома. Але штось яму не падабалася ў яе згодзе, магчыма, адсутнасць пафасу, з якім Ала заўсёды гаварыла пра справы, яшчэ ў інстытуце, нават пра тыя праблемы, з якіх такія скептыкі, як ён, пасміхаліся. А тут пра клопат, што быў сэнсам яго жыцця, Ала гаварыла, здалося яму, без належнай увагі, бадай, абыякава,— так згаджаецца з усім кіраўнік, які ведае, што заўтра ён за гэты ўчастак ужо не будзе адказваць.
Як было здагадацца, што засяроджанай размове з ім Але Уладзіславаўне перашкаджала неадчэпная думка пра яго, як пра адзіна магчымага бацьку свайго будучага дзіцяці. Уласна, не сама думка, а неспакой ад таго, што знікла рашучасць сказаць: «Вася, я хачу дзіця — ад цябе». Пераканала сябе, што гарком не месца для такой размовы, ці што?
— Ала Уладзіславаўна,— тут, у кабінеце, і ён станавіўся па-сталаму афіцыйны.— Растлумач ты гэтай упартай жанчыне, што яна дрэнна ведае мяне. Адна ты ведаеш. Я склікаю агульны сход калектыву на заводскім двары і пастаўлю пытанне аб даверы ёй як старшыні. Можа, і не правалю, але ціск, на які яна скардзіцца, наганю. Невясёлую гадзінку перажыве прафсаюзны лідэр.
— Дагаварыцеся самі. Я вам не нянька.
— Ды не ўмею я дагаворвацца з бабамі.
— Раней ты добра ўмеў.
Васіль прыняў яе словы як жарт і характэрна, знаёма са студэнцтва, каротка рагатнуў.
— Раней умеў. Цяпер развучыўся. Даша развучыла.
«Гэта праўда — развучыла»,— падумала Ала Уладзіславаўна, і ўпершыню яе кальнула пачуццё, якога яна яшчэ не ведала,— рэўнасць да яго жонкі, якую іранічна называла «міласэрнай сястрой» і «прэснай пампушкай».
Сход ён склікаў. Праўда, не агульназаводскі мітынг, як пагражаў, а сход прадстаўнікоў прафсаюзных груп. Сход праходзіў цяжка. Але ўвогуле яго парадавала актыўнасць людзей — не маўчалі і не баяліся сказаць шчыра. Асабліва парадавала, што за адмену адпачынкаў дзеля хуткай устаноўкі лініі выступілі рабочыя асноўных цэхаў. Глуха маўчалі — ні вашым ні нашым — інжынерныя службы, людзі з заводаўпраўлення. Горача выступалі за рашэнне свайго заўкома — Зоіна рашэнне — усе падсобкі. Сапраўднай прычыны не называлі, і ён, дырэктар, не раскрываў яе, хоць добра ведаў: лабаранты, кладаўшчыкі, кантралёры, вахцёры баяліся, што прыйдзецца ім «адпачываць» у падшэфных калгасах, а іх два.
Давялося пайсці на кампраміс: адпачынкі перанесці толькі тым, хто непасрэдна заняты на дэмантажы старых станкоў і ўстаноўцы новай лініі. І, аднак, усё роўна з'явілася камісія рэспубліканскага прафсаюзнага камітэта. Прыйшлося апраўдвацца, а гэта прыніжала — не для сваёй жа выгады зрабіў. Злаваў на Зою. Магла б хоць папярэдзіць.
Спрабаваў дамовіцца з Баброўкам, які «вёў» сяло, каб менш пасылаць людзей у калгасы. Куды там! Цяжкае жніво — ішлі дажджы, палажылі багаты ўраджай.
Ліхач гэта разумеў, але выйсця не было: вырашыў, што за ўборку ў калгасах удараць мякчэй, чым за катастрафічны зрыў заводскага плана. Але, як толькі абмежаваў колькасць людзей, пасланых у калгасы,— тут жа выклікалі на бюро. Здзівіўся ўзлаванасці, з якой выступаў добры і, здавалася, разумны Піліп Баброўка і Антон Сіротка, старшыня райвыканкома, які ўсяго паўгода займаў гэтую пасаду, вырас з агранома саўгаса. Ды і галоўны ідэолаг «раздзімала мяхі» кавальскія, паддавала жару, як толькі вуголле астывала. Праўда, спачатку агонь скіравалі на сакратара парткома завода Паўла Шур'яка. А той не вельмі ўмеў адбівацца — пацеў і вінавата ўздыхаў. Тады Ліхач кінуўся абараняць яго.
— Таварышы члены бюро! І гэта вы называеце самастойнасцю, пра якую столькі шумім?
— Пра чыю вы самастойнасць?
— Пра нашу. Завода. Саўгаса, якім нядаўна кіраваў Сіротка. Хутка ты перабудаваўся, Антон.
— Эх, як узвіліся! — Чамусьці асабліва абуралася Марыля Тапыга.
— Не, вы чулі? Чулі? Ён зараз пачне чытаць палітграмату! Хлеб яму не трэба! Мяса не трэба! Няхай іншыя дбаюць.
— Па-мойму, курс партыі на тое, каб кожны адказваў за свой участак. Ды ўся логіка гаспадарання...
— Ну, вось, не казала я вам! Давайце прачытайце лекцыю нам, мы не ведаем курса гісторыі партыі.
— Мне трэба прычэпы. Заўтра вы паставіце мяне на гэты дыванчык за план завода.
— І паставім!
— Цяпер зразумела, хто разводзіць анархію. Не Шур'як, а Ліхач.
— На тое ён і Ліхач.
— Думаю, што вымова астудзіць яго, як добры душ.