Выбрать главу

Галубятнік не адступіў ад іх, і Ала Уладзіславаўна развіталася паспешліва і холадна.

Канфлікт з Зояй — чамусьці ўсе называлі старшыню заўкома Зояй, рэдка па прозвішчы — расшыраўся. Пакуль што расшыраўся — не паглыбляўся. Знешне здавалася, што гэтыя двое вясёлых людзей закаханы адно ў аднаго. Справы вырашаюць — як гуляюць, з жартамі, са смехам. Але пасля гісторыі з адпачынкамі ў Ліхача з'явілася здагадка, што сігнал аб яго камандзіроўцы пайшоў ад яе. А ён усё мог дараваць, толькі не ананімкі. А Зою падазрона насцярожыла яго высвятленне сваяцтва на заводзе. З якой мэтай?

І раптам адкрыты канфлікт.

Прыйшоў да дырэктара на прыём інжынер Шпілеўскі. Інжынер з непрыкметных, Ліхач нават яго не помніў добра, не давялося дагэтуль пагутарыць адзін на адзін, хоць з інжынерамі, як і з эканамістамі, ён добра пазнаёміўся ў першыя ж тыдні сваёй работы. На прыёме Шпілеўскі таксама зрабіў дзіўнае ўражанне. Бываюць людзі ціхмяныя, сарамлівыя, але гэты як бы зацюканы, спалоханы. Прасіў ён самае натуральнае, што просяць многія,— паляпшэння жыллёвых умоў. Але рабіў гэта так, быццам прасіў чагосьці недазволенага, такога, што магло яго зганьбіць. Адно толькі і растлумачыў як мае быць — што ў яго трое дзяцей, нават прасвятлеў і ажывіўся, калі пра дзяцей загаварыў.

Ліхача — пасля саромеўся — раздражняў гэты чалавек сваёй такой далёка не сучаснай прыніжанасцю. «Які ты да д'ябла інжынер, камандзір вытворчасці? Як ты размаўляеш з рабочымі?»

— Што вы маеце?

— Два пакойчыкі. У старым драўляным доме, без выгод.

— Людзі і гэтага не маюць.

— Так-то яно так,— нібыта згадзіўся інжынер і пачырванеў, здалося, гнеўна, ва ўсякім разе, Ліхач падумаў: «Не такі ты ўжо бяззубы» — і тузануў сябе: «Размаўляй з чалавекам не фармальна». І Шпілеўскі як бы пачуў змену ў настроі дырэктара.

— Гэта праўда: людзі і таго не маюць. Але ж дзеці. З імі нялёгка. Валодзьку тры годзікі...

— На чарзе вы даўно стаіце?

— Не. Усяго год.

— Цяжкі выпадак.

— Цяжкі,— згадзіўся Шпілеўскі.

— Добра. Я скажу Зоі, каб падумала, як памагчы вам.

Інжынер цяжка ўздыхнуў і — больш ні слова.

А дзён праз колькі прыйшла да Ліхача цэлая дэлегацыя — ажно чатыры работніцы, адна майстар у цэху афарбоўкі. Ад іх Васіль Васільевіч пачуў невясёлую гісторыю з жыцця Шпілеўскага. Паколькі пра гісторыю гэтую ведаў увесь завод, інжынер, відаць, быў упэўнены, што ведае і дырэктар, таму і змаўчаў пра сітуацыю, якая склалася ў яго сям'і. Жонка, буфетчыца, піла, гуляла, здраджвала мужу адкрыта, не тоячыся. Дзеля дзяцей ён доўга цярпеў, хоць пра яе паводзіны ведаў ледзьве не ўвесь горад. Але пасля аднаго дзікага выпадку, калі яна прывяла мужчыну на кватэру, пры дзецях, Шпілеўскі падаў на развод. Папрасіў суд дзяцей пакінуць яму, суд задаволіў яго просьбу, і жонка лёгка згадзілася з гэтым — развязала сабе рукі. Але вызваліцца вызвалілася, а кватэры не пакідала, больш таго — нахабна выжывала мужа з дзецьмі.

Жанчыны і выйсце падказалі: ёсць жа кватэра, тры месяцы стаіць пустая. Але, кватэра была. Яшчэ да яго засялілі невялікі дом — на шаснаццаць кватэр, збудаваны гаспадарчым спосабам. Адна кватэра, трохпакаёвая, заставалася ў рэзерве, яму растлумачылі, што пакінулі на той выпадак, калі новы дырэктар будзе прысланы з іншага горада. З-за гэтай кватэры яму абівалі парогі, таму і Шпілеўскі раздражняў больш за жанчын, што істэрычна плакалі ў кабінеце, і за шафёра-выпрабавальніка, які хрысціў начальства трохі не мацюкамі і пагражаў паехаць у Маскву да самога Генеральнага сакратара.

Ліхач патрабаваў ад парткома і заўкома, каб далі кандыдатуру — не па-гаспадарску гэта, што кватэра пустуе. Зоя дала спіс прэтэндэнтаў — пяць чалавек з ліку тых двухсот, што стаялі на чарзе. Маўляў, гэтыя маюць найбольшае права. У прыватнай размове Булат хітра і асцярожна даводзіла, што самая пэўная кандыдатура Трыфан Самалёў, планавік: мае чалавек старэнькі, збудаваны пасля вайны, уласны дамок, а ў доме тым жанаты сын, замужняя дачка, іх дзеці, старым засталася адна ўцепленая верандачка, на якой зімой немагчыма жыць.

Васіль Васільевіч бадай ужо згадзіўся. Але калі даведаўся, што Самалёў — сват Шатохіна, даў стоп. Вырашыў сам агледзець «старэнькі дамок», ды і да астатніх першачаргавікоў паслаць сваю камісію, аб'ектыўную, якой можна паверыць.

Сумненні не ўзнікалі наконт падказкі жанчын: кватэру трэба аддаць дзецям Шпілеўскага!

Правёў узрадаваных жанчын у прыёмную і там жа прадыктаваў Рэгіне распараджэнне.