Выбрать главу

А праз пяць мінут у кабінет уляцела расчырванелая, раз'юшаная Зоя Іванаўна.

— Вы аддаяце кватэру Шпілеўскаму?

— Дзецям яго, што засталіся без маці.

— Без рашэння заўкома?

— Не сумняваюся, што заўком падтрымае мяне. Там жа гуманныя людзі.

— Не іранізіруйце. Я касцьмі лягу...

— На дарозе ў дзяцей? Зоя Іванаўна!

—  Гарвыканком не выдасць ордэр Шпілеўскаму.

— Выдасць.

— Не выдасць!

—  Вы так упэўнены? Я ўсялю дзяцей без ордэра. І ўсяліў.

І пайшло-паехала. Зноў камісіі. Тлумачэнні...

6...

Лінію ўстанавілі па-ўдарнаму, хутчэй, чым планавалі дырэктар і галоўны інжынер. Ліхач радаваўся: сур'ёзная мадэрнізацыя праведзена і план, бадай, можна яшчэ выцягнуць — да канца квартала засталося тры тыдні. Але асабліва радавалі людзі, іх энтузіязм. З такімі людзьмі можна ўсё перабудаваць. Ніякі «клопат» Зоі Іванаўны не перашкодзіў ім працаваць па дванаццаць гадзін і ў выхадныя дні. Але пасля радасці наступіла расчараванне. Лінію не здолелі пусціць. Не маглі прачытаць электроннай схемы, хоць усе інструкцыі былі на рускай мове. Нічога не зрабілі запрошаныя з завода аўтаматычных ліній наладчыкі.

Ліхач паляцеў у Маскву, прывёз спецыялістаў вышэйшага класа. Але і яны распісаліся ў сваёй бездапаможнасці.

«Во праклятыя буржуі! Недабітыя фашысты!— абураліся рабочыя.— Знарок, мабыць, зашыфравалі так, каб нашы вучоныя да сэнсу не дайшлі».

Трэба запрашаць прадстаўнікоў фірмы. Але лёгка вырашыць, а як гэта зрабіць? Ліхач зноў паляцеў у Маскву. На гэты раз ледзьве прабіўся да намесніка міністра. Той адаслаў яго да людзей, якія ажыццяўлялі закупкі абсталявання за мяжой.

Бачыў Ліхач бюракратыю ў самых розных яе праявах — грубых, утончаных, далікатных, крыклівых. Але з такой, як у «імпартным» упраўленні, не сустракаўся. Гэтых людзей нічым нельга было прабіць — ні слязамі, ні смехам. Аўтаматы. Без эмоцый. Яны літаральна футболілі яго, што мяч, з аддзела ў аддзел, з паверха на паверх, з пакоя ў пакой. Яны лёгка заключалі мільённыя кантракты на абсталяванне, якое пасля гадамі, як гэтая лінія, ляжала на складах. А капеечную справу з наладкай станкоў ніхто не хацеў вырашаць — не прадугледжана інструкцыямі.

Лінія ўстанаўлівалася столькі часу, што гарантыі фірмы скончыліся, спецыялістаў за свой кошт яна не можа паслаць. Плаціце. А для гэтага трэба валюта. Хто адважыцца даць дазвол на такую не прадугледжаную лімітамі трату валюты?! Але праблема заключалася не толькі ў валюце — у самім факце запрашэння заходнегерманскіх інжынераў. Хто запрашае? І ці можна іх увогуле запрашаць у той беларускі горад, на той завод? Патрабаваліся ўзгадненні з шматлікімі органамі і ў рэспубліцы, і ў Маскве — у міністэрствах абароны, знешняга гандлю, фінансаў, у Камітэце дзяржбяспекі і г. д., і г. д. Ліхач быў ашаломлены. Як жа тут людзі перабудоўваюцца? Новыя інструкцыі — асабліва па валюце — не пашыралі, а абмяжоўвалі правы тых, хто павінен купляць падобныя лініі. Але самае крыўднае было, што, калі такое дарагое абсталяванне разладзіцца ці сапсуецца, яго, выходзіць, трэба выкідаць у металалом. І выкідалі, як ён даведаўся,— расказалі па сакрэту тыя, чые сімпатыі яму, чалавеку камунікабельнаму, удалося заваяваць. Во дагаспадарыліся! Ганьба! Яго за камандзіроўку, за адсутнасць білета ад Масквы да Урала сем камісій правярала. А тут мільёны ляцяць, ды і не папяровыя — залатыя.

Ніводная камандзіроўка так не знясільвала. Нагнала бяссонніцу, дала нервовы цік века, чаго ніколі не ведаў.

Наладчыкаў ён нарэшце выбіў. Але, пакуль яны прыехалі, план згарэў.

— Націскай, Толя.

— Націснем у сваім раёне, Ала Уладзіславаўна. Там свая ДАІ. І так сотню трымаю. А куды вам спяшацца? Дзеці плачуць, ці што?

Наліцкая сцялася, быццам на яе замахнуліся. Узлавалася на шафёра, акуратнасцю якога захаплялася. Псуецца хлопец. Фамільярнічаць пачынае, непачцівасць выяўляе. Выходзіць, не на карысць яму жаніцьба пайшла. Рысачкі нахабнасці з'яўляюцца.

— А ты не спяшаешся да маладой жонкі?

— Спяшаюся. Але... цішэй едзеш — далей будзеш.

— Ад таго месца, куды едзеш. Што лепш: халастому жыць ці жанатаму?

— Жанатаму, канечне.

— Во як! Чым жа яно лепш? Свабоды няма.

— А якая мне свабода трэба? Мне цеплыню дай, ласку. Каб родны чалавек побач. Адзін я не знаў, да каго прытуліцца.

Ала Уладзіславаўна стоена ўздыхнула і тут жа спалохалася, што выдае свае перажыванні: павяла размову, дурніца! І зноў узлавалася на Толю: ён як бы знарок пачаў сыпаць соль на яе рану. Раней праяўляў рэдкую для хлопца тактоўнасць і паважлівасць.