Машына імчала праз асенняе поле. Пустынна, гола і... сумна. На ўсходзе згушчаўся змрок. Ала падумала, што яна спяшаецца ў ноч. А навошта? Ночы яе сталі пакутлівымі. Шафёр таксама доўга маўчаў. Нязвыкла. Ён жа быў гаваркім, ніколі не даваў драмаць. У машыне, заўсёды своечасова і да месца, пачынаў размову, часам Наліцкая здзіўлялася: як прачытаў яе думкі. Так здарылася і тут, па дарозе з абласнога цэнтра.
— Вы нейкая, Ала Уладзіславаўна,— падумаў, як найбольш далікатна выказаць: — не такая сёння.
— Чаму не такая? — бадай спалохалася яна.
— Усхваляваная... невясёлая...
— Хіба я калі-небудзь спявала ў машыне?
Толя засмяяўся, мабыць, уявіў, што першы сакратар гаркома раптам магла заспяваць.
— Не. Калі вы і маўчыце, я ўсё роўна чую, што вам весела, радасна...
І ў яе нечакана для самой вырвалася прызнанне:
— У мяне, Толя, адна радасць — работа. А працую я ад сну да сну.
— Вас крытыкавалі сёння?
— Крытыкавалі.
— Цяжкая ў вас работа.
— Нялёгкая.
Змоўклі зноў.
Ала з цяжкім пачуццём успомніла перажыты дзень. Сапраўды яе сурова крытыкавалі на бюро абкома: прамысловасць горада не выканала план. Яшчэ ў камсамоле яна прывыкла да крытыкі і навучылася ставіцца да яе, як казаў адзін рэспубліканскі кіраўнік, з «дзелавым гумарам». Але сёння ёй было крыўдна. Тыдзень назад за поспехі ў сельскай гаспадарцы раёну ўручылі пераходны сцяг. На ўрачыстым сходзе актыву гаварыліся кранальныя прамовы, іграў аркестр, выступалі піянеры. І раптам з цёплага — пад халодны душ.
«Сэрцы ў вас абраслі мохам, на пенсію вам даўно пара»,— узлавана падумала пра членаў бюро, людзей у гадах, у тым ліку і пра першага, якім да гэтага дня захаплялася. Але і на сябе злавалася — не магла дараваць слабасці. Упершыню гэта здарылася за яе кіраўнічае жыццё. Выйшла з залы пасяджэнняў, пайшла ў туалет і расплакалася там, як дзяўчынка. Ганьба! Доўга не магла выйсці на людзі — нос чырвоны, а пудру яна, дзелавая жанчына, ніколі не насіла з сабой.
З абкома пазваніла да сябе, назначыла пасяджэнне бюро на заўтра. І цяпер, у машыне, настройвалася на яшчэ больш бязлітасную, чым гаварылі з ёй, размову з дырэктарамі, якія паставілі горад у такое ганебнае становішча.
Найбольшы правал плана — на заводзе прычэпаў у яго. О, з ім яна пагаворыць, як ні з кім! Але разам з рашучасцю апасалася, каб не страціць уладу над сабой, не выдаць гневам свае пачуцці.
А якія яны, яе пачуцці? Хацела пераканаць сябе, што ненавідзіць гэтага ліхача. Як ён узбунтаваў яе жыццё, як раздвоіў пачуцці, пераблытаў, пакамечыў і... топча, топча!.. Ён ганебна ўніжае яе. Прымушае ўніжацца. Штоночы. Яна грашыць з ім. У сне. Ах, каб толькі ў сне! І грэх такі, лічыць яна, прыніжае яе да... бог ведае каго — да разбэшчанай дзеўкі, бязвольнай, хоць не ўтаптанай у гразь яшчэ, той, што ўначы грашыць, а ўдзень каецца. А пакаянне прыніжае перад людзьмі, ёй здаецца, што гаркомаўцы здагадваюцца пра яе грэх, пасміхаюцца, і яна губляецца, траціць ранейшую ўпэўненасць, цвёрдасць, непахіснасць у вырашэнні глабальных пытанняў жыцця іншых людзей. Ці так яна вырашае, калі свайго жыцця не ўмее наладзіць?
Праўда, у апошнія дні яна знайшла маленькае суцяшэнне. Цяпер сталі выдаваць нямала сексалагічнай літаратуры. Раней яна ніколі не цікавілася ёю. Пачала чытаць спачатку з агідай, пасля з цікавасцю, не разумеючы, не адчуваючы, што гэта яшчэ больш распальвае яе пачуцці і ўскладняе перажыванні. Некаторыя аўтары лічаць, што ў тым, чым яна займаецца, няма недаравальнай заганы, на псіхіку і фізічны стан гэта не ўплывае.
Аднак галоўнае не гэта, у кожнага чалавека ёсць інтымнае. Галоўнае — як дзіця нарадзіць? Яе спальваў запознены інстынкт дзетанараджэння. Цяпер на дзіця яна гатова была памяняць сваю пасаду, на атрыманне якой патраціла столькі энергіі. Такая перамена ў псіхалогіі і радавала, і палохала: з такімі думкамі можна апынуцца каля разбітага карыта.
У бяссонныя ночы яна хадзіла ўздоўж кароткіх і доўгіх шарэнг знаёмых мужчын; каго з іх можна выбраць у бацькі дзіцяці свайго? Ці стане ён мужам — гэта не мела значэння. І нікога не магла выбраць, акрамя яго. Але разам з кожнай сустрэчай раставала, як лядзяш у змрочную адлігу, упэўненасць, што калі-небудзь яна ўсё ж скажа яму пра сваё жаданне і ён пачуе — не можа не пачуць — кліч яе крыві, яе кахання, яе матчынага інстынкту.
За слабасці гэтыя ненавідзела і сябе, і... яго. Старая, як свет, сітуацыя: зліццё кахання і нянавісці ў адзін сасуд. Што пераможа — ад гэтага залежыць, што настоіцца: жыццядзейны нектар ці смяртэльная атрута.
Першым выклікалі «на кавёр» Ліхача.