Выбрать главу

Увайшоўшы ў малую залу, ён адзначыў, што і Ала, і ўсе іншыя члены бюро больш засяроджаныя, строгія, чым на мінулым пасяджэнні, калі яго пясочылі за ўборку. Падумаў: «Быццам надзелі мундзіры». Такі і надзелі. У жніўні некаторыя сядзелі ў сарочках, першы сакратар у лёгкім плацці, расслабленыя ад спякоты, добрыя ад летняга настрою. А цяпер кастрычнік. Ала ў карычневым шарсцяным касцюме, мужчыны ў гальштуках. Настрой асенні. За акном з клёна злятае залатое лісце, асфальт плошчы мокры ад нядаўняга дажджу. Палошчуцца на ветры сцягі, вывешаныя да Дня Канстытуцыі.

Наліцкая заглянула ў паперу і перад тым, як вымавіць чарговы пункт парадку дня, глынула паветра, быццам яго не хапала. Хто іншы, можа, і не заўважыў гэтага, Ліхач убачыў, у яго была незвычайная здольнасць бачыць усё ў адзін міг. Дома ён любіў гульню з Дашай, Машай і Сашам: набраць употай дзесяць розных прадметаў, накрыць салфеткай ці хусткай, потым на міг адкрыць, зноў закрыць — і назаві, што ўбачыў. Ён часта называў усе дзесяць і цешыўся, смяяўся, што трохгадовая Маша называла больш, чым яе мама.

— Дакладвайце, таварыш Ліхач.

«Ух ты, як афіцыйна!» — падумаў Васіль.

Ён разумеў, што хвалу яму не выдадуць. Хоць асабіста ён за тое, што зроблена, пахваліў бы людзей, не сябе — рабочых, інжынераў, у тым ліку нямецкіх. Але гэтага ён, вялікі рэаліст, не чакаў, аднак добра прадумаў свой даклад, насыціў яго такімі фактамі, лічбамі, развагамі, якія, здавалася яму, у атмасферы эканамічнай рэформы павінны зрабіць уражанне. Не зрабілі. Не паспеў ён, праўда, не без гумару, нарысаваць, што ўяўляла з сябе вытворчасць прычэпаў да мадэрнізацыі завода, расказаць пра вызначэнне прычэпаў у аўтаперавозках (у яго меліся даныя па рэспубліцы, па краіне, па капіталістычных краінах), як Наліцкая перапыніла:

— Карацей можна?

— Можна. Але не будзе таго эфекту.

— У нас тут не спектаклі, і вы не акцёр.

— А я думаю, кожны кіраўнік мусіць быць трохі акцёрам.

Воблікаў спытаў:

— Іграць на публіку?

— Хутчэй — на начальства.

Баброўка засмяяўся. Наліцкая паглядзела на сакратара з асуджэннем. Кінула бадай злосна Ліхачу:

— І вы прыйшлі сюды, каб пацешыць нас? Паказаць сваю ігру?

— Не. Расказаць пра сур'ёзныя праблемы, якія хвалююць калектыў.

— Вось і расказвайце.

— А я гэта і раблю. Калі мне не перашкодзяць...

На міг Ала Уладзіславаўна адчула няёмкасць за сваю раздражнёнасць. Пры яе пасадзе так нельга, ніколі такога не дазваляла сабе. А такую строгасць і афіцыйнасць у адносінах да Ліхача могуць няправільна вытлумачыць, бо ўсе ж ведаюць, што яны аднакурснікі і заўсёды былі на ты. Не паставіць бы сябе ў становішча, калі пачынаюць сачыняць легенды, небылі.

Ліхачовы выкладкі ў сувязі з пераходам на гаспадарчы разлік і самафінансаванне зацікавілі. Граматна, доказна. Не ўсе члены бюро дайшлі да тонкіх эканамічных мудрасцей, некаторыя так даўно вучылі палітэканомію і так забыліся на яе асновы, што шмат якія далёка не новыя палажэнні, пра якія гаварыў малады дырэктар, здаваліся адкрыццямі.

Наліцкая адчула гэтую зацікаўленасць калег і занервавалася: і перапыняць не хацелася, аднак і дапусціць нельга, каб гэты гаварун заваражыў дзелавых мужчын, як некалі заварожваў студэнтак. Успамін пра Ліхачовы даўнія прыгоды чамусьці як ніколі настроіў супраць яго, да разгневанасці, быццам ён быў тады яе мужам і адна яна мела права на яго ўвагу і... каханне.

Непакоіла і яшчэ адна акалічнасць, не новая па зместу, але новая па адчуванні, якое засталося з ночы. Яна зноў сніла дзіця, яно смактала яе грудзі. Але ніякага болю не з'явілася, жыло цэлы дзень адчуванне прыемнага раздражнення, ад чаго хацелася памасіраваць грудзі. І яна баялася, што забудзецца і зробіць гэта перад членамі бюро, мужчынамі. Сядзела ў незвычайнай напружанасці, шмат што з таго, аб чым гаварыў Ліхач, прапускала. Думала, што ёй не варта заходзіць у радзільны дом. Што яе пацягнула туды, трэці раз? Праўда, яе наведванні навялі добры парадак, не толькі ў раддоме, але і ў бальніцы, у паліклініках. Пра яе ўвагу медустановам і гандлю хадзілі легенды. Да школ не хапае часу дабрацца, верасень з'елі сельскія справы.

— Вы што, Ліхач, намераны прачытаць нам даклад?

— А хіба не цікава членам бюро паслухаць аб праблемах буйнейшага ў горадзе калектыву?

— Членам бюро цікава паслухаць, што з планам.

— Што з планам — вы ведаеце. З-за плана я і стаю тут.

— Як вы збіраецеся выканаць яго — во што нас цікавіць.

— Пастараемся выканаць, калі... лінія не падвядзе.

— Лінія, лінія! Прамая? Крывая? На старых станках завод даваў план! — узлавалася Наліцкая.