— Абсталяванне. Гандлёвае. Пячэрныя людзі больш складаныя вагі мелі. Я, дарагая мая жонка, запраграмаваны на вялікія справы. Праз пяцёрку гадоў я займу пасаду генеральнага дырэктара МАЗа ці БелАЗа. Стаў высокія мэты!..
— Ну і хвалько! Як Машка.
— А што! Яна — у мяне. Лідэр у групе, у садзіку.
— Ды ўжо ж лідэр! Выхавацелька плача ад яе лідэрства.
— Фармалістка яна атлусцелая, твая выхавацелька, якую такія мамы, як ты, шакаладкамі перакармілі. Што ёй хочацца — каб дзеці толькі адно і ведалі: за ручкі ўзяўшыся, па кругу хадзілі. Я Машку навучу...
— Не рабі глупства. А чаму яна ўз'елася на цябе?
— Хто? Ала? Гэта не «ўз'елася», Даша. Гэта больш складана. Ведаеш, у чым яе трагедыя? У трыццаць шэсць гадоў яна старая... састарэлая, зацвілая... У яе мысленне старое. Выбіць план любой цаной — для яе вяршыня кіраўніцтва. Я так і напісаў сакратару абкома...
— А па-мойму, яна не можа дараваць, што ты не ажаніўся з ёй.
Васіль засмяяўся.
— Бабскае ў цябе ў галаве. З ёй немагчыма было ажаніцца. Не, яна не з тых, каго некалі называлі «сіняй панчохай». Яна горш. Пры жаноцкай знешнасці, пры ўменні прыгожа адзецца ў яе нейкая генеральская псіхалогія. Ты знаеш, гэта нават кар'ерызмам не назавеш. Яе задавальняе толькі адно: каб усе маршыравалі. І сама таксама. Але каб яна наперадзе. І з шабляй на плячы. Аць-два. Аць-два.
— Прызнайся. Цалаваўся ты з ёй... у інстытуце?
— Хацеў адзін раз пацалаваць. Але яна крутнулася. Разбіла акуляры. І назвала мяне дурнем. Гэтага я не мог дараваць. Хіба дурні такія?
— Ды ўжо ж. У дурняў такога спрыту няма. З кім ты толькі не цалаваўся?
— Не заводзь сваю рэўнасць.
— Каб я цябе не раскусіла, то ў мяне даўно палопаліся б усе завадныя спружыны.
— Разумная жонка ў мяне.
— Не падхалімнічай. Я табе вымовы не запішу.
— Ты можаш запісваць кожны дзень. Горш, калі гарком запісвае. Дарэчы, пра Наліцкую. Забыўся табе расказаць. Пазаўчора адплаціў ёй. Нагнаў чырвані на яе шчокі і вушы.
— Зноў адмачыў якое-небудзь глупства?
— Ну, вось і ты туды ж мяне залічваеш — у дурні. Паміж глупствам і жартам істотная розніца, мой верны таварыш. Запомні. Ала праводзіла эканамічныя заняткі. З дырэктарамі, кіраўнікамі ўстаноў, якім належыць перайсці на гаспадарчы разлік. Падрыхтавалася яна грунтоўна, працуе яна заўсёды сур'ёзна. Але, ведаеш, калі чалавек свабодна не валодае прадметам, калі вывучыў чужое, то, якім бы ён ні быў прамоўцам, выкладаць чужыя думкі будзе сумна. Карацей кажучы, напала на мяне пазяханне. Ведаеш жа, ёсць у мяне такі грэх.
— Ты вырашыў так адплаціць?
— Ды не ж, далібог, не падумаў. Проста само. Пазяхаю — хоць засні. На каго іншага Ала, можа, не звярнула б увагу. А маё пазяханне, канечне, зачапіла за жывое. «Вы чаму пазяхаеце, Ліхач? Не цікава?» А я падняўся, як школьнік, прыкінуўся вінаватым. «Прабачце, Ала Уладзіславаўна, але ў нас кажуць: хто зявае ўдзень, той не зяваў уначы».
Цяпер засмяялася Даша.
— Ох, і язык у цябе. Ох, і язык! Урэжуць яго табе.
— А зубы навошта? Язык за зубамі... Аўдыторыя зарагатала. А Ала ўспыхнула полымем. І вочы яе сыпанулі такія іскры, як на аўтазварцы. А потым яна раптам дзіўна змянілася. Знаеш, як ты з Машкай: ад узлаванасці раптам пераходзіш да пяшчоты. Наблізілася, палажыла ўказку мне на галаву. І на ты, па-студэнцку: «У тваёй галаве што іншае ёсць?» — «Ёсць,— кажу.— Як выканаць план». Дырэктар «Электрона» Асецкі віскнуў па-бабску: «Ну, і Ліхач! Ну, і хахмач!» Ала зноў пачырванела і адвярнулася да схем.
Даша на апошнія словы не зрэагавала. Васіль змоўк, прыслухаўся да стоенага жончынага дыхання. Штось ёй не падабалася. Ці штось устрывожыла. Што?
— Чаму ты змоўкла?
— А хіба я гаварыла?
— Мы размаўляем.
— Думаю. Што так адразу змяніла яе настрой. Да пяшчоты.
— Якой пяшчоты! Пяшчота ў цябе — да Машулі. Не тое параўнанне я ўжыў. Выкінь ты з галавы дурную падазронасць.
— Якую? Да каго? Калі ты яе бачыў? — Даша павярнулася на бок тварам да мужа, гарачае яе дыханне прыемна ўсхвалявала.— А я сёння таксама пасмяялася. Ты здзівішся — з каго. Чытаючы сур'ёзную газету. «За рубежом». Апыталі бельгійскіх жанчын: на які занятак колькі часу яны трацяць. На кухню. На тэлевізар. На размовы... А на тое, пра што звычайна не гавораць? Адгадай, што адказала большасць?
— Ну?
— Дзве-тры мінуты.
Васіль гучна зарагатаў.
— Цішэй ты. Дзяцей разбудзіш. У нас з табой не так? Праўда?
Даша горача абняла яго, соладка пацягнулася і заціснула вуснамі яго вусны — няхай не смяецца.
8...