Сабраўся выканком гарадскога Савета.
Воблікаў любіў пашыраныя пасяджэнні, не келейныя, і цяпер хваліўся: маўляў, у яго заўсёды была галоснасць, ніякіх сакрэтаў ад грамадскасці. Мала хто сядзеў у калідоры, чакаючы свайго пытання.
Прысутнічала, як заўсёды, Наліцкая, лічыла, што ў яе багаты вопыт савецкай работы. А на гэты раз да таго ж цэнтральнае пытанне ў парадку дня прапанавана ёю: аб падрыхтоўцы гаспадаркі да зімы. Яна асабіста праверыла некаторыя службы і забіла трывогу, хоць бацькі горада пераконвалі, што ўсё добра і ёсць час да маразоў падцягнуць слабыя мясціны.
Настроена Ала Уладзіславаўна была ваяўніча. Перад пасяджэннем добра распякла Воблікава, загадчыка аддзела харчгандлю Сака, намесніка начальніка міліцыі Мігуна за... рэцыдыў ганебнай з'явы. Гуляла ў мінулую нядзелю па вуліцы, было каталіцкае свята — Барбары ці Міколы? — і на цэнтральнай вуліцы ёй сустракаліся не адзіночныя падвыпіўшыя, а цэлыя кампаніі залішне вясёлых людзей. Жанчыны, якія лічылі сябе набожнымі каталічкамі, заводзілі песні, ледзьве не «Шумел камыш».
Наліцкую даўно абурала пазіцыя старшыні выканкома: Воблікаў адносіўся да выпівак паблажліва, са смяшкамі.
— Ад рэлігіі колькі гадоў адвучваем? А ў касцёл цягнуцца не толькі бабулі.
— Бо і антырэлігійную кампанію мы вялі гэтак жа, як зараз вядзём антыалкагольную.
— Гэта праўда, змагаліся з іконамі — выкідвалі на сметнік, а цяпер збіраем у фонд культуры.
— Не іранізуйце, Міхаіл Паўлавіч. Пляшкі збіраць не будзем.— І да Сака: — Дадзіце даныя аб рэалізацыі гарэлкі ў суботу. Калі ён перавысіў дзённы ліміт, майце на ўвазе... размова будзе сур'ёзная. Не ўздумайце ліпу падсоўваць.
— У банку грошай няма. Хутка зарплату людзям не дамо.
— Развівайце паслугі.
— Развіваем па-слугі,— яўна блазнаваў Воблікаў.— Але з чым служыць, каб грошы ў банк вярнуць?
Ала Уладзіславаўна кіпела, але ўмела стрымліваць сваю выбуховую энергію — перад Воблікавым заўсёды: сівы чалавек, равеснік яе бацькі. Не магла не ацаніць яго вопыту. Але неаднойчы ўжо думала: «Здзекуецца, чортаў дзед, з маёй маладосці. Трэба развітвацца з такім паплечнікам. Не па плячы».
Перанесла агонь на міліцыю:
— А наша доблесная міліцыя...
Мігун, поўны, чырванатвары маёр, па ўсім відаць, не дурань выпіць і закусіць, падскочыў, «рукі па швах», што таксама не падабалася: на здзек не падобна, але навошта такое выцягванне перад сакратаром гаркома? Не генерал жа яна.
— Колькі вы чалавек затрымалі ў той вечар?
— Дваіх.
— Дваіх! Ордэны вам трэба выдаць за такі подзвіг. Паўгорада п'яных...
— П'яныя для вас не ЧП?
— У нас культурныя людзі, Ала Уладзіславаўна,— зноў падпусціў іронію Воблікаў.— Мы зарплату без касіраў выплачвалі. Яшчэ трохі — і ў магазінах касіраў адмянілі б.
— П'яны для вас не ЧП?
— Улічым.
— Трэба не ўлічваць, а працаваць па-новаму, як патрабуе перабудова.
— Рады старацца.
— А з вашай іроніяй, Міхал Паўлавіч...— Наліцкая зморшчылася што ад зубнога болю: з кім прыходзіцца рабіць круты пералом! Адзін — нігіліст, скептык, другі — бяздумны аўтамат. Не хацелася ўжываць больш важкага слова — не дазваляла становішча. Але «завяла» яе не паслухмянасць міліцыянера, не проста гумар старшыні, а яго яўна хітрая, з падвохам, прапанова:
— А вы, Ала Уладзіславаўна, на выканкоме выкажыце сваю думку актыву... Няхай паслухаюць.
Зноў, бадай, здзекаваўся, бо добра ведаў, што ў кожнай сваёй прамове перад любой аўдыторыяй яна не прамінала, каб не сказаць, горача, пафасна, пра барацьбу з «зялёным зміем».
...Заняўшы сваё старшынскае месца ў тарцы доўгага стала, за якім сядзелі члены выканкома, Воблікаў весела агледзеў залу — сваіх супрацоўнікаў, запрошаных. Спыніў позірк на Булат.
— Зоя Іванаўна, дзе Ліхач?
— Катэгарычна адмовіўся паехаць. Сказаў, што ў гэтым пытанні для яго няма пытання.
Калі да папрокаў Наліцкай за нядзельных п'яных Воблікаў аднёсся з іроніяй, то адсутнасць Ліхача, ды яшчэ такая яго заява, абурыла. Добры месяц супраць Ліхача яго настройвалі — Шатохін, Булат, загадчык жыллёвага аддзела Лежань. З-за кватэры Шпілеўскаму. Спачатку ён адмахваўся. Але яго пераканалі, што развод у Шпілеўскіх фіктыўны — абы вырваць кватэру. Маці, якую суд пазбавіў права на дзяцей, ходзіць да іх і — бачылі — даволі мірна размаўляе з былым мужам. Ордэр Шпілеўскаму не выдалі, перадалі справу ў суд на яго высяленне. І суд пастанавіў: выселіць. Але зноў умяшаўся Ліхач: у Мінску зайшоў да пракурора рэспублікі і апратэставаў рашэнне суда. Праўда, пракурор не вынес афіцыйнага пратэсту, а пазваніў Воблікаву і параіў выдаць ордэр. Але ўсё роўна — «пстрычка па носе». Зайгралі амбіцыі і ў Воблікава. А Шатохін, Булат і Лежань падлівалі масла ў агонь. Прызналі сваю памылку ў адным — што не правялі рашэння аб высяленні праз выканком. Папраўляліся — уключылі пытанне ў парадак чарговага пасяджэння. Не сумняваліся, што прапанова кіраўніцтва будзе ўхвалена, калі не аднагалосна, то абсалютнай большасцю. Няхай пракурор апратэстуе рашэнне калегіяльнага савецкага органа! Але прыйшлі да агульнай думкі, што на пасяджэнні абавязкова павінен прысутнічаць дырэктар, які адзінаўладна, без прафсаюза, без грамадскасці выдаў кватэру. Няхай пабачыць аднадушнасць членаў выканкома, павучыцца дэмакратыі, можа, працверазее. Але Ліхач другі раз не з'явіўся на пасяджэнне.