Воблікаў выказаў сваё абурэнне, звяртаючыся да першага сакратара:
— Ала Уладзіславаўна! Што ў нас робіцца? Ліхач проста ігнаруе Савет. Уявіў сябе пупам зямлі, шышкай... Думае, што калі дэмакратыя, то ўсё яму дазволена. Можна не выканаць план, можна не з'яўляцца на пасяджэнні. Да чаго такая ўсёдазволенасць нас давядзе?
Наліцкай здалося, што гэта папрок і ёй: маўляў, з-за яе патурання, з-за яе асобых адносін да Ліхача, якія праніклівы старшыня мог угледзець — у такога зубра вока набітае,— ён вось так ігнаруе ўсіх, не лічыцца ні з кім, ні з якімі мясцовымі ўладамі. З'явілася злосць і на Воблікава, і на «мілага друга».
— А што вы апялюеце да мяне? У Савецкай улады няма ўлады? Дастаўце яго сюды.
— Даставіць? — сумеўся старшыня выканкома.
І яна рашуча загадала:
— Шатохін! Мігун!
Мігун падхапіўся.
— Слухаюся.
— Зрабіце ласку дырэктару завода прычэпаў. Дастаўце яго на пасяджэнне выканкома пад ганаровым эскортам.
— Ёсць даставіць! — маёр стукнуў абцасамі.
Шатохін падняўся нехаця, паглядам просячы ў свайго старшыні пазбаўлення ад незвычайнай місіі. Але Воблікаў не глядзеў на яго, ён, здавалася, з захапленнем ці здзіўленнем разглядваў Наліцкую, адкрыўшы новую яе якасць. Больш таго, ён, стары ліс, бадай, узрадаваўся, бо разумеў, што на такой акцыі можна паслізнуцца, як на апельсінавай корцы.
У калідоры Шатохін незадаволена сказаў Мігуну:
— У цябе — служба... А мне на чорта такое заданне? — не ўспомніў, што сам першы заварыў гэтую кашу з-за кватэры, якую Ліхач выхапіў у яго свата, а значыцца, і ў яго дачкі; на сямейнай нарадзе былі разыграны ўсе хады, як на шахматнай дошцы,— усе замены, у выніку якіх і старыя, і маладыя ўладзяцца найлепшым чынам, а ён, намеснік старшыні выканкома, застанецца чысценькім, бо цяпер не той час, каб памагаць блізкім адкрыта. Ды і раней ён груба не дзейнічаў — заўсёды далікатна, тонка, не так, як іншыя яго калегі. Уладай трэба ўмець карыстацца.
Рэгіна сказала, што Васіль Васільевіч паехаў у вёску — праведаць хворага бацьку.
Шатохін узрадаваўся, гатовы вяртацца назад.
Мігун таксама ўзрадаваўся, але зусім па іншай прычыне. У яго ажно ноздры раздзьмуліся, як у таго ганчака, што ўчуяў здабычу. Заглядваў ён неяк з Ліхачом да яго бацькі, да пастановы яшчэ. Стары выставіў, можа, дзесяць настоек на розных травах, карэнні, ягадах. Такі спакуслівы ласунак — адна адной смачней. Ды яшчэ ў адмысловых замежных пляшках, безумоўна, прывезеных сынам. Ад выгляду адных пляшак — слінкі цяклі. Начаставаліся яны тады — праз два гады прыемна ўспомніць. І цяпер, як кажуць, на ўсе сто Мігун быў упэўнены, што прыкладзецца ў роднай хаце Ліхач да якой-небудзь траўнічкі, напэўна, у старога чарадзея ёсць і такія, што паху не даюць; не паедзе ж ён ад бацькі і маці не паабедаўшы. Знарок паехаў да абеду, а цяпер ужо чацвёртая гадзіна, сакратарка сказала, што паабяцаў вярнуцца пад канец змены. А змена вунь яна — ідуць рабочыя! Во ўдача дык удача! Сама лезе ў рукі. Толькі б правільна паставіць капкан! Во будзе падаруначак Наліцкай, якая бязлітасна карае членаў партыі за адзін учуты душок.
Адным словам, Мігуну, не ў прыклад Шатохіну, не тое што не хацелася вяртацца на пасяджэнне, але ён гатовы быў хоць да раніцы сядзець у засадзе ў дырэктарскім кабінеце, абы не ўпусціць здабычу. Ён выказаў сваю здагадку Шатохіну. І план: прывесці Ліхача на выканком цёпленькага. Шатохін зморшчыўся — непрыемна, самі не бязгрэшныя,— але змаўчаў, бо ў цэлым план спадабаўся, «спусціць» Ліхача яму хацелася мацней, чым Мігуну.
Рэгіна адчыніла кабінет: не могуць жа такія паважаныя госці сядзець у прыёмнай, і «паляўнічыя» размясціліся з камфортам. Знайшлі на падаконніку дарожныя шахматы, селі гуляць.
Аднаго ў шчырай размове Мігун не растлумачыў старому сябру — па якой прычыне ў яго такая службовая стараннасць. Але Шатохін здагадаўся сам.