Выбрать главу

Прытуліўся да хлеўчука. Аднак як застыла спіна! Абмытае лістападаўскімі дажджамі дрэва здалося цёплым. І адразу, як у турме, пацягнула на сон. Міг — і праваліўся ў салодкую бяздумнасць. Але тут жа пачуў рохканне свінні. Сасніў? Пакруціў галавой, працёр вочы. Не, сапраўды свіння. За сцяной і як бы ў падзямеллі. Безумоўна, у склепе. Хто цяпер стане трымаць свінню так, каб рохканне яе, а тым больш віск чулі ўсе суседзі. Такую свінню не адкорміш — украдуць тут жа, народ галадае. Ды і ўлады... Цікава, якая існуе пастанова наконт жывёлы. Дарэмна не пацікавіўся. На акраінах, на татарскіх гародах трапляліся адзіночныя каровы. Значыцца, жывёлу трымаць можна. Але ў дом гэты лепш не заходзіць: свінню трымае безумоўна мужчына, гаспадар пільны; калі не мае стрэльбы,— зброю абавязалі здаць пад пагрозай смяротнай кары яшчэ ў мінулым годзе, у пачатку вайны,— то вострая сякера, напэўна, ляжыць каля дзвярэй. І такі раскроіць табе чэрап не задумваючыся.

Не, за напраткай трэба заходзіць у бяднейшы дом, не ў такі, дзе хляўчук пахне смалой і трымае цеплыню лесу.

І... зноў праваліўся ў сон. Разбудзіў шум матораў. Нарэшце. Ад'язджаюць. Машыны ішлі на падфарніках за дамамі. Ды раптам зусім блізка павярнулі налева — на яго, пэўна, у перавулак, да якога ён трохі не дайшоў. Машыны ўключылі дальняе святло і лёгка маглі выхапіць яго постаць на фоне сцяны. Ён плюхнуўся ў гразь, што пахла свіным гноем. Стала брыдка. Не ад гною — ад таго, што моцна спалохаўся, як, бадай, нідзе за гэтую незвычайную ноч.

Машыны прайшлі міма, недалёка загрукалі па бруку, набіраючы хуткасць.

І тут абпякла страшэнная думка: яму памаглі ўцекчы. Памагло СД. Ён уключаны ў злавесную правакацыю, галоўная фігура якой — той, бяспалы юрыст.

Але навошта СД ён, Шабовіч? Як яны могуць уключыць яго ў сваю аперацыю? З якой мэтай? Безумоўна, ведаюць, што ён не пешка ў падполлі, што ён ведае многіх людзей, каналы сувязі, яўкі. СД не сумняваецца: першае, што ён стане рабіць, апынуўшыся на волі,— папярэджваць сваіх людзей. Але як яны намераны сачыць за ім, пакінуўшы аднаго ўначы на камароўскіх гародах? Ці ўжо сочаць? Якім чынам? Ніводнага гуку, ніводнага чаўкання ботаў. Ачапілі раён? У такой цемры гэта немагчыма. Ведаюць, што тут побач явачная кватэра — «Шушкета», і спадзяюцца, што ён пойдзе на гэтую кватэру? Хлопчыкі ў фуражках з бліскучымі казыркамі былі б дурнямі, каб так лічылі — прымітыўна. А ён не лічыць іх дурнямі. О не, гэта вельмі спрактыкаваныя сышчыкі! Але ж і яны з сябрамі не лыкам шытыя. Неаднойчы разгадвалі іх планы, адшуквалі і абясшкоджвалі пасткі, настаўленыя на падпольшчыкаў. А тут абсалютна ніякай здагадкі, што ж СД надумала на гэты раз? Хіба толькі зразумела іх ідэя: пасля вераснёўскай чысткі падполле дзейнічае, змяніла хіба формы работы, сувязі. Трэба раскрыць іх. Але як яны могуць выканаць гэтую задачу з яго дапамогай? Прастачка для такой мэты не сталі б выбіраць. А калі ведаюць, што ён не прастачок, то павінны ведаць, што нічога такога, што ім вядома і на што яны разлічваюць, ён не зробіць. Але што ім вядома? І што ён не зробіць? А што можна зрабіць? У галаве — ніводнай вартай увагі думкі. У галаве пуста. І шуміць, як у бетоннай трубе. А можа, усе яго жахі не што іншае, як хворае трызненне? Сапраўды, на што ён здатны? Нюхаць свіны гной.

Шабовіч падняўся. Абцёр гразь. Трэба падцягнуцца, засяродзіцца. Трэба настроіцца на блізкае і вельмі хітрае нападзенне ворага — тады ўміг з'явіцца мноства прыёмаў самаабароны.

Не, гэта не хворыя фантазіі разгарачанага ад холаду, безвыходнасці і страху мозга. Прыгадалася імгненнае першае ўражанне ад гэтых шасці арыштаваных, калі ён убачыў іх у турэмным пакоі. Бліснула тады, што яны не здаюцца акалелымі да паўсмерці, у Івана быў зусім іншы выгляд, хоць ён і ў шынялі — ліловы нос, сінія вушы, няўпэўненая хада — як бы кульгавасць на дзве нагі.

Пэўна, гэткі ж выгляд меў і сам ён, на сябе не мог глянуць. Можа, у розных людзей розны выгляд ад доўгага прабывання на холадзе: адны чырванеюць, другія сінеюць, трэція бялеюць. Але ўсё роўна адрозніваюцца гэтыя людзі ад тых, хто знаходзіўся ўвесь час у цеплыні. У апошніх аднолькава «цёплы» выгляд. Такімі, падобнымі адзін на аднаго, і здаліся шасцёра. Але там імгненная думка не сфармавалася ў падазронасць. Урэшце, людзі маглі быць у турме, ці з двара іх прывялі раней. Падазронасці не ўзнікла і тады, калі ў кузаве пры рэзкім тармажэнні яго, Шабовіча, кінула на аднаго з «сяброў па няшчасці», і ён адчуў мяккасць яго напраткі. Мала як чалавек мог быць адзеты перад арыштам.