А цяпер усё гэта набывае іншы сэнс. Далучыліся сюды і пісталетныя стрэлы, што ляскалі паміж аўтаматнымі чэргамі. Мнагавата іх было для аднаго афіцэра. Выходзіць, «арыштаваныя» — дадатковая ахова. Безумоўна, трох аўтаматчыкаў на восем чалавек мала, каб ездзіць у адкрытым кузаве ў цемры па глухіх вуліцах. Але разам з тым, навошта столькі аховы, калі ўся аперацыя праводзілася, каб даць яму ўцячы? Ахоўвалі Івана? А можа, наадварот, уцёкі арганізавалі яму, Івану, а вартавалі яго, Шабовіча? Каго ж лавілі, што нарабілі столькі страляніны? Што з Іванам? Удалося яму ўцячы?
Ні ў адной аперацыі — а падпольшчыкі правялі іх нямала, складаных, хітрых,— не прыходзілася рашаць столькі задач адначасова. Разгадаць намер ворага немагчыма — як ні ламай застылую галаву. Перахітрыць можна хіба адным: невытлумачальным, непаўтаральным, хітрым дзеянням камбінатараў з СД супрацьпаставіць гэткія ж свае дзеянні — такія, каб не ўкладваліся ў логіку майстроў вышуку, аблаў, правакацый.
І першы яго ход...
3...
Развіднела, калі дабраўся да дома, з якога ўвечары іх узялі,— да паліцая Чурсіка.
Весніцы былі зачынены. Пераскочыў цераз плот, патрабавальна і пагрозліва забарабаніў у акно, так маглі стукаць толькі немцы ці паліцаі. Край коўдры, якой было занавешана акно, падняла гаспадыня. Пазнала яго і... не сцяміла, з якой мэтай мог з'явіцца такі госць, пэўна, падумала, што і Стася адпусцілі, як яе Васіля, і чалавек прыйшоў па сваё паліто.
Хрысціна паспешліва адчыніла дзверы.
Шабовіч адразу ўбачыў, што гаспадар дома: на касяку дзвярэй на цвіку вісела кабура, незашпіленая, тырчэла ручка пісталета. Там жа яна вісела і тады, калі яны гулялі ў карты. Стась прыгадаў, што ўвечары ў яго, не першы раз, з'яўлялася спакуса на развітанне прыхапіць гэты пісталет. Не, разумеў, безумоўна, што нельга, але за карцёжнай гульнёй чаму не павесяліць сябе гарэзлівай думкай: кабура была ўвесь час перад вачамі.
Афіцэр СД перш-наперш зняў з цвіка кабуру; бадай, гэта была адзіная рэч, якую забралі пры арышце.
Закрыўшы кабуру сабой, непрыкметна сунуў пісталет у кішэню пінжака.
— Васіль дома?
— Пад раніцу вярнуўся. Ні жывы ні мёртвы. Перакалеў дужа. Гэта ж і ты, Стасік, у адным пінжачку. Грэйся. Я грубку напаліла. Самагонкі даць? Васіль пакуль не выпіў ды на гарачы чарон не лёг, сагрэцца ніяк не мог, калаціла яго, як пры трасцы. Дурныя нейкія, гестапа гэтае,— сваіх хапаюць. Дакументы хоць паглядзелі б. У магілу маглі чалавека загнаць. Як шчэ абыдзецца... Каб запаленне не схапіў...
— Адагрэеш.
І тут азваўся гаспадар, сонна праскрыпеў:
— Хто там?
Пасля перажыванняў, астуджанасці, сугрэву добрай порцыяй самагонкі і гарачым чараном не адразу прачнуўся, не адразу прыйшоў да памяці.
— Я, Васіль. Я. Шабовіч.
Уміг паліцай выскачыў з-за перагародкі. Быў ён у світэры — грэў прастуджаныя грудзі, у брудных сподніках.
— Ты? Ты?! Як ты?
— Як і ты.
— Цябе адпусцілі?
— Я ўцёк.
— З турмы?
— З турмы.
— Ой, Стасік! — пляснула далонямі Хрысціна.
— Ста-а-сік! — перадражняючы, загаласіў Чурсік.— Пацалуйся са сваім Стасікам. Каго ўпускаеш, разява! — і кінуўся да дзвярэй, сарваў з цвіка кабуру, але, па вазе адчуўшы, што яна пустая, шпурнуў пад стол і сам сагнуўся, быццам яго ўдарылі ў жывот, заенчыў.
— Не галасі. Пісталет твой у мяне. Сядай, пагаворым.
Чурсік паслухмяна і панура сеў на крэсла каля стала.
Хрысціна сунулася ў спальню.
— Ты куды?
— Штаны Васю дам. І валёнкі.
— Штаны дай. Без штаноў — якая ўлада!
Чурсік узняў галаву, здзіўлена паглядзеў на Шабовіча. А той глядзеў у акно: па вуліцы ішлі людзі, спяшаліся на працу, парадак у немцаў строгі.
— Ты яшчэ жартуеш?
— А чаму мне не жартаваць? Прыйшоў у госці...
— У госці...
— Ты не лічыш мяне госцем? Дарэмна.
Хрысціна прынесла штаны і валёнкі, але Чурсік штаны не надзеў, толькі сунуў ногі ў валёнкі, падлога халодная, вярталася нутраное адчуванне холаду, ад якога пачынала калаціць. А ён не хацеў, каб закалаціла так, як у першыя хвіліны, калі ён вярнуўся дадому, не хацеў, каб гэты нахабнік Шабовіч падумаў, што яго трасе ад страху.