Выбрать главу

«Божа мой, якое яно, жыццё!» — упершыню з душэўным смуткам падумала Аксана.

— На такім полі сцежка ад слядоў будзе відна вунь з той гары, за дзве вярсты.

Паспрабавалі абысці азіміну і выйшлі на торную дарогу, пясчаную. Небяспечна ісці па ёй, але сляды на пяску хутка растаюць. І Шабовіч рызыкнуў. Падхапіў Аксану падпашкі і ўподбег рушыў па дарозе. Прабеглі так да лесу ў падэшвы ўзгорка і... апусціліся на зямлю.

І — дзіўна — ён дыхаў не так цяжка, як Аксана, быццам не ён нёс яе, а яна яго.

— Цяжка табе ісці?

— Цяжка,— шчыра прызналася яна, вінавата ўсміхаючыся засмяглымі вуснамі.— Ногі млеюць, і галава кружыцца.

— Далей не пойдзем.

У вачах яе адбілася здзіўленне: а што будзем рабіць?

— Удзень правядзём разведку. А ўначы я паспрабую дастаць каня і воз. Па-добраму не дадуць — забяру па законах ваеннага часу.

Яны ўглыбіліся ў лес, ледзьве не на вяршыню ўзгорка. У лесе гэтым трапляліся зялёнкі.

— Глядзі, зялёнкі! Так позна.

— Не падабаецца гэта мне. Могуць з'явіцца грыбнікі.

— Гэта не страшныя людзі — дзеці, кабеты,— сказала Аксана.

— Дзеці раззвоняць на ўсю ваколіцу.

— Тыя дзеці, што ходзяць па грыбы, не раззвоняць. Дзеці цяпер разумныя.

Аксана прагна аблізвала вусны. Паліць яе. А дзе дастаць вады на гэтай гары?

— Пайду пашукаю ваду.

— А ў што?

Сапраўды — у што? Ніякай пасудзіны. У фуражцы не данясеш, а ўсё астатняе тканіна. Адна стограмовая шкляначка з маззю. Мазь можна перакласці ў паперу ад бінтоў. Але колькі ў такой шклянцы тае вады!

Аксана засмяялася, і ў такім стане яна здольная смяяцца, толькі вусны балюча перасмыкаліся.

— У мяшку ёсць галошы. Новыя. Глыбокія. Я ўзяла іх для праўдападобнасці, што іду выменьваць, а ў сапраўднасці хацела прынесці падарунак Алёне. Яе маўклівасць і нейкая дзіўная адчужанасць даўно непакоілі мяне. Я ж ведаю, яна любіць мяне... Але толькі ўчора зразумела — баіцца. Ворагаў баіцца і... мяне... Любіць і баіцца. Во як бывае!

Шабовіч спусціўся з галошамі ў нізіну і знайшоў балацянку; вада ў ёй была рыжая, пахла прэлым лісцем. Але ўсё ж гэта вада. Ён сам напіўся з задавальненнем і, здаецца, ажыў, падужэў. Ды яшчэ знайшоў журавіны, узрадаваўся, набраў іх у кішэню плашча.

Галошы нёс перад сабой, як свяшчэнную каштоўнасць, ступаў асцярожна, каб не распляскаць ваду. Аксана ажно засмяялася, убачыўшы, як ён нясе. Піла яна прагна. А журавінам узрадавалася, што дзіця, якое ўпершыню ўбачыла дзівосную ягаду.

— Якая я непрактычная. Нічога не ўзяла паесці. Але я спадзявалася на цётку. А калі яна так сустрэла, на ўсё забылася. Дзіўна, што дзядзька не здагадаўся. А я падужэла, Стасік. Я падужэла. Здаецца, ніколі не піла такой смачнай вады. Гумай пахне, як бальнічныя шклянкі лекамі. Дзякую табе. З такім рыцарам можна і ў лесе пражыць.

— Каб можна было распаліць касцёр, я напёк бы зялёнак... запалкі ёсць... Чаго не забыўся ў Чурсіка — запалкі і тытун. А пра нож не падумаў.

Аксана сапраўды як паздаравела. Разгаварылася.

— Баліць табе?

— Баліць, але нямоцна. Я церпялівая.

— Пад вечар перавяжам.

— Не. Лепей да заўтра не чапаць. Сваім хворым мы робім перавязку раз у двое-трое сутак, ты ж знаеш. Эканомім бінты.

І яна заснула. Неяк нечакана, спакойна. Дыхала роўна. І Стась узрадаваўся. І яму варта было б паспаць, прыгрэўшыся на асеннім сонцы. Уначы будзе не да сну. Але заснуць не мог. Думкі варочаліся ў галаве, што цяжкія валуны. Ды і гукі насцярожвалі. То трашчалі недалёка сарокі — ходзіць па лесе нехта, то замукала далёка карова, пратарахцелі колы — там з другога боку ўзгорка. Пайшоў туды і... адкрыў вёску. Яна тулілася ў нізіне паміж узгоркамі, голая, сіратлівая. Але вёсачка ўзрадавала: тое, што трэба,— малая, хат пятнаццаць усяго, у такой не можа быць ні гарнізона, ні паста, самае большае — стараста.

Фурманка праехала ў лес, па той дарозе, што абгінала ўзгорак, на якім яны днявалі. Але на возе было двое мужчын. Такія добраахвотна каня не аддадуць, а браць гвалтоўна, з дапамогай зброі,— неразумна. На такім кані далёка не ад'едзеш.

Добра, што грыбнікі не з'яўляюцца. Позна. Канец лістапада.

Вярнуўся да Аксаны. Яна не спала і была ўстрывожана.

— Ці то я сасніла, ці праўда чула галасы, там, унізе. Я спалохалася, што цябе няма побач.

— Ехала фурманка. Двое мужчын. Але дзіўна, што ты чула галасы і не чула тарахцення воза. Там недалёка вёска, і я падумаў: а ці не схадзіць туды? Пажабраваць. Можа, хто даў бы акраец хлеба ці вараную бульбіну. Трэба падтрымаць твае сілы.