Выбрать главу

— У яго ёсць конь?

— Каня няма.

— Не трапіў бы. Я спачатку каня знайшоў.

Стары засмяяўся.

— А ты з галавой.

— Пакуль што.

— Ды не, такую галаву трэба берагчы.

Шабовіча здзівіла, што дзед Іван запрагаў не тоячыся. Свяціў ліхтаром. Нокаў на каня. Сказаў яму пра гэта, калі выехалі за сяло, седзячы ўсе трое на мяккім і духмяным сене, стары не пашкадаваў сена, каб раненай было мякчэй.

— А я вядомы на ўсё наваколле парубшчык. Сам некалі лесніком быў. А з цяперашнім у жмуркі гуляем — хто каго зловіць. Ён мяне ні разу не злавіў. Следам ходзіць, а злавіць не можа. Пакуль пачухаецца, я ўжо бервяно распіліў і... замачыў... Во так... Праўда, прыходзіцца і яму падносіць. Ты таксама рызыкоўны хлопец — уваліўся ў хату, як з неба. Ад Бібліі адарваў, грэшнік.

— У мяне не было іншага выйсця.

Аксана, калі Стась апусціўся перад ёй на калені, абшчапіла рукамі яго шыю і расплакалася што дзіця.

— Стасічак, даражэнькі!.. Не любі мяне, не любі. Я баязліўка. Ты не знаеш, якая я. Як я дрыжэла тут... Якія жахі мне ўяўляліся. Чаму гэта? Чаму? Там я нічога не баялася, ты знаеш.

— Аксана, Аксаначка, не плач. Са мной людзі. Нам пашанцавала. Я знайшоў добрых людзей. У нас ёсць конь, ёсць харч. Зараз ты павячэраеш, і мы паедзем.

— У атрад?

— Не ў атрад, але бліжэй да атрада,— падаў голас дзед Іван, схіліўся і памацаў Аксанін лоб, загадаў, бадай, строга: — Набярыся сілы, дачка. Не вылівай яе слязамі, сілу сваю.

І Аксане стала сорамна. Яна сціхла. Больш таго — сама паднялася, намерылася ісці да воза. Але яе падтрымалі — Стась і Мар'яна. Палажылі на сена. Паілі малаком з сапраўдным жытнёвым хлебам грубага памолу — на ручным млыне, размолатыя зерні хрумсцелі на зубах. Але як пах гэты хлеб! Вярнуў усе радасці, усе пачуцці цяпер ужо далёкага маленства. Вярнуў Аксане. Вярнуў Стасю. Нічога няма смачнейшага за хлеб з малаком. І нішто не дае так хутка галоднаму сілу. Як бальзам жыцця.

Павячэраўшы, Шабовіч прынёс з-пад елкі мяшок і вінтоўку, хацеў сунуць пад сена. Але дзед і ў цемры ўгледзеў, запярэчыў:

— О не, гэтую бярданку пакінь мне. Я надзейна схаваю. Няхай паляжыць. Пугач вазьмі, але схавай далей. А ў мяшку што ў вас?

Запаліў «лятучую мыш»; ліхтаром гэтым свяціў толькі ў хляве, Стась нават не ўбачыў, што дзед прыхапіў яго з сабой. Зрабіў строгую рэвізію мяшка. Загадаў Мар'яне схаваць ёд, бінты ў сваіх і Аксаніных тайніках — пад кофтачкамі, пад спадніцамі.

— Адзення многа для бальніцы. Надзеньце на сябе што можна. Усе. І ты,— загадаў Шабовічу, і той мусіў нацягваць жаночую кофтачку. Што-нішто дзед засунуў у сена. Рукзак забраў з сабой — не вясковая рэч, гарадская.

Нарэшце апошнія павучанні:

— Значыцца, так, Мар'яна, начуеце на хутары. Далей — пры свеце дня божага, праз усе пасты, вязеш пляменніцу з бальніцы, вазіла, знаюць. Але ты, брат Стась, тут ужо збоку. Далёка збоку, за вярсту абыдзеш усе пасты, усе вёскі. І так, што,калі хто і ўгледзіць цябе, каб не падумаў, што вы адна кампанія — ты, Мар'яна, хворая і конь. Во так і сапіце ў насы, кожны ў свой. І да Ганны ты прыйдзеш, калі сцямнее. Пакажаш хату з горкі, Мар'яна. Чакаю цябе паслязаўтра. З богам, дзеці.

— Дзякуй, дзед. Не забуду.

— Не забывай, сынок, не забывай. Нічога не забывай.

Стары перахрысціў іх — напісаў пальцамі крыж на фоне зорнага неба.

Трэці дзень сядзеў Шабовіч на гарышчы. Спусціўся толькі пазаўчора і ўчора позна ўвечары па сігнале юнага гаспадара Міколкі, старэйшага Ганнінага сына. Слых у Шабовіча ад адзіноцтва і ўслухоўвання ва ўсе гукі ў хаце і вакол — ва ўсёй вёсцы, стаў што ў кажана. Але хлопец з'явіўся нечакана. Увечары. Удзень, калі прыносіў абед, лесвіца пад яго нагамі скрыпела і грымела. А тут — ніводнага гуку, трэба ўмець. І па гарышчы прабіраўся гэтак жа нячутна. Толькі калі дабраўся да сена, на якім Стась спаў, тады ўзняў шум — зашамацеў. Прашаптаў з захапленнем і як бы з зайздрасцю:

«Кліча цябе Аксанка».

Здзівіла, што транаццацігадовы сельскі хлопец, які ў іншым паводзіў сябе ажно занадта па-даросламу і які ў першы вечар, калі ўладзіла яго сюды Мар'яна, сказаў: «Цётка кліча вас».— «Якая цётка?» «Ваша»,— раптам сказаў пра цётку як пра сваю равесніцу. Ажно спалохаў гэтым памяншальным імем — Аксанка: падумалася, што ёй блага, а таму і ласкавасць такая.

Становішча Шабовіча было незразумелае, часам здавалася абразлівым. Баявы здаровы падпольшчык, які выконваў надзвычайныя заданні, сядзіць на гарышчы, што загнаны кот. Гаспадыняй загнаны. У першы ж вечар, з ухваленнем маўклівай Мар'яны.

Прывязвае Аксана, а інакш толькі бачылі б яго.

Дзіўна паводзіць сябе Ганна. Загадкава, супярэчліва. Сустрэла яна іх, у тым ліку і сястру сваю, амаль варожа. Пачуў Стась, як дакарала: