— Знаю цябе.
— Дык і я ж цябе, мамачка, знаю.
Ганка хітра хмыкнула і весела праводзіла:
— Ну, папаўзлі, змеі паласатыя, у лес густы.
А Шабовічу стала нявесела. Больш таго, нейкі ж вельмі цяжкі смутак агарнуў яго. Многа разоў развітваўся з Аксанай, ідучы на небяспечныя заданні, і ніколі не адчуваў такога цяжкага пакутлівага смутку. Да яго дадалося як бы ўніжэнне ўласнае, сорам за сваю бязвольнасць: адступіў перад бабай, не мог дамагчыся пабачыць уласную жонку. Недарэмна Іван Ткачук, як узброены баявік, неаднойчы лаяў: «Інтэлігент ты, Стась, недаспелы, размазня».
На поплаве іх ахутаў густы туман. Нават Міколка не ўсюды ішоў упэўнена, спыняўся, нахіляўся да зямлі, як бы нюхаў даўні свой след. І маўчаў, засяроджаны, можа, трохі пасаромлены, што і ён блукае. Але ж у такім тумане не дзіва. Шабовіч сказаў хлопцу пра гэта — каб падбадзёрыць. І той адразу набыў ранейшую жвавасць, сталую ўпэўненасць. А калі перайшлі рэчку па заваленай вярбе і дабраліся да лесу, выйшлі на торную дарогу, Міколка адчуў сябе, як кажуць, на кані. І красамоўнасць яго вярнулася. Ды і настрой Стасеў, яго панурую маўклівасць зразумеў, як дарослы.
— Ты не думай, што наша матка злая.
— Чаму я так магу думаць?
— Да вайны яна вясёлая была. Бацька казаў, што ёй у арцісткі трэба было ісці, а не ў ільнаводкі. Цяпер яна за нас баіцца, за мяне і за Міцю. Я, канешне, свінтух, на мне шкура гарыць. Выдзелае яе матка.
Углыбіліся ў лес. Развіднела. У лесе туман рассеяўся — як парвалі яго дрэвы на дробныя шматкі.
Міколка прысеў на паваленую сасну.
— Давай паснедаем.
Дастаў з-за пазухі акраец хлеба, дзве цыбуліны, разламаў хлеб на дзве палавінкі, большую працягнуў Шабовічу.
— О, не, брат! Табе назад ісці. А мяне ў атрадзе накормяць. Далёка да атрада?
— Недалёка ўжо.
— Ну, во, бачыш, недалёка. А ад вёскі, глядзі, вёрст сем адмахалі, калі не ўсе дзесяць. Еш ты больш. І цыбуліны дзве. Вітаміны. Табе расці трэба.
— Вырасту.
— Ты мне так і не сказаў, як атрад называецца. Цяпер, думаю, можна.
— Алёшы.
— Так і называецца «атрад Алёшы»?
— Камандзір у іх... Аляксей Іванавіч.
— Ты быў у атрадзе?
— Быў. Бачыў ты,— Міколка памацаў ягадзіцу.
— Гэта цябе ў атрадзе так?
— Не ў атрадзе. Аляксей Іванавіч дадому прывёз, у сядле. «На, кажа, Ганна, твой скарб. Для нас ён малы». Ну, матка і нарабіла метак на скарбе. Каб не згубіўся...
Шабовіч першы раз за раніцу засмяяўся. Не за раніцу. За тыдзень. Але тут жа аспрэчыў сябе: не, з Аксанай яны смяяліся і ў першую ноч, і нават тады, калі яе параніла, яна ўмела засмяяцца... І заплакаць, і засмяяцца.
Доўга ішлі па прасецы, зарослай хмызняком, коннай дарогі на ёй не было, не вельмі торная пешаходная сцежка. Уперліся ў завал, у паваленыя на прасеку дрэвы, даўно паваленыя, напэўна, мінулай вясной — на хвойных асыпалася ігліца, пад лісцвянымі не было сухога лісця, тырчэлі засохлыя сукі, лупілася кара, паточаная караедамі.
Мікола спыніўся перад завалам, падцягнуў штаны, быццам рыхтаваўся пераадолець перашкоду скачкамі.
— Ну, усё. Далей я не хадок, а то доўга будзе плакаць мая срачка, калі матка ўзнае.
Шабовічу захацелася абняць хлопца, але ён стрымаўся. Сказаў, як даросламу, скупа, проста:
— Дзякую табе, Мікола.
— Няма за што.
— Ты сапраўдны разведчык.
— Куды мне да цябе... Ідзі па дзялянцы. Убок не зварочвай. Так ходзяць партызаны. Я тут цэлы дзень праляжаў.
— Беражы Аксану.
— Не бойся за яе.
— Дай руку, таварыш.
Так, па-даросламу, развіталіся.
Шабовіч пераступіў адно дрэва, другое... І раптам зноў пачуў, як ударыў у сэрца той ранішні смутак, нядобры. Ён спыніўся, азірнуўся.
Міколка стаяў на месцы. Памахаў яму рукой.
Так ён азіраўся яшчэ колькі разоў і кожны раз бачыў самотную постаць хлопчыка з узнятай, як у салюце, рукой.
Наперадзе недалёка заржаў конь.
Міколка знік.
Жорсткія клюшні смутку аслаблі, адпусцілі сэрца. Стала лёгка і радасна. Вось яна, доўгачаканая мэта!
7...
Дазволілі сабе паспаць пазней. Была нядзеля. Напярэдадні зрабілі конны рэйд у бок Мінска, у зону, дзе не дыслацыраваліся партызанскія атрады. Паганялі паліцэйскіх у невялікіх гарнізонах. «Каб не спалі,— смяяўся Ігар,— а то салам заплылі». У рэйдзе не ставілі мэту ліквідацыі гарнізона і ў сур'ёзныя баі не ўлазілі, нямецкія базы абыходзілі. Пяцярык толькі здраднікаў адаслалі да прадзедаў. Але панікі нарабілі сярод паліцаяў і старастаў. А добрых людзей падбадзёрвалі: жыве савецкая ўлада не толькі ў далёкіх лясах! Уласна і ставілі такую мэту — прапагандысцкую. Работы больш за ўсё было камісару. Ігар у кожнай вёсцы выступаў. Было пра што сказаць: пра акружэнне фашысцкай арміі пад Сталінградам. Некаторыя жанчыны плакалі ад радасці: свае прыйшлі, сыночкі. Калі мераць па карце, то кіламетраў восемдзесят прайшлі, не лічачы таго, што вакол некаторых вёсак кружылі, пакуль вялі разведку, пятлялі, адступаючы, ішлі па дарогах — праз палі і лясы. Спрыяла пагода — мароз скаваў зямлю, усюды можна прайсці. Вярнуліся ў лагер апоўначы. Ды пакуль пачысціліся, памыліся, павячэралі, абмеркавалі вынікі рэйду. Лічылі яго ўдалым. Камандзіры і байцы былі хораша ўзбуджаныя.