Выбрать главу

— Мне не трэба ў прыбіральню.

— Праваняў увесь дом.

— Гэта малы, у яго панос... ад страху.

«Ва ўсіх у вас панос ад страху»,— пасміхнуўся Іваноў.

— Пайшлі,— вартавы расшпіліў кабуру.

— Пайшлі,— апанавала тая роспачлівая рашучасць, калі ўсё робіцца абыякавым, нават жыццё ўласнае.

Выйшаў без паліто, без фуражкі. Пастаяў. Аглянуўся на заснежаныя зямлянкі, над якімі чарнелі коміны. Над зямлянкай-кухняй уздымаўся празрысты дым — палілася печ, гатаваўся абед. Пабачыць бы тую добрую жанчыну, што ўчора прынесла яму есці. Яна зразумела б. Хіба крыкнуць ёй? Усім іншым. Не, на крык як бы і сілы ўжо няма. Узняў твар, злавіў засмяглымі вуснамі сняжынкі. І як напіўся з жывучай крыніцы. Ажно падужэў.

— Куды ісці?

— Туды,— паказаў рукой Бязносы.

Прыбіральня была воддаль ад жылля, у рове, густа зарослым маладым ельнікам.

Спусціўшыся ў роў, Іваноў горача дыхнуў у патыліцу:

— Уцякай.

Стась спыніўся, не паверыўшы вушам, застыў, напружыўшыся, гатовы сапраўды кінуцца пад елкі.

— Уцякай. Калі хочаш жыць...

Не, не паверыў. Павярнуўся.

— Ты хочаш стрэліць мне ў спіну? Не, не хачу! Страляй у грудзі. У сэрца страляй! Але ведай, партызана страляеш, камсамольца.

Іваноў, разгублены ад нечаканага павароту, узвёў пісталет.

Ды ў гэты міг наперадзе з-за елкі выйшаў Золатаў і выстраліў Стасю ў патыліцу.

Іваноў адскочыў убок, баючыся, што начальнік будзе страляць яшчэ. Не, маёр не прамахнуўся. Ён на міг спыніўся над забітым, пачакаў, пакуль цела білася ў канвульсіях, а на снег выплыў яркі струменьчык крыві, задыміўся, астываючы.

Падышоў да намесніка, ірвануў яго ватоўку так, што пасыпаліся гузікі. Мала. Схапіў за каўнер, разадраў. Мала. Драпнуў ногцямі сплюснуты нос, раздзёр да крыві.

— Ён напаў на цябе.

— Так точна, таварыш маёр. Ён напаў на мяне.

Капітан Брагінскі адчуваў сябе вельмі блага. З нечаканымі падскокамі тэмпературы, з болем, які раздзіраў цела, ён звыкся. Але ў той дзень балелі не толькі раны — балела сэрца, білася арытмічна; ён задыхаўся, не хапала паветра. Здавалася нясцерпна душна, зямлянка гняла, што труна.

У прысутнасці людзей, таварышаў ён мужна пераносіў гэтыя пакуты, умеў прагнаць змрочныя думы. Аднаму зрабілася страшна. Стане зусім кепска —нікога не даклічашся, лагер апусцеў. А жыць хацелася. Дажыць бы да перамогі.

Падняўся з тапчана, трымаючыся за сцяну, дабраўся да дзвярэй, адчыніў іх, прагна ўдыхаў марознае паветра, жмурыўся ад снежнага святла. Пачуў недалёкі пісталетны стрэл. Але ў стральбе тут практыкуюцца часта. Спачатку стала лягчэй. А потым пачалося спаўзанне, як з гары, у тую страшную яму, якую ён ужо добра ведаў і якой баяўся — ці вылезеш назад? Ледзьве паспеў вярнуцца на тапчан. Лёг. І панесла яго, як на арэлях,— угору-ўніз, угору-ўніз. Тужыўся спыніць гэтае гушканне, ад якога заходзілася сэрца, горла сціскалі спазмы ташнаты. Паляцеў уніз, у бездань, і на нейкі момант застаўся там у непрытомнасці, дзе і боль адступіў, адпусціў са сваіх капцюроў мозг. Але праз нейкі час — не ўзлётам на арэлях, а як бы плывучы, пачаў узнімацца на паверхню, абліты халодным потам. Вярнуўся боль, але ён радаваў, бо адчуванне болю — зварот да жыцця.

Увайшоў Золатаў, занепакоіўся:

— Ты што дзверы адчыніў? Не хапала табе яшчэ запалення лёгкіх? З тваім здароўем.

— Хтось стрэліў ці мне здалося? Я зноў правальваўся...

— Шпіён напаў на Іванова.

— Шабовіч?

— Адно гестапа ведае, як сапраўднае яго прозвішча.

— І што?

— Капітану варта ведаць, што бывае з тым, хто нападае на каравульнага.

— Вы забілі яго? Вы забілі яго! Без дазнання, без суда. Гэта забойства! Гэта забойства!

— Навум, я люблю цябе, як сына...

— Не трэба мне любоў забойцы! Я патрабую суда над вамі! — Брагінскі закашляўся, на вуснах выступіла чорная кроў.

Золатаў аслупянеў. Ад гневу. «Я да яго з любоўю, а ён суда патрабуе. Шчанюк!»

Але мацней за гнеў ударыў страх — да звону ў вушах, да памутнення ў вачах. Такі страх перажыў дагэтуль двойчы. За невялікую памылку крычаў на яго Цанава, што выганіць з органаў. А ён добра знаў, чым канчаецца выгнанне з органаў. Другі раз — калі адчыніліся дзверы самалёта і трэба было сігануць у чорную пустэчу. Ён не зрабіў гэтага сам, яго піхнуў Іваноў і... уратаваў — ад ганьбы і суда.

Абпякла думка: калі гэты дахадзяга, з якім ён, здавалася, меў поўнае паразуменне, патрабуе суда, то Ман, які баіцца яго і ненавідзіць,— абавязкова ўчыніць такі суд. Ды і праведнік камісар будзе за суд. А чым можа кончыцца такі суд — ілюзіі не было, ведаў ён суды, нізкія і высокія, і там не вельмі ўнікалі ў сутнасць, а тут, на вайне, пры партызанскай стыхіі, анархіі...