Выбрать главу

«Не маеце права! Гэта узурпатарства! Ні з кім вы не дамаўляліся. Такія справы вырашае не НКУС, а падпольны райком. Як камісар я пратэстую. І зараз жа еду ў райком...»

Брагінскі, таксама ашаломлены, моцна закашляўся. Душачыся кашлем, пачаў умольваць Золатава:

«Якаў Міхайлавіч, вы не падумалі... Не падумалі. Вы новы чалавек. А Ман... ён ужо год камандуе атрадам. А атрад... ці зразумелі вы за такі кароткі час?, гэта не толькі тыя людзі, што тут, у лесе, гэта і тыя, што ў вёсках. Яны кормяць нас, адзяюць, вядуць разведку... Аляксей

Іванавіч — тутэйшы чалавек. Усіх ведае ён, усе ведаюць яго. А вас ніхто не ведае... прыйдзіце вы ў вёску... Хто вас ведае, Якаў Міхайлавіч?..»

А сам камандзір маўчаў. Твар застыў, зледзянелі вочы, не выпраменьвалі ні цяпла, ні іроніі, ні ўдзячнасці сваім маладым сябрам. Толькі, магчыма, у вуснах, што непрыгожа скрывіліся, хацела з'явіцца ўсмешка, але не нарадзілася, амярцвела.

Холад мараўскіх вачэй спалохаў Золатава: усё-такі за Манам семдзесят чалавек, а ў яго, Золатава, чацвёра засталося. Брагінскі і той не падтрымаў яго. Але адступаць ён не ўмеў, задумы заўсёды даводзіў да лагічнага, як яму здавалася, завяршэння. Адказаў Брагінскаму:

«Вось і добра. Начальнік штаба і будзе займацца забеспячэннем атрада. А чым жа яшчэ яму займацца? — і хмыкнуў: — Планіраваць аперацыі? Наступленне на фронце?»

Ціха, але з гневам пагразіў Кіпеню:

«У райком ты можаш ехаць. Але з такім камісарам ваяваць я не буду».

Аляксей Іванавіч падняўся з лаўкі, пацягнуўся ўгору, дастаў рукамі столь, скалупнуў наплыў смалы, панюхаў, задаволены ахнуў.

«Які пах! — і спакойна сказаў: — А навошта шумець? Давайце збяром партыйную групу, і яна скажа, каму камандаваць...»

Ігар засмяяўся: як проста! Мудрэц атаман! Золатаў папярхнуўся салам. Абдало яго халодным ліўнем. Зразумеў, што партызаны — не НКУС. Супраць партыйнай групы тут не выступіш. Як ён не падумаў?

Больш да гэтай тэмы не вярталіся. Але пазней дыпламат і міратворца Ігар аформіў рашэнне райкома аб назначэнні Золатава начальнікам асобага аддзела двух суседніх атрадаў.

Знешне ўсё ішло сваёй чаргой, але ўнутраную напружанасць кожны з чатырох адчуваў. Брагінскаму ўжо не рабіла асаблівай радасці апека Золатава, хоть ён па-ранейшаму быў уважлівы і ласкавы. А Ігар... Цяпер ён не адступаў ад Золатава не ад захопленасці вопытным чэкістам, а таму што з чэкісцкай пільнасцю сачыў за кожным крокам і не скрываў гэтага, нават адважыўся вымавіць за сеансы сувязі без яго. І Золатаў пракаўтнуў вымову ад хлапчука.

Толькі Аляксей Іванавіч ніводным, як кажуць, рухам, ніводным уздыхам не выдаваў свой душэўны стан.

...«Сучок. Брак»,— і ўсё. Хамства Золатава — знішчэнне плода яго руплівай працы,— безумоўна, абурыла, але Аляксей Іванавіч і брывом не павёў. Спытаў пра галоўнае, пра тое, што аб'ядноўвае заўсёды:

«А што на франтах?»

Ігара засмуціла, што радыст не сказаў і пяці слоў аб становішчы ў Сталінградзе. Новы радыст, ці што? Але камандзір ведаў, чым жывуць людзі — Сталінградам.

— Давайце пагуляем у стратэгію. Няхай кожны з нас на нейкі момант уявіць сябе Галоўнакамандуючым. Што ён зрабіў бы? Дзе нанёс бы ўдар? У самым Сталінградзе? На Каўказе?

— Галоўнакамандуючы не гуляе, ён думае. Не кожнаму дадзена гэта — думаць так, як таварыш Сталін.

— Так думаць — безумоўна, не кожнаму. Але ў арміі ёсць паняцце: ваенная гульня. Мы яшчэ ў дваццатыя гады гулялі. Усе. Ад камбрыга да камандзіра ўзвода. На карце ствараліся сітуацыі, якія мелі месца на вайне. Брусілаўскі прарыў, абарона Царыцына, марш Тухачэўскага...

— Каго? — Золатаў зрабіў выгляд, што не пачуў.

— Паход на Варшаву ў дваццатым,— спакойна растлумачыў Ман.— Іншыя аперацыі. Мы ведалі іх вынік, але стратэгічнае, тактычнае рашэнне задачы — хто з нас, бязвусых камандуючых, ведаў? Аднак некаторыя, у тым ліку і я — верыце? — давалі такія нечаканыя рашэнні, што камбрыг наш здзіўляўся. Мне гадзіннік падарыў. Во гэты! — дастаў з кішэні «цыбуліну» «Павел Бурэ», шчоўкнуў крышкай.— Во рэч! Дагэтуль ідзе.

— Стратэгі,— зняважліва хмыкнуў Золатаў. А Брагінскі ахвотна падхапіў гульню:

— Я ўдарыў бы тут, перад намі, на заходнім. Гітлер аслабіў тут сваю групу, кінуўшы сілы на поўдзень.

— Правільна, Навум! А мы ў дапамогу рэйкавы канцэрт арганізавалі б. І бог за нас, дорыць раннюю зіму,— задаволена, быццам наступленне пачалося ўжо, пацёр над печкай рукі Ігар.

— Ранняй зімы не будзе. Гэтая кругаверць ненадоўга.

— У бацькі атамана кажуха няма,— засмяяўся Ігар.— Улетку згарэла камандзірская зямлянка, і ў ёй пагарэла зімовае адзенне.