Выбрать главу

— Сказаў я за сваё жыццё многа высокіх і правільных слоў. Можа, ад таго я цяпер і бездапаможны, што жыў ідэалістам.

— Ды не, Ігар, не. Не прыніжай сябе. Які ты ідэаліст? Ты жыў змагаром. І цяпер... Як ты з'ездзіў?

— За білетам лезці з пасведчаннем я пабаяўся таму, што перад гэтым мне такі стварылі стрэсавую сітуацыю. У абкоме. Вучань мой. Такі прыемны з выгляду. Ветлівы. Ружовенькі. І слухаў уважліва. Нарэшце, думаю, знайшоўся чалавек, які разумее... І раптам ён кажа: «А хіба не ўсё роўна яму цяпер, адновяць яго ў партыі ці не адновяць». Аляксея Іванавіча! Як ударыла! Кроў у патыліцу. І я спалохаўся, Аксюта, я спалохаўся. Гэта ганебна: у такі момант думаць пра сябе.

Аксана Паўлаўна спынілася, паставіла партфель на зямлю.

— Адпачні.

Яна ўявіла, што перажыў муж, і спалохалася за тую сітуацыю, якая шчасліва мінула.

— Ганебна знаеш што? Што я не здолеў нават абурыцца. Не, я сказаў яму: мне не ўсё роўна... нам, сябрам яго, вучням... і сям'і яго. І да яго такі дайшло. Ён павёў мяне да старшыні парткамісіі. Новы. Немалады. Можа, і вайны захапіў. Зацікавіўся, здаецца, па-сапраўднаму. Здзівіўся і абурыўся: дваццаць гадоў як чалавек рэабілітаваны, а ў партыі не аднаўляюць. Чаму? Сапраўды, чаму? Ніхто не ўзяў на сябе адказнасці. Во ў чым наша няшчасце. Павёў мяне старшыня да першага. Во дзе я яшчэ раз паверыў у партызанскае наша брацтва. Іван Яўцеевіч сам партызаніў. Адвёў я з ім душу. Весяльчак. Гумарыст. Расказваў, як яго Фёдараў... той, славуты... хацеў расстраляць. Прадстаўніка ЦК камсамола...

Ігар Арцёмавіч асекся: мімаволі падвёў да трагедыі Шабовіча. Спахапіўся.

— Пайшлі. Прагаладаўся я. Чым будзеш карміць?

Аксана Паўлаўна падняла цяжкі партфель.

— Твой ласунак. Каша грачнёвая.

— Няўжо з салам?

— З салам.

— Дзе ты крупы дастаеш? Я забыўся, калі бачыў грэчку на прылаўках.

— А я хабар бяру ад аднаго хворага толькі грэчкай, больш нічым,— засмяялася доктарка.— Ад старшыні райспажыўсаюза. Павел Іванавіч, грэчка будзе — гарантую сто гадоў жыцця. І што з Аляксеем Іванавічам?

— Выносяць на наступнае бюро. Памёр Ман камуністам — і будзе жыць камуністам. Хораша сказаў сакратар. Камуністамі мы паміралі і ў блакадным лесе, і на фронце, і ў Варкуце... Камуністамі павінны застацца...

У двары дома, драўлянага, угледжанага, іх сустрэла шасцігадовая ўнучка Стася. Хітрая лісічка. Кінулася на шыю.

— Дзядзюлечка прыехаў!

Выдумка дзядзькі Стася. Навучыў некалі свайго сына называць дзеда не дзядуля, а Дзядзюля; камандзір брыгады Цімох Дзядзюля ў тыя гады быў частым госцем у іх доме. І Дзядзюля пасля смяяўся: «Быў адзін Дзядзюля, сталі два. А ты кажаш — радзее наша брыгада».

Малая атрымала новую ляльку і машыну, пабегла хваліцца падарункамі.

— Даканаеце вы мяне цацкамі. Усюды цацкі: у доме, у двары, на градах. Нашэсце нейкае.

— Няхай цешацца дзеці, у нас з табой не было.

— Пацехі ім на адну гадзіну, а пасля валяецца...

За абедам Ігар Арцёмавіч сказаў:

— Ксюта, паедзем у выходны на магілу Стася, даўно не былі.

Колькі разоў за іх доўгае сумеснае жыццё сказаў ён гэтыя словы, і кожны раз яны расчульвалі Аксану гэтак жа, як і тады, калі сказаў іх упершыню яшчэ ў партызанах, пасля блакады. «Аксана, з'ездзім на магілу Стася». Яна тады ледзьве не задыхнулася пад абвалам пачуццяў, вельмі складаных. Яны не былі яшчэ мужам і жонкай. Ман не адпусціў іх адных, даў для суправаджэння дзесятак лепшых коннікаў.

Памаўчаўшы, Аксана Паўлаўна паклала сваю руку на мужаву:

— Дзякую табе, Ігарок.

— Ну, што ты,— збянтэжыўся ён, так бянтэжыўся кожны раз.

Прыбраўшы са стала, сказала з гаспадарчай буднічнасцю:

— Ты адпачні, а я прапалю цыбулю. Дружная вясна ў гэтым годзе.

Ігар Арцёмавіч сеў на канапу, па-дзіцячаму падкурчыўшы босыя ногі, уключыў «Спідолу» і пад ціхую музыку непрыкметна заснуў.

Прачнуўся ад адчування, што на яго нехта глядзіць, чужы. Расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой лысага чалавека з маршчыністым тварам, але дзябёлага яшчэ ў паставе.

Заходзіла сонца. Біла ў вокны. І лысіна ў незнаёмага была ненатуральна ружовая.

Нейкі нядобры халадок штурхнуў у сэрца. Але ён папракнуў сябе:

«Што гэта ты, людзей пачаў баяцца?»

Спусціў ногі, пашукаў тапкі на падлозе, не адразу намацаў іх.

— Здароў, камісар,— фамільярна гукнуў незнаёмы.

— Добры дзень... вечар... але, ужо вечар, я заснуў...

— Пастарэў і ты. Не пазнаеш?

— Не пазнаю.

— Золатаў. Помніш?