Ліхач слухаў уважліва, без заўсёднай сваёй скептычнай усмешкі, і гэта яе насцярожвала: такая сур'ёзнасць што зацішша перад навальніцай — чакай бліскавіцы жарту. І ён бліснуў, жарт. А калі гэта быў не жарт?
Вася падняўся і без усмешкі, на поўную сур'ёзнасць, перад усёй групай у трыццаць чалавек сказаў:
«Алка, выходзь за мяне замуж. Во пара будзе! Я — няправільны. Ты — правільная. Закон супрацьлегласці! А якія дзеткі ў нас будуць!»
Яна магла б прыняць жарт яго — прывыкла за чатыры гады — і не звярнуць увагі. Але дзяўчаты, дурніцы, закрычалі:
«Алка, згаджайся! Лаві момант! А то позна будзе. Такія хлопцы не валяюцца!»
Яна абразілася і са слязамі на вачах выскачыла з аўдыторыі, чаго не рабіла ніколі, нават калі размова даходзіла да сур'ёзных сутычак, да абвінавачвання яе ў кар'ерызме, а гэта часам рабілі. Дзіўна, Вася выйшаў следам і зноў-такі зусім сур'ёзна папрасіў прабачэння. І ёй стала сорамна за свае слёзы. А пасля ён быў уважлівы да яе, пачцівы, без смяшкоў. І ў яе — о, слабы пол! — часам з'яўляліся зусім бабскія думкі! Але яна праганяла іх: не на кухні і не ў пялёнках яе прызванне!
А потым здарылася гэтае... Недзе ў зімовыя канікулы. Яна позна затрымалася ў пакоі камітэта — выконвала абавязкі сакратара інстытуцкага камітэта, вызвалены сакратар быў на вучобе ў Маскве. У пакой увайшоў Вася Ліхач. Не павітаўшыся, спыніўся ля парога і пачаў дзіўна разглядаць яе — як убачыў упершыню. Яна адступіла ад стала да сцяны і таксама моўчкі глядзела на яго са страхам і... надзеяй. Божа! Якая ганьба — з надзеяй!..
І раптам ён павярнуўся і шчоўкнуў выключацелем.
«Ала! Пагуляем у кошкі-мышкі?»
І яна не абурылася, не выставіла нахабніка прэч.
Яна ўсё з тым жа страхам чакала.
Калі трохі адаптавацца, знайсці чалавека ў зацемненым пакоі няцяжка — вуліца далекавата, але святло ліхтароў даходзіць.
І ён адразу знайшоў яе. Абняў, моцна прыціснуў, пачаў прагна цалаваць... у вусны, у шыю. І — о, жах! — ёй гэта было салодка. Потым яго рука дакранулася да калена і, гарачая, папаўзла ўгору, забралася пад трусікі да самага патаемнага месца і ласкава, да неверагоднасці, да галавакружэння прыемна гладзіла гэтае месца. Сапраўды, яна згубіла галаву ў той, адзіны ў яе жыцці, міг. А ён асцярожна, па сантыметры, падводзіў яе да канапкі, што стаяла ў кутку за газетным столікам. О, гэты пракляты столік! Яны такі зачапіліся за яго, пахіснуліся, і ў яе зляцелі акуляры, з гучным звонам разбіліся. І тады яна адпіхнула яго і сказала: «Дурань!»
Васіль выпусціў яе, адступіў і — як растварыўся ў змроку; яна не бачыла яго і не чула нават дыхання, хоць, цалуючы, ён задыхаўся. Яна не чула, калі ён адступіў ажно да дзвярэй, да выключальніка. Калі нечакана ўспыхнула люстра на пяць вялікіх лямп, яна, заплюшчыўшыся, чамусьці вельмі спалохалася: чакала, што ён зганьбіць яе. Не, Вася меў, як ніколі з часу іх знаёмства, разгублены выгляд, такім не бачыла яго ні разу ні перад кім.
Ён нахіліўся, падняў пазалочаную аправу яе акуляраў, асцярожна палажыў на столік. Уздыхнуў — са шкадаваннем. Сказаў ціха, ветліва, прыстойна: «Прабач, калі ласка».
Ёй захацелася заплакаць, яна спалохалася і адвярнулася. Ён спытаў: «Да інтэрната без акуляраў дойдзеш? Ці праводзіць?»
Яна адказала раззлавана:
«Дайду без цябе!»
«Бывай здарова. Шчасця табе».
Гэтае «шчасця табе» не давала заснуць усю ноч. Не, не гэтае. Дотык яго рукі да мясцін, якіх краналася хіба што рука маці даўно, у яе маленстве; нават дактарам, жанчынам, яна ні разу не дазволіла на медаглядах мацаць у тым месцы, праўда, ніводная і не настойвала на гэтым: не ў сталоўках практыку праходзіць — на заводах. Толькі адна па-матчынаму ласкава пагладзіла яе жывот, ногі, пахваліла:
«Прыгожае ў цябе цела. Во будзе шчасце камусь».
Гэта яе ўсхвалявала мацней, чым усе заляцанні студэнтаў і нават выкладчыкаў.
Так, незвычайная была тая ноч, незабыўная.
Часцей — сорам! — яна замірала ад цеплыні яго рукі. Пасля, ацверазеўшы, гневалася: нахабнік, лавелас, марцоўскі кот! Гэта табе не па вяроўках лазіць. Не на тую натрапіў! І бадай супакоілася і заснула, калі адагнала ўспаміны пра ўласную слабасць і канчаткова пераканала сябе, што сапраўды не на тую натрапіў, што грэхападзення не адбылося толькі дзякуючы яе стойкасці і высокім маральным прынцыпам. Адступілі ўсе староннія думкі, якія расслабляюць, і прыйшло задавальненне сабой: але, яна вось такая і такой застанецца! Самазадаволенасць гэтая яшчэ больш вырасла, калі яна прыйшла ў інстытут і ўбачыла, што Ліхач вінавата адводзіць вочы. Праўда, праніклівая Галя Бурэйка спалохана прашаптала: