Выбрать главу

— На якім ранейшым?

— Гандлёвага абсталявання.

— Гэта вы вылучылі сваю кандыдатуру?

— Я.

— Смела.

—  У наш час трэба быць смелым.

— Правільна. У вас якая прафесія?

— Машынабудаўнік.

— Аўтамабіліст?

— Станкабудаванне. Але станкі я не рабіў. Ведаеце, якія зігзагі бываюць пры размеркаванні маладых спецыялістаў.

— Любіце аўтамабілі?

— Люблю цікавую работу.

— На заводзе прычэпаў цікавая работа?

— Можа стаць такой.

— Пры ўмове?

— Мадэрнізацыі вытворчасці. Аднаўлення прадукцыі. Адстаём жа ад сусветных узораў.

— Адстаём,— міністр уздыхнуў, а ўвогуле быў задаволены сабою, што прыняў дырэктара малавядомага завода; спадабаўся яму гэты малады востры чалавек, некалі на заводзе ў рангу інжынера, начальніка цэха і ён быў, бадай такім, праўда, у крэсле дырэктара быў ужо іншым, можа, і гэта было прычынай цяжкаватага ўздыху, бо падумаў: «Напэўна, гэтак не адсталі б, каб не толькі я, але многія дырэктары даўжэй заставаліся такімі, як гэты Ліхач,— і зноў разгладзіў маршчыны, усміхнуўся. Ліхачоў быў такі ліхачом, таму застаўся Ліхачовым».

— І якая ў вас просьба? Толькі канкрэтна. Не расцякайцеся. У мяне мала часу.

— Мне трэба новае абсталяванне, напачатку хаця б для аднаго цэха — шасі. У нас, смешна сказаць, працуюць станкі пяцідзесяцігадовай даўнасці.

Міністр лёгка свіснуў.

— Вы думаеце, яно ляжыць у мяне пад сталом?

— То з чаго пачынаць перабудову?

— З перабудовы.

— Сяргей Паўлавіч, я фантазёр, але адначасова і прагматык і ніколі не любіў сафістыкі, нават у адносінах з дзяўчатамі, дзе трэба напускаць туман.

Міністр зноў засмяяўся.

— Сядзець вам гадоў праз дзесяць у маім крэсле.

— Сесці магу, але не ўсаджу. Выб'юць. Не ўмею я моцна трымацца за яго, за крэсла.

Маршчыны на твары Сяргея Паўлавіча, якія былі расплыліся і памаладзілі яго, раптам звузіліся і паглыбіліся. Пачарсцвеў бохан твару.

Міністр задумаўся.

Ліхач упікнуў сябе:

«Распусціў язык, дурань. Знайшоў перад кім дэманстраваць сваё вастраслоўе. Гэта табе не Ала Наліцкая. Ды і яна ў ролі першага сакратара кісла прымае такі тон».

Міністр павярнуўся да пульта селектара, націснуў кнопку. Адразу адгукнуўся густы барытон:

— Слухаю, Сяргей Паўлавіч.

— Андрэй Самойлавіч, у нас нямецкая лінія ў Брэжневе так і ляжыць?

— Ляжыць,— уздыхнуў барытон.

— І доўга будзе ляжаць?

— Думаю, год, не менш. Будзем рэалістамі. Падводзяць будаўнікі.

— Самае простае: усё валіць на будаўнікоў,— Сяргей Паўлавіч чамусьці раптам цяжка задыхаў, быццам у яго пачаўся прыступ астмы.

Мабыць, сэнс дыхання гэтага добра ведалі, нават калі яно перадавалася і па селектарнай сувязі.

— А што вы прапаноўваеце? — у Андрэя Самойлавіча барытон змяніўся на тэнар.

Голас міністра наліўся гарачай сталлю:

— Упакоўка згніла. Ржавеюць дарагія станкі. Псуецца праграмная  сістэма...

— Яна якраз пад крышай.

— Ты супакоіць мяне хочаш? Нас з табой судзіць трэба!

— Гэта куплялася да мяне.

— Я купляў, чорт вазьмі! А ты павінен быў устанавіць. Год назад лінія павінна была працаваць! А ты мне абяцаеш — праз год. Праз год нас з табой не будзе тут, май на ўвазе...

— Не разумею вашага гневу,— голас Андрэя Самойлавіча перайшоў на піск.

— Перадайце лінію энскаму заводу! Сёння ж!

— Ка-а-му? — гэтае «каму» праспявалася з вялікім здзіўленнем.

— Табе што трэба — прэстыжны завод ці машыны?

— Прычэпы.

— А прычэпы — не машыны? У цябе яны лішнія? Няма каму працаваць? Перавытворчасць? Зараз да цябе зойдзе дырэктар завода. Аформіць без каніцелі! Усё! — і націснуў на кнопку пульта. На развітанне міністр сказаў проста, па-бацькоўску: — Ну, калі ты мяне падвядзеш — я з цябе штаны здыму.

— Не падвяду, Сяргей Паўлавіч. Не падвяду.

У прыёмнай намесніка Ліхач чакаў значна даўжэй. І нічога не рабіў, каб паскорыць прыём. Няхай самаўпэўнены Андрэй Самойлавіч астыне, перагаворыць з аддзеламі, пададдзеламі, можа, нават з Брэжневам — з нейкай там філіяй гіганцкага КамАЗа, якую ніяк не могуць дабудаваць. Сядзеў дырэктар ціха і пачціва. Нават не жартаваў з сакратаркай, хоць была яна намнога маладзейшая, чым Зоя Аліеўна.

З бліжэйшага паштамта (з міністэрства не стаў званіць, каб не выдаваць сваёй радасці) звязаўся з заводам, з галоўным інжынерам.

— Міхаіл Юзафавіч, я толькі што выбіў у міністра лінію. Заходнегерманскую.

Галубятнік расчаравана ўздыхнуў.

— За морам цяля — паўрубля... Але бяда не ў цане перавозу — у часе. Лепш свае, за рублікі, ды хутчэй.