Выбрать главу

«Трэба табе прачысціць мазгі».

Ах, Ала, не хітруй сама з сабой. Усё больш складана. І таямніча. Пра такое сапраўды хіба сама сабе ўначы ў бяссонніцу прызнаешся. Узбунтавала яе душэўны спакой тая неспадзяваная сустрэча ля Нёмана з ім, з яго сям'ёй. У наступную ноч сасніла дзіця, такога ж узросту, як яго Маша, толькі не дзяўчынку — хлопчыка. Падкідвала яго, што мяч, лавіла, цалавала яго ножкі, хлопчык заліваўся смехам, і яна таксама рагатала, і было ад гэтай гарэзлівасці незвычайна прыемна. Сон гэты не даваў засяродзіцца на рабоце. А на другую ці трэцюю ноч яшчэ горш: яна спала з мужчынамі, адразу з двума, адзін з аднаго боку, другі з другога,— Толя, вадзіцель, і ён, Ліхач. Сарамата якая! І брыдота. Пасля, удзень, з'яўлялася проста-такі страшнае адчуванне: мужчыны ведаюць пра яе ганебны сон і аглядаюць да абразлівасці пажадліва.

Незвычайныя сны ў розных варыяцыях паўтараліся і выбівалі яе са звычайнай жыццёвай каляіны, добра наезджанай за дванаццаць гадоў кіраўнічай работы. Нельга сказаць, што раней яна не думала пра асабістае, чалавек ёсць чалавек,— пра тое, што варта неяк уладкаваць сваё жыццё, не лепшы гэта лёс застацца векавухай, ды і нелагічна з яе знешнасцю — лепшым пасагам, што маглі падараваць бацькі. Думала пра дробязі — што купіць, што пашыць, тут яна захоўвала пачуццё меры, але ад моды ніколі не адставала, гардэробам сваім забяспечвала сястру, пляменніцу, маладых суседак, калі наведвалася да бацькоў. Аднак такія клопаты ніколі не перашкаджалі рабоце; пабочныя думкі — добрыя паўзы для адпачынку.

Уласна кажучы, выбілі яе з усталяванага рытму не сны — бяссонніца ад гэтых сноў, думкі. Сны — ліха з імі, яны бываюць самыя нечаканыя, фантастычныя, снілася, напрыклад, што яна хадзіла па Месяцы — жахлівыя пейзажы. А вось думкі... Яны заўсёды зямныя, прывязаныя да людзей, да спраў, да планаў, розных планаў, у тым ліку і асабістых.

І чым далей, тым горш. Пацягнула Алу Уладзіславаўну ў радзільны дом. Наведвалася ж разоў колькі і там, у дняпроўскім горадзе, ведала, што гэтыя нечаканыя «налёты» старшыні выканкома добра падцягваюць людзей, трымаюць, як кажуць ваенныя, у баявой гатоўнасці. Але там ніякіх асабістых эмоцый радзільня не выклікала — звычайная неабходная ўстанова, як бальніца, сталоўка, лазня. А тут адбылося сапраўды-такі штось незвычайнае. Можа, таму, што трапіла сакратар гаркома якраз тады, калі маці кармілі дзяцей. Якую палату ні адчыніць — поўныя белыя грудзі маладых матак і смоканне ружовенькіх роцікаў. Як спрытна гэта дзеці робяць. Суткі-двое пражыло, а ўжо шукае, калі згубіць сасок. І маці ўсе нейкія дзівосныя. Мадонны! І пахла ад іх малаком.

Дні два выява гэтая стаяла перад вачамі, перашкаджала працаваць. Гутарыць з дарослым, часам барадатым чалавекам, а бачыць яго маленькага — уяўляе, як ён смактаў матчыны грудзі. Проста насланнё нейкае. Бадай, ненармальны псіхічны зрух.

А потым пачаў паўтарацца адзін і той жа сон: дзіця смокча яе грудзі. Праз тыдзень Ала Уладзіславаўна пачула ў грудзях боль. Гэта моцна спалохала. Звярнулася да ўрача-тэрапеўта. Тая паслухала, памацала грудзі і павяла да анколага. Анколаг — мужчына, і ёй стала непрыемна, што той будзе камечыць яе грудзі пракуранымі жоўтымі пальцамі. Але ён толькі ласкава павадзіў далоняй па яе грудзях і павёў на рэнтген. Уважліва глядзеў разам з рэнтгенолагам.

«Абсалютна чыста,— заключыў, прынёсшы ёй заспакаенне, але тут жа спытаў: — Вы ў гінеколага былі?»

«Не. А навошта?»

«О не! Зараз жа пойдзем да гінеколага. Думаю, што вашы нядужасці — па іх часці».

Анколаг займаў пасаду намесніка галоўнага ўрача і добра ведаў, хто пацыентка, і Ала Уладзіславаўна яго помніла — па нарадах.

Яна не любіла гінеколагаў, агляды іх абражалі яшчэ ў інстытуце, і гадоў сем ужо не наведвалася да гэтага спецыяліста, ды і ўвогуле да ўрачоў звярталася хіба толькі калі грыпавала, а так не мела патрэбы, здароўе ў яе было выдатнае, і перастарэлая дзяўчына пераканала сябе — не хварэе таму, што вядзе ідэальна правільнае жыццё.

Па дарозе ў жаночую кансультацыю — намеснік галоўурача палічыў сваім абавязкам суправаджаць высокую пацыентку — Наліцкая збянтэжана папрасіла:

«Не кажыце, калі ласка, хто я».

Ён прыпыніўся, агледзеў яе.

«Вы што, цяжарная? — і здзівіўся: — Дык што ж тут такое...— пашукаў слова,— недазволенае? Ала Уладзіславаўна!»

Яна пачырванела.

«Ведае ён, што я незамужняя? Ведае, безумоўна, гэтую рысу маёй біяграфіі, бадай, увесь актыў ведае. І лічыць, што і пры такой сітуацыі ў цяжарнасці нічога ганебнага няма».