Выбрать главу

Такая філасофія ўрача неяк дзіўна заспакоіла, ледзьве не ўзрадавала: усё ж прасцей, чым ёй здаецца.

Гінеколаг, сівая поўная жанчына, за сваю доўгую практыку чула і бачыла тысячы драматычных і трагічных сітуацый, нават камічныя здараліся. Здзівіць яе нічога не магло. Аглядала яна няспешліва, ляніва, здавалася, абыякава, можа, не падабалася ёй, што пацыентку прывёў намеснік галоўнага: падумаеш, персона! Зрабіўшы такі вывад, Ала Уладзіславаўна трохі забаўлялася назіраннем за ўрачыхай, іграючы гэткую ж абыякавасць і звыкласць да аглядаў. Але і праз шкло двух акуляраў, сваіх і бабуліных, убачыла ў пэўны час у вачах урачыхі здзіўленне. Але на словах гінеколаг яго не выказала.

Скончыўшы працэдуру агляду, гэтак жа няспешліва памыла рукі, села, падсунула бланкі рэцэптаў, але тут жа бадай раздражнёна адсунула іх. Сказала катэгарычна: «Нарадзіць вам трэба! Баліць у вас не тут,— прылажыла руку да грудзей, пасля перанесла да галавы, запусціла пальцы ў сівыя пасмы,— а вось тут».

«Бесцырымонная бабуля»,— падумала Наліцкая, але падзякавала шчыра, узрадаваная: урачы, усе трое, развеялі яе анкалагічны страх.

Аднак ненамнога і ненадоўга стала лягчэй. Знік страх. Але ўзнікла праблема, ад якой раней яна лёгка адмахвалася, нават калі пра гэта пачынала сур'ёзную гаворку маці, ад знаёмых проста ўмела аджартавацца. Нельга, безумоўна, сказаць, што не думалася пра магчымасць адзіноцтва, якое можа наступіць; цяпер ніколі не адчувала яго, таму не баялася. Але з кніг, з расказаў людзей ведала, што гэта цяжкі пакутлівы стан, і, як бы яна ні навучылася пазбягаць яго, адзіноцтва, старасць будзе бязрадасная — гэта яна добра разумела. Але ў такія гады старасць яшчэ здаецца далёкай абстракцыяй. Калі яна наступіць! Да яе ў жыцці можа адбыцца многа нечаканага. А пакуль жыві тым, што цябе грэе. Падабаецца многім няньчыцца з дзецьмі — няхай нараджаюць дзяцей. А яна будзе аддаваць сябе працы дзеля таго, каб дзецям гэтым шчасліва жылося — у камунізме. Кожнаму — сваё. А карацей кажучы, з-за працы проста не хапала часу філасофстваваць на гэтую тэму. Спала добра, сніла рознае — без такіх паўтораў, як цяпер,— і сны гэтыя забываліся пры першай жа сустрэчы з людзьмі на лесвіцы дома, дзе жыла, ці ў прыёмных выканкома, гаркома.

А тут раптам, пасля звароту да ўрачоў, у бяссонную ноч з'явілася незнаёмае — як нечаканы цяжар — адчуванне сваіх трыццаці шасці гадоў і прыйшла думка: не агледзішся, як наступіць той фізіялагічны ўзрост, калі нарадзіць ужо не здолееш, нічога нечаканага за гэтыя пяць-сем гадоў не здарыцца, як не здарылася дагэтуль.

Але лёгка сказаць: нарадзіць трэба. А як гэта зрабіць, мудры доктар? Выйсці замуж... За каго — з пасагам яе гадоў і пры яе становішчы? За таго начальніка будтрэста, якому на мінулым бюро запісалі вымову за развод з жонкай? Хто з такіх адважыцца зрабіць ёй прапанову? Спакусіць Толю? Спакусіць можна — пазірае на яе калені пажадліва. Але такі маральны чысцюля здольны пакаяцца перад маладой жонкай, і, калі тая ўзніме лямант, а напэўна ўзніме, за такую амаралку зляціш з высокага крэсла,што футбольны мяч. А Ала Уладзіславаўна больш за ўсё баялася на нечым спатыкнуцца так, што за гэта могуць без парашута, як жартуюць яе калегі, спусціць з тае вышыні, на якую яна ўзнялася не за прыгожыя вочы, не з дапамогай пратэкцый, а стараннай сумленнай працай у камсамоле, у гарсавеце. Яна ганарылася, што дамаглася сваіх пасад сама — нікога не паіла каньяком, ні з кім не цалавалася, хоць некаторыя начальнікі квапіліся, рабілі нахабныя намёкі, і ні перад кім, бадай, не падхалімнічала. Пачцівай была, паслухмянай, дысцыплінаванай — асабліва начальству не пярэчыла, аднак свой погляд, сваю пазіцыю па пытаннях прынцыповых умела адстойваць далікатна, без шуму, без «ігры на публіку». Разумела, што за гэта яе цэняць — за ўмераную паслухмянасць, пры якой Ала Уладзіславаўна, аднак, умела не прыніжаць сябе. І гонар яе жаночы, лад жыцця ўхвалялі і кіруючыя мужчыны, і нават іх жонкі, бо ў паездках з ёй на нарады, па раёне не баяліся за мужоў: Наліцкая ніякіх «жартачкаў» не дазволіць. Такая слава, як і ўсялякая іншая, кружыла перастарэлай дзяўчыне галаву. Яна ўпэўнілася, што валодае адзіна правільным спосабам жыцця, што жанчыне — партыйнаму кіраўніку, каб не страціць аўтарытэт, толькі гэтак і трэба паводзіць сябе.

І вось упэўненасць яе рушыцца. Хіба толькі так можна пражыць? І асудзіць сябе на адзіноцтва ў старасці? Само жыццё, уся практыка роду чалавечага, сама прырода даводзіць, што сэнс толькі ў тых законах, па якіх жыве большасць людзей — дзевяноста дзевяць працэнтаў іх. У якую ж мізэрную меншасць яна залічыла сябе. І пры гэтым прэтэндуе на ролю кіраўніка, знаўцы, дарадцы, суддзі ўсіх чалавечых адносін, наладчыка гэтай самай складанай машыны — жыцця.