Выбрать главу

Падземнае царства і Царыца-Вавёрыца

Балахон Балахонавіч усё падаў і падаў, то хутчэй, то павольней, часам зусім-зусім павольна, а часам даволі імкліва. Падаць толькі спачатку было страшна, а цяпер нават і прыемна. Ён раскінуў рукі і ногі на манер зоркі і з цікавасцю разглядаў тунэль, у які зваліўся: відавочна, гэта была своеасаблівая камора, дзе захоўваліся чыесьці закруткі на зіму — шэрагі слоікаў, бутэлек, кадоўбчыкаў і жбанкоў рознага памеру і зместу праміналі ў настаўніка перад вачыма. Было даволі светла, бо на паліцах з прыпасамі гарэлі начныя лямпы пад каптурамі.

Балахон Балахонавіч спрытна выгнуўся і ўхапіў трохлітровы слоік. У ім быў кампот з антонавак, які хтосьці клапатліва закруціў пад металёвую накрыўку. Балахонавіч спрактыкавана ўскрыў яе проста рукамі, выпіў кампот, потым перакуліў слоік, патрос і ласкава ўсміхнуўся, нібыта ўбачыў кагосьці добра знаёмага: цяпер з ім побач ляцелі яблыкі.

У іх кампаніі яму не будзе самотна, таму мы вернемся на паўгадзіны раней, каб высветліць, як здарылася так, што ўсімі паважаны Балахон Балахонавіч быў вымушаны займацца тым, што зусім не да твару рабіць настаўніку, а менавіта падаць, і больш за тое, (строга — аўт.) не проста падаць, а падаць без навучальных мэтаў.

Цудоўным свежым ранкам Балахон Балахонавіч выйшаў пагуляць усцяж сваіх уладанняў і ў школьным садзе сустрэў вавёрку — седзячы на дрэве, яна ірвала антонаўкі і складала іх у вялікі кош. Натуральна, што садавіна была не ейная. Калісьці Балахонавіч сам саджаў гэтыя яблыні дзеля вітамінаў.

Вавёрчыны дзеянні ніяк не траплялі ў спіс ухвальных, таму, паважна склаўшы рукі за спінай, настаўнік вырашыў зрабіць ёй заўвагу:

— А ну павесіла фрухты назад! — наўзроў выгукнуў Балахонавіч.

Вавёрка ад нечаканасці выпусціла кош і звалілася — яблыкі пакаціліся хто куды.

Нячэсная крыху паляжала з заплюшчанымі вачыма, потым села, кпліва паглядзела на Балахона Балахонавіча, абыякава так сказала «А, гэта ты…» (было заўважна, што яна не моцна ўражана), бадзёра ўскочыла і пачала збіраць яблыкі-ўцекачы назад у кош.

— Гэй, хвастатая! — усклікнуў Балахонавіч, закрануты за жывое такой відавочнай непавагай.

— Дарэчы, Балахон, — вавёрка спыніла свае злачынныя практыкаванні з яблыкамі і, таксама склаўшы лапы за спінай, павярнулася да суразмоўцы. — Я падрыхтавала табе месца для адпачынку! Ану паглядзі!

Балахон паглядзеў туды, куды яна паказала, і ўбачыў, што пад адной з яблынь на траве-мураве пасцелены міленькі жоўты дыванок, аздоблены вышытымі валошкамі.

— Праўду кажаш? — Балахон Балахонавіч сурова звёў бровы, каб вавёрка не падумала, што ён памякчэў (а Б. Б. адразу памякчэў).

— Божа мой! — з надрывам вымавіла Вавёрыца (а гэта была яна), прыціснуўшы лапкі да сэрца, — ці ты мяне не ведаеш, Балахоне? Хіба я калісьці цябе падманвала?

— Бывала такое, — помсліва прыгадаў той.

— Ды калі тое было, — адмахнулася выкрадальніца чужых яблыкаў. — Я ўжо зусім не такая. Сядай, Балахон, не марудзь!

Вавёрка падышла да кіліма і пахлопала па ім, як бы запрашаючы настаўніка хутчэй прысесці і пачаць адпачываць пад дрэвам. У яе голасе Балахон прыкмеціў нейкую нецярплівасць, але не надаў гэтаму значэння, падышоў да прапанаванага месца адпачынку і з лёгкім рыпеннем у каленях прысеў на кілім.

Ці варта штосьці тлумачыць здагадліваму і менш даверліваму за Балахонавіча чытачу? Так, кілімам была прыкрытая пастка, (з жахам — аўт.) яма, у якую паважаны Балахонавіч неадкладна зваліўся — і вось цяпер быў вымушаны ляцець так бязмэтна і безальтэрнатыўна.

Пралятаючы міма вялікага барадатага партрэта ў тонкай раме, педагог зноў не ўтрымаўся і садраў карціну са сценкі, з налёту лёгка абарваўшы вяровачку, — яму падалося, што гэта партрэт дырэктара школы, але не — з карціны на яго пазіраў незнаёмы твар у акулярах, хаця так, вусы і барада былі падобныя да дырэктарскіх, толькі больш самавітыя і, калі можна так сказаць, неяк больш змястоўныя.

Вусы заварушыліся, і партрэт усміхнуўся. Ад нечаканасці Балахон ледзь не выпусціў яго з рук, але не выпусціў — усё-ткі ён быў смелы чалавек з жалезнымі нервамі, іншыя ў настаўнікі не ідуць. Партрэт працягваў усміхацца, пранізлівыя вочы з-пад акуляраў заглядалі Балахону проста-такі ў нутро.

Балахонавіч ажно крыху ўзмок, бо адчуў пэўную няёмкасць, і вырашыў парушыць маўчанне якой-небудзь ветлівай фразай.

— Хочаце яблык?

Б. Б. узяў адзін з кампотных яблыкаў, якія працягвалі спадарожнічаць яму, як верныя сябры, якія ніколі не збочаць, выправіўшыся з табой у дарогу, і пачцівым жэстам прапанаваў яго намаляванаму барадатаму спадару. Чамусьці ён быў упэўнены, што калі партрэт усміхаецца, то і яблыкі можа есці.