Выбрать главу

Стаіць. Па нешматлікіх галінах, па пацямнелай ад вільгаці белай кары сплываюць алавяныя струмені дажджу. А вакол ноч. Пасля яе прыйдзе раніца, але зараз над ім ноч.

Мне было так, нібы недзе на месцы бою я пакінуў адным друга, які не можа ісці са мною. Нават горш. Друга я цягнуў бы або застаўся з ім. Гэтага — нельга было. Ён бы памёр ад першага кроку... Я не мог застацца з ім... А ён не мог жыць там, дзе я, у цяснінах вуліц і ў шолаху шын, сярод нашых бясконцых размоў і, магчыма, хлусні, без жывушчага паветра, без гэтых простых людзей, без першароднай палескай мовы.

Будзь вечнай дзеля нас, зямля мая!

Ты не магло пайсці са мной, Вечнае Дрэва. Але і цяпер, калі мне бывае цяжка, я раптам, без усякага, здаецца, поваду, успамінаю, што недзе стаіць, недзе шуміць або маўчыць спакоем самой гісторыі заліты веснім святлом, дажджом або засыпаны начным снегам, стаіць і чакае другога свайго тысячагоддзя сведка ўсёй нашай пісанай гісторыі, усіх учынкаў нашых і ўсіх беларускіх жыццяў, што прайшлі за нашу гісторыю па твары зямным.

Стаіць і расце вялікі Бацька-Дуб.

Уладзімір Караткевіч

Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў

Вось струнаў спеў,

І смыка напеў,

І — пад ветрам — верасу звон.

І ўсё гэта — мы:

Наша радасць і гнеў,

Наш спрадвечны, халодны агонь.

Ён — спеў вады,

І аблокаў дым,

І скрыпкі ціхі набат

Над верасам тым,

Над каменнем сівым,

Над стрэхамі нашых хат.

Кніг тады не было, мой сынок і мая дачухна. Кнігі былі забароненыя, укінутыя пад запор, спаленыя. А вольнасці — не было. Замест кнігі вольная была толькі песня, якую не так лёгка пасадзіць у папяровую клетку. (А калі і пасадзіш — застаюцца толькі літары, бяссільны водгук магутных гукаў.) Так што самай сільнай зброі ўсемагутныя магнаты не маглі нас пазбавіць, сынок. І як цяпер харошую кнігу рвуць з рук у рукі, так тады рвалі з зубоў у зубы і з глоткі ў глотку песню. А пясняр быў самай паважанай асобай.

Але самым паважаным з паважаных быў Бан-Жвірба. Алесь Бан-Жвірба. Што гэта быў за чалавек? У латанай світцы, з торбай за плячыма і скрыпкай ён быў сярод сваіх ужо амаль не чалавек — і ўсё-ткі найлепшы чалавек на свеце з усіх, якія тапталі бедную гэту зямлю.

Са скрыпкай, залапанай рукамі і прыпаленай ля шматлікіх вогнішчаў, ён быў сярод сваіх ужо амаль не пясняр — і ўсё ж найлепшы пясняр у свеце сярод тых, чыя скрыпка калі-небудзь адказвала сітнягам.

Усё было ў спеве той скрыпкі. Падобна спявала толькі скрыпка Мірака Гульніка. Але ўсё ж гэта было не тое, усё адно як пошчак маладога бусла не параўнаць з пошчакам бусла старога. А ў напеве Бана-Жвірбы чуўся начны прыбой ліп на раздарожжы, спеў верасу пад капытамі баявых коней, песня кахання ў заранцы, шолах азёрных хваль, крык вадзянога бугая ў дрыгве і посвіст ветру ў байніцах разбураных вежаў — усё тое, што ёсць наш край.

І абыякавых не было. І нават ваўкі — ад пеннага мора да Прыпяці, ад Буга да вытокаў Дняпра — плакалі і лізалі яго сляды.

Скнара аддаваў апошняе, ворагі кляліся ў вечнай дружбе, здраднік каяўся і рыдаў і гінуў за родны край.

Калі ты не складзеш такой песні ў гонар Радзімы і волі, вайны і любові, — шэлег табе цана. І лепей тады ніколі табе не быць паэтам. Такіх хопіць тады й без цябе.

І ён хадзіў па зямлі, ніколі не заходзячы ў замкі і палацы, хаця мог бы купацца ў золаце. І ніколі не мінаў ніводнай халупы, нават калі там не маглі яму падаць і скарынкі, але дужа прасілі, каб зайшоў. І гэта другі табе запавет, калі ты заспяваў.

...Быў замак. І побач з ім была халупа. А магнат з таго замка быў чорны, як кажан, і жорсткі, як вампір. Аблытаў усё наваколле. І ўсё наваколле баялася яго.

І была халупа з торфу, напалову зямлянка, крытая дзірваном, на якім раней за ўсё вясною зелянела трава. Бо людзі грэлі яе дыханнем, жывыя людзі з-пад зямлі.

Доўга пуставала халупа. Але аднойчы, восенню, у адзіным яе акенцы загарэлася святло. Чэзлае святло лучніка, што вось-вось згасне.

Але тыя, што пасяліліся, нават хацелі гэтага. Іхні агонь быў мацней за ўсе паходні ў свеце і больш вечны, чым зоры і сонца. Бо імя гэтаму агню было — Каханне. А імя маладым было простае: Марта і Янук. Не думайце, што ім лёгка далося пажаніцца. Магнат доўга дабіваўся кахання Марты. Нават, у крайнім выпадку, згаджаўся ўзяць яе ў жонкі, хаця ў самога былі ўжо дарослыя дзеці. І заставалася б тады Марце толькі прапускаць, як пясок, золата між пальцаў, лічыць свае чароды і нешчаслівыя дні. А Марта была не з тых. Плюнула яна на ўсё і пайшла за Янука Прынаду, у якога нічога не было акрамя няновых портак ды старой стрэльбы. А і сама яна выскачыла за яго толькі ў андараку, кофце ды хусцінцы.

Але затое абое былі вясёлыя і не баяліся працы. А Янук быў яшчэ й найлепшы паляўнічы, і магнацкі сын яго хацеў у лоўчыя ўзяць ды ажаніць з нейкай там сваёю знаёмай, у якой двор, і зямля, і рэчы дарагія, і, словам, ляжы ды плюй у столь.

— Нявартыя гэтыя чароды разам з ёю... гэтай... і аднаго дня волі, — толькі й сказаў Янук. — Нявартыя і адной усмешкі Марты.

Прывалок у пустую халупу вялізны ахапак саломы — тут табе і стол, і крэсла, тут і ложак, тут і печ. Ніхто да іх не прыйшоў, збаяўшыся магната, а ім і лепей, ім і весялей.

Вогнішча развялі. Глядзяць у агонь. Радуюцца, што разам.

— Заўтра пайду, — кажа Янук, — падстралю нешта. Будзе ў нас і абед і вячэра.

— А мне ўсё адно, — кажа Марта, — я не піла, не ела б, на цябе глядзела б.

Не ведаюць, што пазней, калі вёска засне і ніхто не ўбачыць, — прыйдуць па іх з замка. Удзень браць збаяліся: людзі вакол, а ў замку начуе камісар караля, ледзь не адзіны з такіх, хто стараўся стаяць за адносную справядлівасць.

Сядзяць, глядзяць у агонь і смяюцца, як дзеці. Вось і ўсё вяселле. Тут цёпла, а за дзвярыма вецер, і яны трох: Янук, Марта і Каханне.

Раптам бачаць — не, яны чатырох. Невядома адкуль узяўшыся — ну, вядома, такога глупства, як стук клямкі або рыпенне дзвярэй — яго закаханыя могуць і не пачуць, — стаіць сівы, згорблены крыху чалавек.

— Добры вечар у хату, — сказаў сівы.

— Ну, калі гэта можна назваць хатай, то добры вечар, добры чалавек, — сказаў Янук.

Ясна, не хацелася ім, каб з імі быў нехта чацвёрты, але ж чалавек просіцца, і такі халодны вецер знадворку!

— Сядай бліжэй да агню, — і Янук пасунуў большую груду саломы бліжэй да вогнішча. — Тут табе і цяплей будзе і сушэй. Шкада, што гэта адзінае, чым можам цябе пачаставаць.

— Галодныя, а смеяцёся. Дзірка ў галаве, а ён рагоча.

— А што, каб плакалі, было б лягчэй?