Касачэўскі пераклаў.
— Адкуль? Што гэта такое?
— Я сёння атрымаў гэты ліст непасрэдна з "Лятучага Галандца", у моры.
Настала яе чарга аслупянець.
— Што гэта, жарты? Хіба гэта магчыма?
— Нічуць не больш, чым у цэнтры сучаснага города сустрэць здань, якой амаль трыста год, жывую здань.
Яна задумалася, пасля цixa сказала:
— Так, гэта не менш дзіўна. Гэта... як лёс. I ўсё ж гэта толькі непаразуменне.
Касачэўскі толькі тут разгледзеў яе твар. Добры прамы нос, рот цвёрды, з гумарыстычнай складкаю, у агромністых шэрых вачах скачуць вясёлыя чорцікі. Вейкі доўгія, загнутыя бровы стрэламі, свае, нявышчыпаныя. І гордая пасадка галавы. Відаць, што дзяўчына з характарам. Дзіўна толькі, чаму такі знаёмы-знаёмы твар, такія да апошняга знаёмыя прыгожыя pyхi.
— Недзе я вас бачыў... І ведаю, што не знаёмы.
— Напэўна, у мінулым жыцці.
Касачэўскі пакрыўдзіўся. У яго таксама быў характар, хоць сам ён выгляд меў вельмі вясковы, немудрагелісты, — як рубель для сена.
Магчыма, гэта i прывяло да наступнага. Адчуваючы, што жарты завялі надта далёка, яна сказала:
— Там вы біліся за мяне на турніры.
— Які ў мяне тады, быў, аднак, дрэнны густ, — злосна сказаў Касачэўскі.
— Oгo! Гэта пачынае мяне цікавіць. — Яна нахіліла набок галаву. I раптам дадала вельмі проста i шчыра:
— Ведаеце што, раз ужо так атрымалася, дык пасядзіце тут. Мне хочацца выявіць усё да канца. Я зараз
згатую чай.
Касачэўскі зняможана сеў на крэсла ля стала. Яна выйшла. Чортава асоба! Штохвілінна новы характар, новы чалавек. Глупства, вядома, сядзець тут і пасля такой прэлюдыі папіваць чаёк, але ж цікава ведаць, чым гэта скончыцца.
За чаем яна тым самым спакойным i даверлівым тонам спытала:
— Што ж гэта такое было? Раскажыце мне падрабязна.
Лявон нічога не ўтаіў.
— I вы адразу пайшлі сюды? — Яна глянула на яго з цікавасцю, як быццам упершыню пабачыла.
— А вы што зрабілі б на маім месцы?
Яна задумалася, паціраючы пальцамі скроні:
— Таксама пайшла б. Адразу ж. Такое бывае раз у жыцці... Але напэўна ніхто больш не пайшоў бы. Гэта рэдкасць. Для гэтага трэба вельмі верыць у жыццё, у тое, што яно не падманіць.
Яна ўсё больш цікавіла Лявона.
— Хто ж вы такая?
— Я Марыя, — сказала яна, глянуўшы на яго глыбокімі вачыма. — Я сапраўды Марыя. Шкода толькі, што не тая. Я артыстка Марыя Якубовіч. Вы рэдка бываеце ў тэатры?
— Дык вось дзе я мог вас бачыць! Я толькі ніяк не думаў, што вы тут.
— О, справа простая. Няўжо вы не чулі, што Чарада напісаў новую гістарычную п'есу?
— Баюся, што я апошні год быў надта заняты сваімі справамі. Чуў нешта такое. Назва, здаецца, "Краiна палае"?
— Так, з часоў пасля паўстання Вашчылы. Цудоўная рэч! Вы колькі тут ужо?
— Амаль тры месяцы.
— Ну дык вы тады i ведаць не можаце. Вырашылі круціць па п'есе фільм. А там палова сцэн тут, ля балтыйскіх берагоў, куды ўцякае герой. Ён вязе морам зброю.... Простыя людзі дапамагаюць яму. Пасля ён знікае на доўгі час. Нявесту яго прымушаюць выйсці за другога, і яна выпівае атруту. Вось гэтую сцэну вы і чулі выпадкова.
— Чакайце, няўжо сцэнарый у вершах?
— Што вы. П'есу пакуль што не ўзяліся ставіць. Але я маю звычай чытаць усё, што датычыцца героя. Дакументы, успаміны, іншыя творы пра яго. Ну i ролю гэтую цалкам вывучыла. Так мне лягчэй. Да таго ж, я думаю, што пасля таго як фільм выйдзе на экраны, п'есу будзе ставіць наш тэатр. Спахопіцца...
— Я думаю, што гэта будзе здорава, — шчыра сказаў Касачэўскі. — Роля ў вашых магчымасцях. Добрая будзе штука.
І калі яна раптам глянула на яго падазрона, ён шчыра разрагатаўся.
— А я... а я, дурань, ледзь не паверыў немажліваму. Чорт яго ведае, думаю, калі лісты перадаюць з "Лятучага Галандца", калi захаваўся гэты дом ля старой вежы, — чаму, думаю, не жыць у ім ценю былога, які пражыў тры стагоддзі i якраз збіраецца атруціцца.
Яна глянула на яго сур'ёзна:
— Не трэба смяяцца з гэтага. Каб я не бачыла, што вы на хвіліну ўсур'ёз паверылі, я адразу выгнала б вас за дзверы. Можа, вы i не такі чалавек, але за гэтую хвіліну вам многае даруецца.
— Ваша праўда, — пасур'ёзнеў Лявон. — Але ж гэты карабель...
— І гэта проста, вельмі проста. Калі ехалі сюды, многа гаварылі пра тое, што патрэбен карабель. Напэўна адшукалі недзе старую пасудзіну, адрамантавалі, падгрыміравалі пад старажытнасць — i вось яно ўсё i адбылося.
Лявон пасуравеў:
— Дык, значыцца, гэта ўсё нечы жарт. Дурны жарт, няварты сапраўднага чалавека. Я, вядома, не верыў, але ўсё ж...
— Але ўсё ж у глыбіні душы вашай жыла вера. І гэта добра.
— Гэта мне пакаранне, — сказаў Лявон. — Я занадта замкнуўся. Дзюны, мора, захад сонца, кнігі. У бойцы з рэалізмам я адхіснуўся ад апошняга і атрымаў па галаве... Дрэнна мне, крыўдна...
Яна раззлавалася:
— Прабачце, але гэта лухта. Усё адбылося як трэба. На хвіліну мы паверылі, што казкі будуюцца не на пяску. Як вам не сорамна крыўдаваць на жыццё? Мне бывае больш цяжка: няма на свеце людзей больш празаічных, чым артысты. Яны рэалісты да самага нутра, бо палац прынцэсы для ix — проста палаценца з груба наляпанай фарбай. Яны добрыя людзі, і ўсё ж з імі вельмі цяжка, — даводзіцца хаваць душу і выглядаць дзікай коткай.
Лявону стала сорамна. Ён паказаў сябе слабейшым за гэтую дзяўчыну. Таму ён проста сказаў:
— Я начытаўся старых балад. Яны чароўныя. І раптам атрымалася ўсё, як у іх:
Карабель плыве ў чароўным сне.
Трыста год не прыходзіць спакой.
Хай нявеста больш не чакае мяне,
Хай засушыць мірт, што чакае мяне, —
Мы не вернемся болей дамоў.
Я iдy за гэтай жывой легендай i вось...
Марыя ўсміхнулася:
— I дзякуй богу, што так. Лёгкі налёт легенды — гэта добра. А ўся легенда ў нашыя дні — гэта смешна. Ну ўявіце сабе, што вы адшукалі б тут чатырохсотгадовую дзяўчыну, а я пабачыла б марака ў панцыры, пабітым іржою. У яго, вядома, была б нежыць, бо нельга трыста год правесці ў тумане на палубе i не захварэць абрыдлівай, хранічнай нежыццю. Напэўна, ён звярнуўся б да мяне так: "Адчыдзіце бде, гэта я, дяшчасды жадіх".
Памаўчала хвіліну:
— Не, голай легенды ў нашы дні не можа быць. Але каб мы не зачарсцвелі душой, каб не сталі людзьмі, у якіх толькі i ёсць за душою, што зарплата, яна павінна быць патроху ва ўсім: у кавалку хлеба, у таўстуне, які сядзіць, гледзячы на паплавок, у метале пад молатам, нават у тым, што чалавек часам бяжыць на бераг лясной пратокі i запальвае вогнішча, як тады, калі легенд было многа, а хлеба мала.
— І нават у тым чалавеку, які ўрываецца ў чужы пакой i пудзіць яго жыхароў, якія зусім не думаюць піць атруту.
— Нават у тым, — проста сказала яна.
— I гэта вельмі-вельмі добра, — зусім ужо суцешыўся Касачэўскі.
Абаім стала лёгка і весела, калі ўсё цяжкае засталося ў мінулым.
— Піце, чай, — сказала яна. — Ахалоне. І ўсё ж гэта вельмі дрэнны жарт. Так можна і забіць у чалавеку добрае.
— Гэта не так лёгка зрабіць, — цвёрда сказаў Касачэўскі.