— Ды не... — ён перамінаецца з наг і на нагу.
Нейкі момант яны пазіраюць адно на аднаго і смяюцца. I Насця дазваляе яму расказваць пра сябе і дакранацца да свайго пляча, адчуваючы, як гэта мала, безнадзейна мала і што вось-вось высунеццаз хаты маці і зноў пакліча яе таўчы проса...
Прайшло больш года. Бяздзетны шляхціц Зыгмусь, гарбаты і нізкі, расчырванелы ад чаркі, грукае кулаком па стале — «У мяне зямлі — во!» — і лезе да Насці са сваімі расольнымі губамі, і Насця змушана цалавацца з ім. Нічога не паробіш, змушана.
Насціна маці таксама падвыпіла і ўсхліпнула:
— Не ўберагла я цябе, дачушка... А салдат ёсць салдат.
У калысцы, падвешанай да столі, заплакала Насціна малое...
28 верасня 1708 года. Рускія палкі ідуць у атаку на шведаў ля вёскі Лясной. Грымяць пушкі, трашчыць ружэйны і пісталетны агонь, ламаюцца шпагі, акрываўленыя палашы і коннікі падаюць пад капыты... О, каб ведала Насця, хто мёртвым зваліўся з каня!
Але Насця, канечне, гэтага не ведае. Чапляецца павуцінне за крывавыя каліны абапал дарогі. Яна і Зыгмусь плятуцца па сцежцы. Ён добра пад чаркаю і ўпарта мямліць адно, што ён, Зыгмусь, з ёю, Насцяю, будзе рабіць што захоча, і просіць яе, каб яна нахілілася да яго і падставіла яму свае губы. Насця азіраецца, ці няма паблізу каго з людзей, і нахіляецца... Нічога не зробіш, змушана, бо хто яе, акрамя Зыгмуся, возьме з дзіцём...
— Ты не глядзі, што я такі малы. А я, можа, вышэй от за гэтага чорта... — гаворыць Зыгмусь і паказвае на прыдарожны камень.
Гэта быў валун.
Дзевятнаццатае стагоддзе
Атлусцелы і куцы — у зялёным мундзіры і чорным трохвугольным капелюшы — Напалеон, чалавек, якому амаль усе імператары і каралі Еўропы падстаўлялі свае аголеныя галовы і віскалі ад захаплення, калі ён паблажліва паляпваў іх па спіне,— прыжмурыўся ў падзорную трубу: маршалы яго на чале сваіх карпусоў перапраўляліся на ўсходні бераг Нёмана.
10 ліпеня 1812 года непадалёку ад Міра ў зялёнае жыта ўбілася карова. Панскі пастух Мікола кінуўся з дубчыкам следам. Аборка з яго лапця развязалася, зашлёгала па густой траве, заскакала па сцежцы, пераскочыла праз канаву. Аборка блыталася і вужылася следам...
У гэты міг проста на Міколу ляцелі ўзнятыя шаблі, разяўленыя конскія морды і паласатыя грудзіны коннікаў...
Мікола рвануўся, каб выбегчы з-пад тысячы капыт, ад якіх задрыжала зямля... За нейкую патырчаку зачапілася аборка, і ён упаў.
Ён апрытомнеў, і яму захацелася агледзецца, дзе ён і што з ім. Вакол была нясцерпна балючая цемра, і ён раптам здагадаўся, што цемра была не ад таго, што стаяла ноч. Нешта слізкае, перамешанае з пяском ён адцёр са шчок і, усё яшчэ спадзеючыся на лепшае, асцярожна пальцамі дакрануўся да слізкіх, балючых і, мабыць, зусім пустых вачніц, ад якіх зараз пачыналася гэтая невыносна пякучая ноч. Чаму капыты не ўдарылі яго ў якое-небудзь другое месца? Чаму іменна сюды? I няўжо праўда, што ён зараз да самага скону павінен рукамі абмацваць сябе і тую велізарную, вогненную і чорную яму, у якой ён апынуўся?
Мікола ступіў у гэтую яму... Першы крок... другі... трэці... Потым ён задзёр угару свой твар і прыслухаўся: награецца твар ад сонца ці не? Шчокі нагрэліся — значыць, стаяў дзень. Дзень, якога ён не бачыць.
Чорная бездань, па якой ён пабрыў, то мякка шастала, то сцёбала па яго калашынах, то чвякала пад лапцямі, то зярніста і вусата тыкалася яму ў далоні. З чорнай вышыні ўсё тое, што было і тады, калі ён жыў у іншым свеце, ціўкала, шчабятала і срэбна пералівалася.
Нечакана ён зачапіўся за нешта і ўпаў. Што б гэта магло быць? Ён абмацаў грыву, капыты і сядло на спіне...
Ён брыў навобмацак і, спатыкаючыся, шмат разоў абмацваў то капыты, то сёдлы, то хвасты, то рукі, то шаблі... Недзе блізка нехта стагнаў... Далей адсюль! Далей!
Ён прыслухаўся: чуваць гаворка, смех, паасобныя выкрыкі. Але гавсрка нетутэйшая, панская. Мікола неаднойчы разводзіў на палянцы панам вогнішчы і чуў панскую мову і нават ведаў з гэтае мовы слова «мерсі». Ён узрадаваўся: вось-вось да яго падбягуць паны. Што з табою, Мікола? Доктара хутчэй! Доктар яго абгледзіць, і тады...
Ён ужо чуе трэск падпаленага ламачча, панскія галасы і рогат... Закудахкала кура, і нехта з тупатам прабег следам за тым кудахканнем. Недзе мэкнула авечка, але ляснуў стрэл, і мэкання больш не было чутно. Ад свежага паху смажаніны, якую, відаць, елі, у Міколы закружылася ў галаве. Панскія галасы нейк адразу ж змоўклі, значыць, ён, Мікола, наблізіўся да панскага вогнішча так, што яго заўважылі і апазналі...
Зараз, зараз яго перавяжуць, напояць, накормяць...
I раптам яго штурханулі ў плечы, ён захістаўся і ледзь не ўпаў... Вакол рагочуць? Што ж гэта такое? I чаму ён усюды натыкаецца на тыя ж вогнішчы з чужой гаворкаю? I чаму яго адусюль адштурхоўваюць?
— Божа мой, Мікола, што з табою? — пачуў ён раптам жончын голас. I ў наступны міг мяккія жончыны рукі абвілі яго. Так, гэта яна. Вось нават ён абмацвае на шыі яе тыя маністы, што падарыла ёй некалі пані.
— Бяжым хутчэй адсюль! — жонка схапіла яго за руку, і яны пабеглі. Але адбегліся яны недалёка, ззаду затупалі нечыя ногі, потым яго адпіхнулі, і ён толькі пачуў, як трэснула жончына кофта, як яна пачала адбівацца ад некага: «Пусціце мяне! Пусціце!» З растапыранымі рукамі ён кінуўся на невядомага ворага...
Апрытомнеў ён і пасля гэтага разу. Падняўся і пабрыў. Балючая чорная бездань стукалася аб яго то сукамі і карою дрэў, то абшаствала яго лістамі, то прыпякала ў лоб...
Ён стаяў з працягнутай рукою і маліў у гэтай бездані скарынку хлеба і глыток вады... Праз некалькі дзён, чуючы непадалёк панскую гаворку, ён, знясілены, апусціўся ля нечага цвёрдага, абмацаў яго і здагадаўся, што гэта камень.
Гэта быў валун.
Дваццатае стагоддзе
1942 год.
Сцяпан выйшаў на ўскрай бярэзніку, сунуў руку ў кішэню кажуха, саграючы цяплом далоні шурпатую паверхню лімонкі. Ён ішоў якраз той сцежкаю, на якой летась ляжала двое шаснаццацігадовых партызанаў: іх накрылі сонных на хутары, і, перш чым завезці і кінуць тут, фашысты — па ўзросту бацькі тым дзецям — паскручвалі калючым дротам ім рукі і ногі, павыколвалі штыкамі вочы, паадразалі вушы і насы і павырэзвалі на спіне зоркі.
Сцяпан пастаяў, паазіраўся... Цішыня. Усё нібы вымерла. Вунь тая крайняя хата, у якую ён баіцца зараз зайсці. Пустуе яна ці не? Учора ж людзей ачапілі аўчаркамі, аўтаматчыкі пагналі на станцыю... Што, калі ён заявіцца ў гэтую хату, а да яго так і не кінецца на шыю пяцігадовы сын? Той сын, якога ён садзіў на плечы некалі даўным-даўно, садзіў і нёс праз увесь усеяны сінімі званочкамі луг... Пустуе хата ці не?
Клубы марознае пары вырываліся з рота, шчокі заходзіліся так, нібы з іх таркай злузвалі скуру.
Ён перавёў дыханне ля прыдарожнага каменя.
Гэта быў валун.
***
Ляжыць валун, а паўз яго праходзяць і праходзяць людзі — то басанож, то пры лапцях, то пры чаравіках, то пры чобатах; пазіраюць, праходзячы паўз яго, то з-пад хусткі, то з-пад кепкі, то з-пад вушанкі; затрымліваюць на ім свае позіркі — хто на міг, хто на хвіліну, хто на болей; і ён, валун, чуе людскія гаворкі, уздыхі, шэпты, малітвы, клятвы, змовы, плач, смех...