Цяжка было сказаць, ці слухаў госць, ці не слухаў гэтую загадкавую, з напеўным прыгалошваннем балбатню ахмялелай бабы. Паставіўшы на стол локаць, ён падпёр галаву доўгай касцістай рукой і заплюшчыў вочы... Можна было падумаць, што ён задрамаў і цяжкія прывіды блукаюць у яго соннай галаве, бо вусны надзьмуліся, ажно рыжаватыя вусы натапырыліся. Раптам ён зусім нечакана працягнуў руку па бутэльку і, прыклаўшы рыльца да вуснаў, прагна дапіў апошняе. Грукнуўшы дном пустой бутэлькі па стале, ён засмяяўся і кпліва паглядзеў на старую.
— Ну і дурная ж ты, бабуля! Калі ён так ні разу не пашкадаваў, дык чаму ж старэйшага ўнука Ясікам назваў? Га? Мусіць, калі яго старэйшы ўнук на свет прыйшоў, дык ён пра старэйшага сыночка ўспомніў? Га?
Мікула нібы прачнуўся з роздуму, люльку адняў ад рота, нахіліўся ўсім сваім мажным тулавам да госця, а правую руку падняў да лба.
— У імя Айца і Сына... — прашаптаў ён.
Але госць падняўся, адсунуў з грукатам зэдлік, на якім сядзеў, шырокім крокам накіраваўся да супрацьлеглай сцяны і сеў там у цяні, побач з Аленкай, якая карміла малое.
У той самы момант дзверы раптоўна адчыніліся і зачыніліся з трэскам. У хату ўварвалася высокая, плячыстая дзеўка, задыханая, з васпаватым тварам, які пачырванеў ад хуткага бегу. Паставіўшы каля парога калаўрот, яна закрычала:
— Ратуйце! Дзяўчаты, калі бога любіце, ратуйце, хлопцы ідуць!
За акном пачуўся моцны тупат, смех і крык. Нехта забарабаніў па шыбе, ударыў кіем па сцяне. Дзяўчаты з віскам паўсхопліваліся і кінуліся да дзвярэй.
— Ой, божухна! Замыкайце! Дзверы замыкайце! Не пускайце! Адразу ж кудзелю паліць і лухту ўсялякую вярзці пачнуць! Людзі, ратуйце! Не пускайце гэтых разбойнікаў!
Дзяўчаты сцяною пасталі каля дзвярэй, як мага трымаючы засаўку. Адна з дзяўчат схапіла з камінка галавешку і, трымаючы яе, нібы вогненны сцяг, заняла абаронную пазіцыю. Другая ліла ваду з вядра на ток, трэцяя прыцягнула зэдлік і падперла ім дзверы. Дзеўкі так моцна захапіліся неабходнасцю адбіць напад, што ў іх піску чуваць быў ужо сапраўдны страх. Ганулька, чырвоная ад натугі, з якой яна прыціскала засаўку, пачала дрыжаць. Дзве дзяўчынкі, старэйшая гадоў дзесяці, абуджаныя крыкам, скаціліся, як калодачкі, з высокай печы і, дапамагаючы старэйшым, крычалі больш за ўсіх. Іх босыя ногі, як матылі, мільгацелі паміж клятчастых дзявочых спадніц, пасмы льняных валасоў то ўзнімаліся, то ападалі на белыя кашулі і на ружовыя ад сну тварыкі.
Ды найбольш крычала і мацней за ўсіх размахвала сухімі, але пругкімі рукамі баба Настуля. Яна ўбілася ў дзявочы гурт, лезла да дзвярэй.
— Пусціце! — крычала яна. — Што гэта за мода — хлопцаў на вячоркі не пускаць? Якія ж гэта вячоркі, калі на іх хлопцаў няма? Дый завошта вы іх караеце? А завошта вы іх, небаракаў, на марозе трымаеце?
Яна адпіхнула Ганульку, расчыніла насцеж дзверы і, узяўшыся ў бокі, крыкнула ў цёмныя сені:
— Хадзіце, хлопцы! Ну, хутка, хадзіце!
Сені напоўніліся цяжкім тупатам, і праз дзверы праціснуліся чатыры дзецюкі. Дзяўчына, што трымала галавешку, крыкнула другой:
— Ульяна, лі ваду! Лі, калі бога баішся!
Вялізная васпаватая Ульяна нахіліла да зямлі вядро; вада шырока разлілася па таку. Але для нападаючых гэта ўжо не было перашкодай. Яны з грукатам перавярнулі зэдлік, а адзін з іх ужо выдзіраў з рук дзяўчыны галавешку.
— Ай, людзі! — крычала яна. — Людзі, ратуйце!
— А будзеш гаварыць «лі», а будзеш на злое падбухторваць?
Ён падсунуў агонь да першай з краю кудзелі. Пасыпаліся іскры з лёну, прасніца засвяцілася, як свечка. Ульяна заплакала ўголас. Гарэла яе кудзеля.
— Ой, каб вас бог за маю крыўду пакараў! Каб вы...
— А будзеш ваду ліць? А будзеш людзям ваду пад ногі ліць? — пацвельваліся хлопцы з заплаканай дзяўчыны.
Бондар і Аляксей умомант затушылі рукамі агонь. Хрысціна суцяшала пакрыўджаную, ідучы ў бакоўку па новую кудзелю. Дзяўчына адразу ж супакоілася і разам з усімі села за калаўрот.
Баба Настуля зачыніла дзверы, бо холад ішоў з сяней у хату. Хлопцы — хто ў кажусе, а хто ў сівай сярмязе, усе ў цяжкіх ботах — толькі цяпер пакланіліся гаспадару.
— Добры вечар! — гукнулі яны хорам.
Стары не адказаў. Няўжо ён задрамаў? Усе, аднак, ведалі, што стары Мікула не быў санлівым, ён любіў познія, шумныя вячоркі і ветліва адказваў, калі госці віталіся, а нават часамі, хоць і рэдка, смяяўся грубым смехам услед за моладдзю. Сёння ён маўчаў. Рука з люлькай павісла каля грудзей, усе маршчыны на вялікім ілбе апусціліся ўніз, нібы цяжкая хмара павісла над касматымі бровамі. Спаў ці думаў? Гневаўся ці ўспамінаў? Хлопцы адышліся да камінка і, стаўшы за дзяўчатамі, пачалі закурваць. Баба Настуля зноў села на перавернутыя ночвы і гаварыла, гаварыла, размахваючы сухімі рукамі. Калаўроты затарахцелі: перамагаючы іх тарахценне, узняўся шумны, вясёлы гоман. У хаце зрабілася вельмі горача і душна.
Каля сцяны, насупраць той, дзе сядзеў стары Мікула, у ценю, на лаве, у канцы якой стаяла бочка з квашанай капустай, ішла размова, прыглушаная гоманам і тарахценнем калаўротаў. Госць сядзеў там побач з Аленкай, якая не прымала ніякага ўдзелу ў свавольствах і жартах, што напоўнілі хату, — яна спачатку карміла, а потым калыхала на руках сваё малое.
— Вясёлыя ў вас вячоркі, — пачаў госць.
— Ды вясёлыя, — адказала Аленка.
— Ты даўно выйшла за Аляксея?
— Ды на Пятра будзе ўжо чатыры гады.
— А колькі ж табе цяпер гадоў?
Яна ўсміхнулася і сарамліва нахіліла галаву:
— Або я ведаю? Мусіць, на Юр'я дваццаць споўніцца...
— Фіі! — свіснуў госць — Старая ты ўжо кабеціна. Ну, а добра табе тут жывецца?
— Чаму ж не добра? Вельмі добра. Дай Божа, каб так да веку было...
— Аляксей добры? Не б'е?
Яна пачырванела:
— Гэтага яшчэ не хапала!
— А любіць?
Яна захіхікала ціха і, замест адказу, моцна пацалавала малое ў лоб.
— Хлеб у хаце заўсёды ёсць?
— Дзякуй Богу, ёсць. Яшчэ таго не было, каб хлеба не хапала. Чаго іншага няма, а хлеб заўсёды ёсць.
— Бондар, напэўна, шмат зарабляе?
— Ды зарабляе. І мой зарабляе, і бацька зарабляе. Калі на гаспадарцы няма работы, дык ён з Ясікам рыбу ловіць і ў мястэчку прадае; раней адзін хадзіў рыбачыць, а цяпер ужо гады са два з Ясікам ходзіць...
— З Ясікам ходзіць, — паўтарыў госць і, апусціўшы вочы, змоўк.
Каля печы з шумам калаўротаў і гоманам змяшаўся хруст разгрызаных арэхаў і лузганне семачак. Хлопцы даставалі з-за пазухі гнілаватыя дзічкі і частавалі імі дзяўчат; тыя манежыліся, адпіхалі паднесеныя да іх твараў жмені з ласункамі, а потым нібы нехаця прымалі, елі і, у сваю чаргу, кідалі хлопцам арэхі і семачкі. Кожны раз, калі каму-небудзь пападала ў лоб або ў шчаку арэхам ці калі жменя семачак рассыпалася па чыім-небудзь аўчынным каўняры, з-за калаўротаў выбухаў смех. Адзін з дзецюкоў, што ўвесь час стаяў за Ганулькай, амаль не ўдзельнічаў у жартах, а ўсё нешта шаптаў дзяўчыне на вуха. Ульяна, што верхаводзіла паміж дзяўчат, гукнула яму, каб загадаў якую-небудзь загадку. Бо ніхто ж не ведае столькі цікавых загадак, як каржакаваты Дзям'ян, галава якога зарасла такімі чорнымі ды кучаравымі валасамі, што яны амаль зліваліся з чорным каўняром кажуха. У гэтым чорным гушчары чырванелі толькі поўныя шчокі і паблісквалі чорныя вочы.