Выбрать главу

— Пастронкі! — крычалі яны. — Гэй, бабы, пастронкі давайце!

Хрысціна аднак не расчапіла рук. Яна глядзела, глядзела, а задуменныя вочы нібы паўтаралі:

«Такі ж і гэтага маці калісьці на руках насіла і калыхала!»

Ад печы пачуўся дрыготкі голас соннай бабы Настулі:

Не грайце, браточкі, не грайце,

Сэрцайка майго по разрывайце...

А з чарады мужыкоў пачуўся пакорлівы, умольны голас, што дрыжаў ад страху:

— Пусціце мяне, людзі добрыя, калі ёсць бог у вашых сэрцах. Я вам нічога дрэннага не зраблю, пайду адсюль, адразу пайду навечна, з вачэй прападу, толькі пусціце. Ой, пусціце!..

Мужчыны зарагаталі здзекліва, пагрозліва і зноў загадвалі бабам прынесці пастронкі. Але старога Мікулу гэты дрыготкі, умольны голас, што даносіўся ад дзвярэй, нібы чароўнай сілай падняў з лавы. Гаспадар устаў ва ўвесь рост, замахаў рукамі, разявіў рот і, нічога не сказаўшы, зноў сеў на лаву. Баба Настуля зноў ціха заспявала праз сон:

Не грай, татачка, не грай,

Сэрцайка майго не разрывай,

Мяне браточкі забілі...

Аляксей пабег у сені, відаць, па пастронкі, якіх жанчыны не падавалі. Злоўлены зноў пачаў тузацца і трохі выхіліўся з рук, што акружылі яго. Ён змалеў, скурчыўся, плечы ў яго хадзілі, і галава была ўтулена ў плечы, нібы скура яго ўздрыгвала пад ударамі бізуноў. Твар смяртэльна збялеў, вусны скрывіліся, скура па лбе захадзіла — то паднімалася да залацістых валасоў, то ападала да вачэй, якія кідалі навокал умольныя позіркі. Здавалася, што пакуты ўсяго свету ўвасобіліся ў ім, гэтым убогім гаротніку.

— Я выпадкова да вас зайшоў, — задыханым голасам гаварыў ён, — выпадкова, на гадзінку, без ніякага дрэннага намеру... Каб толькі адпачыць... І я адразу пайду... пайду... Нічога дрэннага не зраблю... Толькі пусціце мяне, калі ў вас бог у сэрцы ёсць, калі хоць кропля літасці... Дзеля збавення душы... пусціце... Дзеля пакут Хрыста нашага... Ой, людзі!..

Хрысціна ўголас прагаварыла:

— А такі ж і гэтага маці калісьці на руках насіла і калыхала...

А побач, амаль каля самай зямлі, сонная баба Настуля мармытала напеўна:

Браточкі мяне забілі,

Нож у сэрца ўсадзілі...

Годзе! — пачуўся над усімі галасамі голас, прызвычаены загадваць. — Годзе! Пусціце яго, расступіцеся і пусціце!

Мікула зноў устаў з лавы, ды ўжо не апаў на яе, як раней, але цяжкі, вялікі, у белай вопратцы, падперазанай цвёрдым поясам, выпрастаны, хоць і апусціўшы да грудзей галаву, ён выйшаў на сярэдзіну хаты.

— Пусціце яго і расступіцеся! — паўтарыў ён.

Пастаяўшы хвіліну, здзіўленыя мужчыны нерашуча расступіліся. Адзін Аляксей, які вяртаўся з вяроўкамі з сяней, паспрабаваў супраціўляцца:

Гэта ж Бонк, бацька! Далібог, Бонк!

Стары змрочна зірнуў на яго.

— Маўчы! — сказаў ён і падняў свае бліскучыя ад гневу вочы на чалавека, што стаяў, згорбіўшыся, перад ім.

Ідзі, — сказаў ён, — ідзі...

Хвіліну пазней ён закончыў:

І больш не грашы!

Аднак той не ішоў. Глядзеў на старога, а потым, ступіўшы шырока наперад, рынуўся на зямлю і прыпаў вуснамі да вялікай, босай, запыленай Мікулавай нагі. Слёзы гарохам каціліся па шчоках старога. Мікула хутка засунуў руку за кашулю, у руцэ яго зашамацелі паперкі. Ён нахіліўся да ляжачага і адразу выпрастаўся.

Больш не грашы! — паўтарыў ён і настойліва, нібы ад страху, прагаварыў некалькі разоў:

Ідзі... ідзі ж... Хутчэй ідзі...

Праз момант, сплятаючы вялікія рукі, дакончыў шэптам:

З Богам!..

***

Ноч была цёмная, неба закрывалі хмары, не свяцілася ніводная зорка. Гойсаў свавольны вецер, круціў, уздымаў угару слупы грозных шумаў, стогнаў, завыванняў, посвісту, спяваў у глыбокай катлавіне, на дне якой ляжала шырокае рэчышча замерзлай ракі. Нізка над самым рэчышчам зноў ішоў чалавек, зусім самотны.

На цьмяным фоне снегу ён быў падобны на тонкую рысу, якая хутка перасякала густую, аднак не такую чорную, як яна, цемру. Высокія сцены, што ўзвышаліся паабапал катлавіны, рабілі чалавека яшчэ меншым. Ён здаваўся маленькай драбніцай, якая плыла па моры бязмежнай велічыні. Вялікае мора ночы і адзіноты абдымала яго з усіх бакоў. Моцны, шумлівы вецер, здавалася, нясе яго па гэтым шырокім, дзікім, змрочным свеце, перад сілай, пагрозай і веліччу якога ён быў кропляй, крушынкай, зярняткам пяску, каліўцам травы, якое ўпала ў бездань...

1887

Сяргей Кавалёў

Звар'яцелы Альберт

П'еса-містыфікацыя ў дзвюх дзеях па матывах твораў Яна Баршчэўскага

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Пан Альберт.

Пані Амелія.

Шляхціц Завальня.

Селянін Тамаш.

Лёкай Карпа.

Пакаёўка Агапка.

Чарнакніжнік.

Белая Сарока.

Цмок-Малойца.

Нікітрон — Дух агню.

Плачка.

Рыбары.

Нябожчыкі.

Пачвары.

Прывіды.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Карціна першая

Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна. Стол, крэслы і іншыя хатнія рэчы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах — абразы Збавіцеля і Маткі Божае. Некалькі дзвярэй у суседнія пакоі.

За сталом сядзяць шляхціц Завальня і селянін Тамаш, п'юць гарбату і вядуць нетаропкую, душэўную гаворку.

Тамаш. Што дзеецца на свеце, пане Завальня! У суседняй вёсцы ў селяніна нарадзіўся сын, дык адразу сеў і гучным голасам закрычаў: «Дайце есці!» Перапалохаліся ўсе, аднак жа адрэзалі яму паўбохана хлеба, а ён, вокамгненна ўсё з'еўшы, плюхнуўся ў кадзь з вадой. Бацькі кінуліся ратаваць, а выцягнулі рыбіну. Пабеглі да святара, той ураз прыехаў і калі перажагнаў гэтую рыбіну, дык яна зноў ператварылася ў немаўля. Старыя людзі кажуць, што калі прасіў есці, дык не хлеба трэба было даваць яму, а камень, бо інакш будзе неўраджай і голад.

Завальня. Неўраджай і голад у нашым краі — апошнім часам не навіна, Тамаш. Заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё незразумелае ў нас — знак няшчасця.

Тамаш. А яшчэ распавядалі мне ўчора пра адну выкрутлівую карчмарку, якая не трымала ніякак жывёлы, але спраўна прадавала масла і сыры ў мястэчку. Пасля адкрылася, што шляхам варажбы забірала яна малако ад кароў з навакольных вёсак: апоўначы вешала белы ручнік на плот, падстаўляла вядро і з двух канцоў гэты ручнік даіла. Малако лілося ў посуд, і карчмарка хутка напаўняла ўсе збанкі сырадоем.