Чарнакніжнік. Я чалавек беспрытульны, а для алхімічных вопытаў мне патрэбны невялікі пакойчык. Дазволь мне пасяліцца ў тваім доме, пра астатняе ж не клапаціся.
Альберт. Заўтра збіраюся ехаць да Амеліі з прапановаю шлюбу...
Чарнакніжнік. Тады — за справу. Мы зробім так, што паненка абавязкова дасць сваю згоду. Чорныя духі дапамогуць нам. Нічога не бойся і нічому не здзіўляйся.
Чарнакніжнік вымае са складак адзення вялізную, у старадаўняй вокладцы кнігу і кладзе на стол. Малюе на падлозе крэйдай магічнае кола, цэнтр пазначае трохкутнікам. Пасля вымае чорную свечку, крывы нож і вяроўку, падыходзіць да пана Альберта.
Чарнакніжнік. Для варажбы спатрэбіцца кропля твае крыві.
Альберт(насцярожана). Дзіўныя і богапраціўныя рэчы вырабляеш ты, Чарнакніжнік! Ці не будзе мне ад гэтага якой шкоды?
Чарнакніжнік. Шкоды ад гэтага не будзе ніякае. Ты ж такі, як і я. Пабачыш і не такія дзівосы, калі бліжэй пазнаёмішся з чорнай магіяй.
Чарнакніжнік праводзіць лязом нажа па руцэ пана Альберта. Кладзе акрываўлены нож і вяроўку ў цэнтр магічлага кола, стаўляе туды чорную свечку. Схіляецца над раскрытай кнігай і варожыць над ёй.
Свечка загараецца сама па сабе яркім полымем, валіць куродлівы дым, раптоўна чорная свечка гасне, разам з ёй і ўсе астатнія свечкі ў пакоі.
Пана Альберта і Чарнакніжніка паглынае цемра.
Калі змрок крыху рассейваецца — узнікае спачывальня паненкі Амеліі. Вакол ложка дзяўчыны снуюць у паўзмроку розныя прывіды, народжаныя варажбой Чарнакніжніка. Паволі іхняя хаатычная мітусня афармляецца ў асэнсаваны сюжэт: ігральныя карты накідваюць вяроўку на шыю пана Альберта і збіраюцца яго павесіць.
Голас Альберта. Амелія, я гіну. Дапамажы мне, Амелія. Ты, толькі ты можаш выратаваць мяне...
Паненка Амелія на імгненне прачынаецца, прывіды хаваюцца па цёмных кутах спачывальні, знікаюць.
Амелія. Божухна, які кашмарны і ў той жа час рэальны сон! Няўжо нешта здарылася з Альбертам? Гэтыя карты хацелі яго задушыць, а ён клікаў мяне на дапамогу. Але што я магу зрабіць, калі ён сам адштурхнуў мяне і насмяяўся над маімі пачуццямі?
Стомленая Амелія засынае. А вакол ложка зноў пачынаюць снаваць прывіды, але цяпер іх мітусня афармляецца ў іншы сюжэт: пана Альберта, апранутага ў акрываўленую, разарваную кашулю, акружаюць раз'юшаныя вярцепныя фурыі з крывавымі нажамі ў руках.
Голас Альберта. Амелія, я паміраю. Не пакідай мяне, любая, даруй былыя крыўды, выратуй каханнем і чысцінёй сваёй...
Паненка Амелія са стогнам прачынаецца, прывіды разбягаюцца, знікаюць.
Амелія. Маці Божая, што за жудасны сон! Распусныя кабеты замахваліся крывымі нажамі на Альберта, і кашуля яго была ў крыві. Назваў мяне «любаю» і прасіў не пакідаць яго. Як мне выратаваць цябе, Альберт, як вырваць з аблуды і маны, вярнуць да чысціні і цноты? (Зняможаная, падае ў ложак і засынае.)
Новае з'яўленне прывідаў. На гэты раз прывід пана Альберта стаіць, звязаны над складзеным вогнішчам, вакол яго мітусяцца пачвары, якія перадаюць адно аднаму палаючую паходню і ўсё бліжэй пасоўваюцца да вогнішча, вось-вось падпаляць яго.
Голас Альберт а. Маліся за мяне, Амелія. Паглынае душу маю холад, а цела — агонь, і ўсе адступіліся ад мяне. Няўжо і ты, каханая, пакінеш мяне, не падасі рукі сваёй...
Паненка Амелія ўсхопліваецца з ложка, прывіды знікаюць, спачывальню залівае ранішняе святло. Амелія сядзіць на ложку, абхапіўшы галаву рукамі, хістаецца то ў адзін, то ў другі бок. У спачывальню ўрываецца ўсхваляваная пакаёўка Агапка.
Агапка. Паненка Амелія, паненка Амелія! Уставай-е хутчэй, гаспадыня! Прыехалі пан Альберт прасіць вашае рукі!
Амелія. Так, рукі... Вось мая рука, любы!
Заслона
Карціна другая
Праз месяц у вітальні панскага дома ў маёнтку Магільна. Дзверы ў адзін з суседніх пакояў завешаны чорным мошастам, дзверы ў другі — белым ядвабам. З белых дзвярэй выходзіць самотная пані Амелія з кніжкай у руках, сядае за стол і спрабуе засяродзіцца на чытанні.
Амелія(адрываецца ад кнігі). Дзіўна, колькі ні бяру я ў рукі гэты томік вершаў — заўсёды трапляю на радкі, сугучныя маім маркотным думкам і настрою. (Чытае ўголас):
Гэты свет мне пустэльняю дзікай здаецца,
Ні душу, ані вока няма чым спатоліць;
Жаль у сэрцы, а думка бязлітасна б'ецца
У бяссонныя ночы, а ўдзень яшчэ болей.
Уваходзіць шляхціц Завальня, прыслухоўваецца да верша, што чытае пані Амелія.
Завальня. Што я чую: у такой маладой, прыгожай пані такія невясёлыя, змрочныя думкі!
Амелія. Ах, гэта вы, пане Завальня! Мусіць, каб не было ў гэтым доме вас, я б даўно звар'яцела тут ад адзіноты і холаду. Але, бачу, вы сабраліся ў дарогу і хутка пакінеце мяне?
Завальня. Так, зайшоў развітацца. Выпраўляюся ў горад па даручэнні пана Альберта. Вязу грошы, каб сплаціць скарбавыя падаткі і вярнуць крэдыторам частку даўгоў. У гэтую бяздонную прорву знікне ўвесь твой пасаг, дачушка.
Амелія. Не шкада мне гэтых грошай, шкада свайго жыцця, загубленага з-за іх. Ах, як я магла так падмануцца, паверыць нейкім дзіўным снам, спадзявацца на каханне пана Альберта! Заўсёды ён неспакойны і злосны, мая рэдкая ўсмешка здаецца яму здзеклівай і падазронай, маю прагу да кніжак ён называе дзівацтвам і глупствам. Малітвы, якім навучыла мяне маці, гучаць яму дакорам і даводзяць да шаленства.
Завальня. Прызнаюся, і мяне здзівіла тады твая згода, бо шкадаваў цябе і спадзяваўся, што адмовіш пану Альберту. Бачу цяпер, што, ажаніўшыся, мой гаспадар не змяніўся ў лепшы бок. Праўду казаў Тамаш: калі радзілася жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з'ядуць.
Амелія. А мне кожнае начы сняцца кашмары, кожную ноч з'яўляецца ў сне нейкі чорны чалавек: худы, бледны, з вялізным, вострым носам, як у драпежнае птушкі, з густымі брывамі, з валасамі, чорнымі, бы крумкачовыя пёры, з поглядам такім пранізлівым і калючым, што цяжка вытрымаць, калі глядзіць табе проста ў вочы. I толькі калі я прачынаюся і, спалоханая, жагнаюся — жудасны прывід знікае і тае начы болей не прыходзіць...
Завальня. Нейкая чорная меланхолія зацьміла тваю душу, дачушка. Не сумуй і не бяры ўсё так блізка да сэрца. Буду ў горадзе, зазірну ў краму і набуду табе колькі новых кніжак грэкаў ды рымлянаў, якіх ты так любіш чытаць.