Выбрать главу

Хіба прашу я дажджу ці пагоды,

Плодных палёў ці дзяржаўнае згоды?

Што мне інтрыгі вайскоўцаў дасужых —

Мне трэба мужа.

Пан над панамі, прашу я ў Пана:

Дай мне, каб хлопец, што мной пакаханы,

Быў маёй радасцю, шчасцем і краскай —

З панскае ласкі!

Карпа. Навошта, Агапка, прасіць мужа ў Бога, ці не лепш пашукаць яго побач з сабой на зямлі?

Агапка. Ах, зноў ты, Карпа, за сваё. Ну, сам падумай, які з цябе муж? Я — дзяўчына гожая, спраўная, калі прыходжу на кірмаш, і дудар для мяне ахвотней грае, і кожны з малойцаў лічыць за гонар са мной паскакаць. А ў цябе — ані грошай, ані ўласнае гаспадаркі, ні спадзяванняў на будучыню. Пашукаю я сабе лепш мужа багатага ды заможнага, не з прыслугі і не з сялян, а з месцічаў ды шляхты. А можа, і якому маладому, нефанабэрыстаму панічу прыпаду на вока, калі пашэнціць.

Карпа. Не, Агапка, трэба карыстацца часам, пакуль у жыцці вясна, пакуль маладое пачуццё робіць прыемнымі нашыя забавы.

Агапка. Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы толькі тады, калі чалавек не ведае беднасці і мае чым задаволіць свае патрэбы і жаданні.

Карпа. Ты любіш, як бачу, грошы?

Агапка. Хто ж не любіць тое, што абавязкова патрэбна? Без грошай і каханне стыне.

Карпа. Эх, вужака золата і гонару зусім звяла цябе, Агапка.

Агапка. Што ж ты да мяне тады ўвесь час чэпішся? Ці, можа, ты сам не любіш грошы? А я хоць і пакаёўка, а за простага лёкая замуж не пайду. Разбагацееш — тады і пагаворым.

Ганарліва ўзняўшы галаву, Агапка выходзіць з пакоя.

Карпа. «Разбагацееш — тады і пагаворым». Разбагацееш тут за панам, які ўвесь у даўгах і толькі марыць, дзе б знайсці скарб ці якое золата з дапамогаю злога духа! А можа, і мне пашукаць які скарб? За чатыры вярсты ад маёнтка ляжыць на пагорку сярод яловага лесу Змяіны Камень. Распавядалі старыя людзі, што аднаго разу ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, Цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў д'яблу душу. Знячэўку раскалолася блакітная цвярдыня неба, разлілося вялікае святло, а Цмок, выцяты нябесным промнем, здранцвеў увесь, паваліўся на пагорак і паратварыўся ў камень. Скарбы ж, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы закапаліся ў зямлю, і кажуць, калі хто асмеліцца ля гэтага каменя заначаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Можа, паспытаць шчасця, схадзіць пакланіцца нячысціку, каб даў грошы? Хаця навошта ісці за чатыры вярсты, калі можна звярнуцца да таго Чарнакніжніка, які патаемна жыве ў пана і вынаходзіць золата? Паслухаем, што ты тады заспяваеш, Агапка!

Карпа падыходзіць да дзвярэй, завешаных чорным мошастам і, крыху павагаўшыся, знікае за імі. Але неўзабаве выходзіць адтуль, трымаючы ў руках алхімічную рэторту з нейкай густой чырвонай вадкасцю. Разглядае рэторту на святло, не заўважаючы, што ўслед за ім з пакоя крадком выходзіць Чарнакніжнік.

Карпа. Няма ў тым чорным пакоі ні золата, ні нячысціка, толькі мноства дзіўнага посуду з рознымі вадкасцямі і парашкамі. Ага, на дне гэтай шклянкі аселі нейкія блішчосныя крупінкі! Можа, яны — залатыя?

Чарнакніжнік(выхоплівае рэторту). Гэта твой гаспадар навучыў цябе залезці ў мой пакой і ўзяць рэторту для алхімічных вопытаў?

Карпа(спалохана). Даруй, даруй мне, пане! Не па гэтую пасудзіну я забраўся ў пакой, я шукаў цябе!

Чарнакніжнік(іранічна). Навошта тады ўзяў рэторту? Можа, цябе вабяць навукі?

Карпа(асмялеўшы). Не навукі даюць шчасце чалавеку, а багацце. Шмат хто на свеце не гібее над кніжкамі, а жыве раскашуючы. Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару.

Чарнакніжнік. Чуў я, чуў нешта падобнае ад твайго гаспадара. Таксама казаў мне, што марыць жыць так, як хоча, а хоча, на самай справе, толькі грошай. Табе таксама патрэбны грошы, лёкай? А ці ведаеш ты, што, атрымаўшы іх, ты страціш душу?

Карпа. А навошта ў гэтым свеце душа, калі няма грошай?

Чарнакніжнік. Добра, я навучу цябе, як стаць багатым. Пойдзеш сёння ноччу ў старую капліцу на могілках. Пабачыш там тры труны. Апоўначы нябожчыкі пакінуць свае труны і разбрыдуцца па вёсцы. Ты забярэшся ў крайнюю злева труну і будзеш чакаць яе гаспадара.

Карпа. Бр-р-р!

Чарнакніжнік. Калі ты такі баязлівец, забудзься на грошы, на Агапку і заставайся ўсё жыццё лёкаем.

Карпа. Не-не, кажы далей, пане!

Чарнакніжнік. Напрыканцы ночы нябожчыкі вернуцца, каб зноў залезці ў труны. Агледзеўшы, што яго месца занятае, твой нябожчык пачне прасіць цябе вызваліць труну. Ты ж не пускай яго, пакуль не скажа, дзе ён закапаў перад смерцю скарб. Быў пры жыцці багатым, але сквапным чалавекам, і як памёр — дзецям не пакінуў ні шэлега.

Карпа. Дзякуй табе, пане! Хоць і боязна мне, але зраблю ўсё так, як ты параіў. (Выходзіць з вітальні.)

Чарнакніжнік(задаволена рагоча). Як казала мая гаспадыня, Белая Сарока, не грэбуй ні душой пана, ні душой лёкая, бо па сваёй сутнасці яны аднолькавыя. (Знікае ў сваім пакоі.)

Заслона

Карціна трэцяя

Поўнач. Старая капліца. У паўзмроку відаць тры труны. Уваходзіць, крадучыся, Карпа, хаваецца за мармуровы надгробак. Неўзабаве дзве труны «ажываюць», з іх выходзяць два нябожчыкі, зачыняюць за сабой века.

Першы нябожчык. Эх, слаўная выдалася ночка, разамнем свае косцейкі!

Другі нябожчык. Ух, здаецца мне, жывым чалавечым духам тхне. Давай паклічам ваўкалака, няхай ён пашукае.

Першы нябожчык. Ахвота табе час марнаваць. Што жывому чалавеку рабіць ноччу ў капліцы. Жывыя людзі ноччу лічаць грошы.

Другі нябожчык. Альбо мілуюцца з чужымі жонкамі. Ах, сапраўды, пайду пагляджу, з кім сёння забаўляецца мая кабеціна.

Другі нябожчык(шэптам). А я пайду праверу, ці не дабраўся які шылахвост да майго скарбу.

Сыходзяць. З-за мармуровага надгробка высоўваецца збялелы Карпа.

Карпа. Ну і жахі, лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя. Добра яшчэ, што ваўкалака не паклікалі... Пачакай, а дзе ж Трэці нябожчык? Здаецца, іх было два, а Чарнакніжнік казаў пра трох. (Чакае хвіліну, затым выходзіць з-за надгробка і аглядае труны.) А можа, ён меў на ўвазе тры дамавіны, а не трох нябожчыкаў? Можа, трэцяя дамавіна — пустая? Ага, адзін з нябожчыкаў пайшоў пільнаваць закапаны скарб. Вось у ягоную дамавіну мне і трэба залезці. Т-а-а-к, павінна яна быць трэцяю злева. (Стоячы спіной да ўваходу ў капліцу, паказвае левай рукой на крайнюю труну.) Гэтая. (Падыходзіць бліжэй, раптоўна задумваецца, паварочваецца тварам да ўваходу: зараз левая рука паказвае на іншую труну.) А цяпер — гэтая. Гм, якая ж з іх? (Разглядае труны.) Мусіць, усё ж такі гэтая — яна прыгожа аздобленая, што выдае на багатага гаспадара.