Карпа здымае века і зазірае ў труну. Насустрач яму з труны ўзнімаецца нябожчык. Нейкае імгненне яны асалапела глядзяць адзін на аднаго, затым разлятаюцца ў розныя бакі.
А-а-а-а! Нябожчык! (Хаваецца за мармуровы надгробак.)
Трэці нябожчык. У-у-у-у! Чалавек! (Выбягае з капліцы.) Браткі, тут жывы чалавек!
Карпа(высоўваецца з-за надгробка, спалохана). Ну ўсё, зараз налятуць! Трэба ўцякаць, д'ябал з ім, з тым скарбам. (Бяжыць да выхаду, але, зірнуўшы за дзверы, вяртаецца назад.) Не паспеў — яны вярнуліся! Што ж рабіць? (Азіраецца.) Эх, была не была! (Забіраецца ў труну Трэцяга нябожчыка, зачыняе за сабой века.)
З'яўляюцца ўсе тры нябожчыкі.
Першы нябожчык. Дзе ён?
Трэці нябожчык. Толькі што быў тут!
Другі нябожчык. Схаваўся, нягоднік!
Пачынаюць шукаць і знаходзяць Карпу ў труне.
Трэці нябожчык(зняўшы з труны. века, абурана). Ён залез у маю труну! Цяпер яна ўся прапахне чалавечынай!
Другі нябожчык. Гэй, жывы чалавек! Ты навошта залез у труну? Жывыя людзі па начох павінны ляжаць у ложку і лашчыць сваіх жонак.
Карпа(сабраўшы рэшткі мужнасці, сядае). Не выйду, пакуль не скажаце, дзе закапалі скарб.
Першы нябожчык(істэрычна). Ага, ён ведае пра мой скарб! Нельга выпускаць яго адсюль жывым!
Карпа з перапуду зноў падае ў труну. Другі нябожчык спрытна зачыняе труну векам.
Першы нябожчык забівае некалькі цвікоў.
Другі нябожчык(Трэцяму нябожчыку). Ты пільнуй труну, а мы пойдзем шукаць ваўкалака.
Першы нябожчык. Ён адаб'е ахвоту ў гэтага шылахвоста шукаць чужыя скарбы!
Першы і Другі нябожчык і сыходзяць. Трэці сядае на века труны. Раптоўна тая пачынае грукатаць і падскокваць — ачуняў Карпа.
Трэці нябожчык. Гэй, чалавеча, хіба так паводзяць сябе ў дамавіне?
Труна грукоча і падскоквае яшчэ мацней.
Трэці нябожчык. Ну хочаш сабе грукаць — дык грукай. Дамавіна ўсё роўна вытрымае — сам рабіў, ведаю. (Труна супакойваецца.) Рабіў на заказ важнаму пану, а тут смерць прыйшла і самому давялося легчы.
Карпа(з труны). Дык гэта ты, цясляр Пётра?
Трэці нябожчык. Я — Пётра, а ты хто такі?
Карпа. Я — лёкай Карпа, твой былы сябрук. Здымі века, размова ёсць.
Трэці нябожчык(здзіўлена). Карпа?! Вось не думаў, што давядзецца з табой яшчэ раз сустрэцца! (Вымае цвікі і адчыняе труну.) Мы, нябожчыкі, з цяжкасцю пазнаем жывых.
Карпа(сядае ў труне). Я ж на тваіх памінках мора гарэлкі выпіў, каб табе на тым свеце добра жылося, а ты па начох з дамавіны выходзіш і людзей палохаеш!
Трэці нябожчык. Эх, Карпа, з-за гарэлкі ўсё і сталася, з-за яе, паганай. Прынёс я неяк пляшку гарэлкі дахаты і схаваў ад жонкі за бэльку. А назаўтра памёр, не паспеўшы ні выпіць яе, ні жонцы аддаць. I так мне гэтая пляшка ў душу запала, што вось ляжыць яна за бэлькаю і ніхто пра яе не ведае — не магу на той свет пайсці, пакуль пляшку маю не знойдуць і не вып'юць. Марнуюся вось тут з двума грэшнікамі, адзін з якіх скарб свой вартуе, а другі — сваю распусную жонку.
Карпа(знешне абыякава). А табе ён не паказваў?
Трэці нябожчык. Каго — жонку?
Карпа. Ды не, той першы не паказваў табе, дзе скарб схаваны?
Трэці нябожчык. Ты што, ён ні жывым, ні мёртвым не давярае!
Карпа(прыслухоўваецца). Слухай, Пётра, выпусці мяне адсюль.
Трэці нябожчык. Як гэта — выпусці?
Карпа. Я тую пляшку з-за бэлькі дастану і разам з тваёй радзінай вып'ю, каб ты не пакутаваў болей на гэтым свеце.
Трэці нябожчык. Збавіцель ты мой! I пасля смерці свайго сябра ў бядзе не пакідаеш! (Прыслухоўваецца.) Але тады хутчэй уцякай, бо, здаецца мне, суседзі-грэшнікі вяртаюцца. А я ў труну палезу, спадзяюся, на гэты раз назаўсёды. (Хаваецца ў труну, з якой вылез Карпа.)
Карпа. Бывай, Пётра! (Выбіраецца з капліцы.)
На авансцэну выбягае лёкай Карпа і налятае на захутанага ў чорны плашч Чарнакніжніка.
Чарнакніжнік(расхутвае плашч). Куды бяжыш, Карпа? Можа, выкопваць скарб?
Карпа. Ах, гэта ты, пане! Ну і нацярпеўся я жаху з твае ласкі! Скарбу не знайшоў, а жыццё ледзь не страціў. Лепш бы я пайшоў да Змяінага каменя ды пашукаў Цмока.
Чарнакніжнік. Ва ўсім вінаватыя твая няўважлівасць і баязлівасць. Што ж, хочаш Цмока — будзе табе Цмок. (Вымае нешта з кішэні.) Вазьмі гэтыя чырвоныя зярняты. Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён знясе яйка, не большае ад курынага. Праз колькі дзён вылупіцца з яйка крылаты Цмок, які будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, — будзе мець пры сабе золата і срэбра.
Карпа. Дзякуй табе, пане! Займець уласнага цмока — куды лепш, чым жыўцом у труну лезці. (Бярэ зярняты, кланяецца і адыходзіць.)
Чарнакніжнік(ціха). А вось гэта яшчэ невядома, хлопча. (Зларадна смяецца і знікае.)
Карціна чацвёртая
На Глухім возеры. Пахмурнае надвор'е, туман. Возера зарасло зялёным багавіннем і толькі пасярэдзіне свеціцца невялічкае вадзяное акенца. Трывожна азіраючыся і да ўсяго прыслухоўваючыся, Тамаш і двое рыбакоў рыхтуюць невад. Тамаш — за старэйшага, таму ён вымушаны падбадзёрваць іншых, хоць сам баіцца не менш за іх.
Першы рыбар(аглядае возера). Ну і змрочная тут мясціна! I чаму гэта ўздумалася пану паслаць нас на Глухое возера?
Тамаш. Казаў, што калі ад пракаветных часоў тут ніхто не лавіў, дык шмат будзе рознае рыбы.
Першы рыбар. Хоць я ніколі і не лавіў тут, але чуў, што ляжаць на дне гэтага возера вялізныя карчы: можам папсаваць нерат.
Другі рыбар. Што — карчы, сам нячысцік завёўся ў гэтым возеры! Ох, не скончацца дабром сённяшнія ловы! Вялікі грэх бярэм на сваю душу.
Тамаш. Грэх на сваю душу ўзяў наш гаспадар, які нас сюды даслаў. Мы — людзі паднявольныя і вымушаны выконваць ягоны загад.