Выбрать главу

Нікітрон. О, шчаслівыя то былі часы! Мы лёталі ў касмічных сферах, сярод зорак і планетаў, дзе няма ні дабра, ні зла, зямныя справы нас не датычылі, і мы пачуваліся свабоднымі.

Амелія. Значыць, трэба знішчыць жудасную кнігу і ты зноў станеш свабодным.

Нікітрон. Гэта было б цудоўна, толькі хто ж адважыцца на такое?

Амелія. Ну вось я вазьму зараз і спалю яе. (Падносіць раскрытую кнігу да свечкі.)

Нікітрон(спыняе Амелію). Пачакай, неразумная жанчына!.. Кніга згарыць, але, па-першае, Чарнакніжнік можа аднавіць заклінанні і напісаць новую кнігу, а па-другое...

Амелія. Што — па-другое? Кажы, чаму змоўк?

Раптоўна магутныя грымоты скаланаюць дом, на двары ўсчынаецца навальніца. Невядома скуль на стол спадае некалькі чорных крумкачыных пёраў, апаленых і смярдзючых.

Голас Плачкі(рэхам). Нікчэмныя стварэнні... нікчэмныя стварэнні... кожны з вас будзе пакараны... адпаведна сваім грахам і ўчынкам... Адпаведна сваім грахам і ўчынкам...

Голас Тамаша(рэхам). Божая кара... Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта... Чарнакніжніка і варажбіта...

Амелія(заціскае вушы). Што гэта, Нікітрон?

Нікітрон бярэ са стала крумкачыныя пёры, разглядае іх, паказвае Амеліі.

Нікітрон. На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка, мусіць, яны спапялілі яго. (Звяртаецца ў прастору.) О, браты мае, Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Лідон, Сталідон! Няма ўжо таго варажбіта, што пры дапамозе заклінанняў зняволіў нас і прымушаў выконваць сваю волю!..

Амелія тым часам падносіць разгорнутую кнігу да свечкі, падпальвае і кідаеў камін. Нікітрон, пералічваючы імёны сваіх братоў, занадта позна заўважае гэта.

Няшчасная, што ты нарабіла! Я не паспеў сказаць табе: таго, хто знішчыць чароўную кнігу, чакае смерць!

Амелія(глядзіць на дагараючую кнігу). Я ўсё роўна спаліла б яе... Ах!..

Амелія знясілена хістаецца, Нікітрон хоча падтрымаць яе, але тут дзверы адчыняюцца і ў вітальню ўваходзіць прамоклы шляхціц Завальня з ліхтаром у руках. Нікітрон адыходзіць у глыб пакоя, і Завальня не заўважае яго.

Завальня. Што з табой, Амелія?

Падбягае да Амеліі, але не паспявае падхапіць яе, і тая, страчваючы сілы, апускаецца на падлогу. Завальня нахіляецца, прыўзнімае Амелію, абняўшы яе за плечы.

Табе блага, дачушка?

Амелія. Я спаліла кнігу Чарнакніжніка і цяпер паміраю... Але скажыце, дзядзечка, гэта дапаможа Альберту?

Завальня. Твае пакуты, тваё каханне, дзіця маё, вымольваюць у Бога выбачэнне ягоных грахоў...

Амелія памірае на руках у шляхціца Завальні.

О, Божа, яна памерла!

Нікітрон(глядзіць угару). Яе душа ляціць на нябёсы так хутка, што нават мне, духу агню, яе не дагнаць. (Знікае.)

Заслона

Карціна сёмая

Тае ж начы на замчышчы. Святло ліхтара ў руках пана Альберт а выхоплівае з цемры постаці Тамаша і Карпы, якія, адкінуўшы ўбок рыдлёўкі, нешта намацваюць і шукаюць у разрытай яміне. З-за спіны пана Альберта назірае за вынікам пошукаў Чарнакніжнік.

Альберт. Ну што вы там марудзіце! Хвіліну назад я выразна чуў, як рыдлёўка скрабнула па жалезе. Мусіць, гэта куфар з золатам і каштоўнымі каменнямі!

Карпа. Не, гаспадар. Гэта цяжкі жалезны панцыр, які прыкрывае грудзі шкілета, а побач ляжаць іржавы меч і шалом. Паўсюль тут шкілеты: косці іх рук і ног у цяжкіх кайданах.

Тамаш. Бог не даруе нам здзек над магіламі гэтых няшчасных. Няма тут, паночку, ніякага скарбу, а калі ёсць — дык зачараваны, яго немагчыма дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю.

Альберт. Брыдка слухаць тую лухту, якую ты пляцеш, неразумны мужык!

Тамаш(упарта). А яшчэ я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваны скарб і калі нехта ўзяў адтуль толькі пенязь, таму чалавеку нейкая невядомая хвароба скруціла абедзве рукі.

Альберт. Мне ніякі пенязь не зашкодзіць. Бяры рыдлёўку і выкідвай з яміны гэтыя спарахнелыя косці да д'ябла!

Пры гэтых словах пана Альберта магутныя грымоты скаланаюць зямлю, яркая маланка асвятляе велічную постаць кабеты ў белым як снег строі з чорным уборам на галаве, у чорным плашчы на плячах. Кабета трымае ў руках агнёвы меч, які рассякае паветра.

Плачка. Нікчэмныя стварэнні! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы адно пра багацце, вы зняважылі прах героя, які са славаю скончыў тут сваё жыццё. Прыйдзе час узняцца з магіл мёртвым і вы будзеце зганьбаваныя перад усім светам!

На Чарнакніжніка грымоты, маланкі і словы Плачкі аказваюць жахлівае ўздзеянне.

Пры кожным раскаце цела яго працінае сутарга, твар перакошваецца ад страху, злосці і бездапаможнасці. Спачатку ён спрабуе схавацца сярод руінаў, пасля — абяртаецца ў крумкача... Але Плачка ўзнімае агнёвы меч, з неба спадае імклівая маланка і спапяляе чорную птушку.

Спалоханы Карпа ніцма падае на зямлю. Пан Альберт слупянее і страчвае мову. Тамаш богабаязна жагнаецца.

Голас Амеліі(рэхам). Што гэта, Нікітрон?.. што гэта, Нікітрон...

Голас Нікітрона(рэхам). На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка... на небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка...

Тамаш. Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта!

Плачка(звяртаецца да людзей, гнеўна). Шукаеце скарбаў у маім падземным палацы? Ад вашае хцівасці нідзе мне няма спакою. Няхай кожны з вас будзе пакараны адпаведна сваім грахам і ўчынкам!

Тамаш. Прабач мне, высакародная пані Плачка! Я не прагнуў багацця, не хацеў скарбаў — злая воля гаспадара прывяла мяне на замчышча.

Плачка(да пана Альберта). О, няшчасны! Ты ўчыніў здзек над магіламі бацькоў, ты ўвайшоў у змову з ворагам і здрадзіў айчыне, зняславіў імя сваіх продкаў. Прагнуў раскошы і прывіднага багацця і не заўважыў побач з табой багацця сапраўднага — шчырага, адданага кахання. Жыў як вар'ят, дык стань жа сапраўдным вар'ятам да канца дзён сваіх!

Пан Альберт з роспачным крыкам кідаецца прэч з замчышча.

(Да Карпы.) Ты, служка, варты свайго гаспадара, хацеў купіць каханне за грошы і прадаў дзеля гэтага сваю нікчэмную душу д'яблу. Вяртайся ж дадому і даведайся, што ўчыніла ганарлівая дзяўчына, дзеля якой ты загубіў сваю душу.

Карпа ўзнімаецца з зямлі і панура брыдзе ўслед за панам Альбертам. (Да Тамаша.) Дарую табе, бо прыйшоў ты сюды не па сваёй волі. Ідзі і скажы прагным да багацця людзям: «Не дадуць вам шчасця скарбы, калі міласэрнасць не змякчыць вашае сэрца». А сумленным, цнатлівым сынам маім скажы, што насоўваецца на наш край чорная хмара і толькі мужнасць і любоў да бацькаўшчыны дапамогуць выстаяць на гэтай зямлі сярод няшчасцяў і прыгнёту.