Выбрать главу

Будзе сыпаць лёсткі; сам жа з войска вылучыць свайго

Лепшых воінаў. Па знаку тыя рынуць для нападу,—

Калі тысяча насядзе — перамогуць аднаго!»

Я сказаў, удзячны вельмі за такую засцярогу:

«Азалочаны ты будзеш, калі смерць мяне міне.

Каб не выклікаць здагадак, ты сваіх трымайся строга.

Калі ж я цябе забуду — пракляні тады мяне!»

Не даверыў я нікому той сакрэтнае размовы:

Што павінна быць, дык будзе, ўсе парады тут дарма!

Толькі ўсё ж ганца паслаў я: войску быць напагатове

І кірунак свой адразу мне на выручку трымаць.

Склікаў я ганцоў хатайскіх і паслаў адказ Рамазу:

«Выязджай насустрач госцю — да цябе, як брат, іду!»

Зноў паўдня ішоў паходам, страху не адчуў ні разу:

Дзе падзецца, калі доля на цябе нашле бяду?

На пагорак стаў: за пылам войска ўбачыў я адразу

І падумаў: «Хан падступны расстаўляе мне сіло;

Дык няхай кап'ё і меч мой знішчаць здрадніка Рамаза!»

І пра ўсё сказаў я войску, што вядома мне было.

Я сказаў: «Браты, адолець хоча вораг нас падманам!

Хай не слабнуць вашы рукі лютых здраднікаў сячы!

За цара хто смерць сустрэне, той святым на небе стане!

Дык у бой! Хіба дарэмна носім мы з сабой мячы?!

Гучна даў загад я строгі: ўсім надзець кальчугі, латы;

Хутка ўзброенай стаяла ўся шматтысячная раць.

Шчыльным строем я павёў іх на пачвару-супастата,—

Давялося яму ў дзень той сілы нашай паспытаць.

Як заўважылі хатайцы, што да бою мы гатовы,

Дык ганца прыслалі ў момант. Перадаў з ім хан Рамаз:

«Мы да вас з адкрытым сэрцам, вы ж на нас пайшлі вайною,—

Вельмі прыкра і балюча, што маной сустрэлі нас!»

Я паслаў адказ: «Вядомы мне намер твой таямнічы;

Толькі збыцца змове чорнай не дазволю аніяк.

Лепш ідзі ў бой адкрыта, як гаворыць даўні звычай,

Я ж падняў свой меч, каб знішчыць вас, раз'ятраных ваяк!»

Пасланец да іх вярнуўся, а другіх не слалі болей.

Дым падняўся ў іхнім стане, як сігнал ісці на бой.

Тут з засады выйшла войска, хваляй хлынула на поле,

З двух бакоў на нас населі, ды ўстаў наш мужны строй.

Я кап'ё узняў высока і надзеў шалом ваяцкі;

Як зацяты, я заўзята распачаць імкнуўся бой,

Каб шалёна ў іх калоны лавай ўрэзацца знянацку,—

Ды стаяла іх навала непарушнаю сцяной.

Уварваўся я ў шарэнгі іх атрада галаўнога.

«Ён вар'ят!» — крычалі людзі, і ў вачах іх жах застыў.

Я кап'ё зламаў, пратнуўшы і каня і верхавога,

Меч схапіў. Я слаўлю майстра, што цябе, мой меч, вастрыў!

Я зваліўся на хатайцаў, як каршун на курапатак,

Клаў людзей і коней горы, на адных кідаў другіх;

Той круцёлкаю круціўся, калаціўся той да пятак,—

Знішчыў цалкам два атрады войскаў іх перадавых.

Толькі вораг не здаваўся, зноў трапляў я ў гушчу кодла,

Хоць і сек няшчадна злыдняў, аж плыла крыві рака;

Недабітыя хатайцы, як мяхі, звісалі з сёдлаў;

Дзе я толькі не з'яўляўся — ўсюды вораг уцякаў.

Надвячоркам дзесь з узвышша закрычаў дазор варожы:

«Уцякайце, не марудзьце,— бог, відаць, нас пакараў;

Пыл курыцца скрозь — пагібель ён напэўна наварожыць;

Безліч войска падыходзіць — ратавацца нам пара!»

Гэта йшлі мае атрады, што надоечы пакінуў,

Што, загад мой атрымаўшы, спехам рушылі ўначы.

Не ўмяшчала іх даліна, занялі між гор цясніну;

Пераможна трубы йгралі, грозна бразгалі мячы.

Іх пабачыўшы, ад страху вораг кінуўся наўцёкі,

Па скрываўленым абшары мы ляцелі наўздагон.

Скінуў я з каня Рамаза, апусціўшы меч звысоку.

Хто не знішчан быў, той трапіў войску нашаму ў палон.

Даганялі верхавыя тых, што беглі, нібы зайцы,

На хаду скідалі з коней, каб ніхто ад нас не ўцёк.

За бяссонне ночы цалкам атрымалі доўг хатайцы,—

Далятаў шалёны лямант ад пабоішча здалёк.

Злезлі з коней мы нарэшце адпачыць на полі бою;

У руку я быў паранен, выступала з раны кроў.

Абступілі мяне людзі, услаўлялі, як героя,

Не маглі ад захаплення падшукаць хвалебных слоў.

Каб засведчыць мне пашану, падыходзіў ледзь не кожны:

Хто здалёку слаў вітанні, хто абняць жадаў мяне;

А настаўнікаў калішніх знакаміты рой вяльможны

Ўсё здзіўляўся, колькі меч мой ссек галоў у той вайне.

Войска шмат па ўсёй краіне разаслаў сабраць даніну;

А вярнуліся з багаццем — даў ім волю для забаў,

Кроў праліць я ім дазволіў тых, хто ў здрадзе быў павінны.

Браў я крэпасці без бою, гарады без бою браў.

Я сказаў Рамазу: «Ведаў, што рыхтуеш ты мне здраду;

Зараз ты ў мяне ў палоне, дык загладзь свой грэх цяжкі:

Без змагання ўмацаванні здай усе пад нашу ўладу,—

А іначай — сам наклічаш гнеў караючай рукі!»

Адказаў Рамаз панура: «Пакарыцца мушу сіле.

Мне з былых маіх прыдворных аднаго вяльможу дай,—

Я пашлю яго з загадам, каб змаганне ўсе спынілі.

Аддаю табе ўсё ханства, ты — герой, ты і ўладай!»

Даў Рамазу я вяльможу. З ім байцоў паслаў адборных.

Хутка з крэпасцяў хатайскіх знаць сабралі да мяне.

Гарады і ўмацаванні — ўсё здалі яны пакорна,—

Тых здабыткаў не падлічыш, што здабыў я на вайне.

Па зямлі заваяванай я праехаў пераможна,