Я жыву ў Мульгазанзары — горад гэты недалёка.
Нурадзін-Прыдон завуся, я — ўладар над краем тым.
Па маёй зямлі мы едзем — хараство чаруе вока,—
Хоць малое царства гэта, ды жывуць шчасліва ў ім!
Між сынамі дзед мой мудры падзяліў сваю дзяржаву,
Востраў той, што ў моры бачыш,— гэта спадчына мая!
Дзядзька ж мой з сынамі разам захапіў яго без права,—
З імі біўся я сягоння і паранен імі я.
Сакаліным паляваннем сёння я рашыў заняцца,
І таму людзей і лоўчых я нямнога ўзяў з сабой.
Пяць сакольнічых з іх выбраў, рэшце загадаў застацца
І чакаць, калі вярнуся са здабычаю сваёй.
Сеў я ў човен і на востраў пераплыў цераз пратоку.
«Хіба ж могуць,— я падумаў,— мне пашкодзіць сваякі?»
Хоць было іх больш намнога, я не здаў назад ні кроку;
Паляваў. На вокліч гучны мне адказвалі стралкі.
Незалежнасцю такою раззлаваў радню я скора:
Аблажылі яны войскам і мяне й маіх людзей
І, на коней пасядаўшы, шлях адрэзалі да мора,—
Ад пляменнікаў і дзядзькі не чакаў я гэткіх дзей!
Я пачуў іх крык, заўважыў, як мячы ўгары блішчалі,
Сеў я ў човен, ды не ў сілах быў ад берагу адплыць,—
Насядалі іх ваякі на мяне, як буры хвалі,
Затаптаць мяне хацелі, я ж стаяў цвярдзей скалы.
Зноў пайшлі ў наступ войскі, як чмялі, ізноў населі,
Абступілі, бо адолець не маглі, б'ючыся ў лоб;
Адбіваўся ад пярэдніх, сталі ў спіну кідаць стрэлы.
Я за меч — зламаўся меч мой. Стрэл таксама не было.
І калі ўжо так абселі, што не мог абараняцца,—
На кані сваім у мора я з адчаю сігануў.
Тых, хто быў са мной, пабілі. Пачалі за мною гнацца,—
Праглынулі хвалі мора галаву іх не адну.
Бог кіруе ўсімі намі. Будзе так, як ён захоча.
Я за кроў адпомшчу злыдням — хопіць мне на гэта сіл:
Будуць клясці свет нямілы, цемра ім засцеле вочы.
Груганы зляцяцца зграяй на пагоркі іх магіл!»
Спадабаўся мне той віцязь, ён прывабіў маё сэрца.
Я сказаў яму: «Не трэба ў бой спяшацца аднаму.
Я пайду з табою разам — не пазбегне вораг смерці,
Мы адплацім поўнай мерай супраціўніку твайму!»
І дадаў: «Калі б ты ведаў, што гняце мяне журбою!
Раскажу пра ўсё спакойна, як надыдзе лепшы час».
Ён сказаў: «Якая радасць, што сустрэўся я з табою!
Аддаю табе да смерці сілу дружбы і мяча!»
Увайшлі мы ў дзіўны горад — апісаць не знойдзеш слова,—
Выйшлі войскі,— я не бачыў больш нідзе такіх сустрэч:
Ў знак пашаны шчокі дралі, попел клалі на галовы,
Цалавалі ўсе Прыдона і яго зламаны меч.
Тут і я прыпаў да густу — галасы ў адно зліліся:
«Сонца, ззяй, сваёй яснотай нам святло жыцця льючы!»
Мы ішлі — людское мора затапляла ўсю сталіцу,
Ззялі золатам уборы з пурпуровае парчы».
ДАПАМОГА ТАРЫЭЛЯ ПРЫДОНУ
«Акрыяўшы хутка, ўзяўся цар Прыдон ізноў за зброю;
Склікаў войска і да плаву аснасціў свае чаўны,—
Захапленне і здзіўленне выклікаў ён сам сабою.
Раскажу цяпер пра вынік пераможнай той вайны.
Вораг плыў у бой рашучы на васьмі чаўнах вялікіх,—
Латы воінаў блішчэлі, кожны з іх у шлеме быў,—
Падплывала раць чужая. З ваяўнічым грозным крыкам
Я штурхнуў нагой і першы човен тут жа патапіў.
За карму другі схапіўшы, я пусціў яго ў прадонне,
Сеяў смерць я тым, хто выплыў, хто шукаў ратунак свой.
Вораг кінуўся наўцёкі, а здалёк з чаўноў Прыдона
Крыкі радасці ляцелі. Заціхаў павольна бой.
Ледзь да берагу прысталі, вораг нас сустрэў мячамі.
Зноў пачаўся бой крывавы, кроў ракой лілася з ран.
Захапляўся я Прыдонам, ён маланкі слаў вачамі,—
Сам, як леў, з аблічча — сонца, тапаліны меў ён стан.
Прагай помсты апантаны, ён братоў пакідаў долу,
Загадаў у знак адплаты рукі ім да плеч адсеч
І, звязаўшы іх, прымусіў праклінаць няволю-долю,
Сам жа ў радасці вялікай свой паклаў у ножны меч.
Раць разбітая ўцякала, мы іх гналі да знямогі,
Без адзінае ахвяры горад з ходу ўзялі;
Перабілі ім калені, як саф'ян памялі ногі,
Захапілі столькі скарбаў, што сабраць іх не маглі.
Цар Прыдон сваёй рукою апячатаў сховаў дзверы,
Сваякоў сваіх няшчасных у палон цяжкі забраў.
Так за кроў крывёй варожай заплаціў ён помсты меру.
Мне сказаў: «Нам бог на шчасце, кіпарыс, цябе паслаў!»
Мы вярнуліся ў свой горад, люд сустрэў нас урачыста,
Штукары ўсіх пацяшалі здольнай спрытнасцю сваёй.
Услаўлялі нас з Прыдонам песняй-гімнам галасістым:
«Вы сябе пакрылі славай, рукі ж — ворагаў крывёй!»
«Цар Прыдон! — крычалі.— Слава!» Да мяне ж ляцелі крыкі:
«Над асілкамі — асілак, над царамі — першы цар!»
Толькі я па ружы мілай у журбоце быў вялікай
І не мог згасіць прызнаннем сэрца змучанага жар».
НУРАДЗІН-ПРЫДОН РАСКАЗВАЕ ПРА НЕСТАН-ДАРАДЖАН
«Запрасіў мяне аднойчы цар Прыдон на паляванне.
Узняліся мы на строму, што над морам пралягла;
Раптам ён сказаў мне ціха: «Прыгадаў я з хваляваннем,—
Дзівы-дзіўныя хавае гэта чорная скала».
І на роспыт нецярплівы расказаў Прыдон павольна:
«Неяк гэтаю мясцінай праязджаў я на кані,