Не да твару, як вядома, скнарай быць цару майму!
Ён не дасць ступіць і кроку — ад рукі яго загіну,
Што мне золата, калі я сам зраблюся мерцвяком?
Дзе на свеце знойдзеш дурня, сам каб лёг у дамавіну?!
Не, нічога не скажу я, хоць забі мяне мячом!
З небыцця назад дарогі да жыцця не знойдзеш новай.
Ён мяне загубіць з крыкам: «Як сказаць мне гэта мог?
Як, вар'ят, паддацца мог ты здрады чорнай хітрай змове?!»
Не, чым быць забітым, лепей не губляць жыцця дарог!
Калі нават цар адпусціць, войска пэўна не захоча
Страціць сонца над сабою; а як здарыцца вайна
І сюды нахлыне вораг, землі нашыя патопча?
Не, не можа абярнуцца верабей у каршуна!»
Тут сказаў скрозь слёзы віцязь: «Нож мне ў сэрца ўстроміць трэба!
Ты, візір, не ўмееш, пэўна, сам каханнем даражыць;
Ты не ведаеш, напэўна, дружбы, што ясней, чым неба,
Бо інакш бы ты паверыў, што без друга мне не жыць!
Змеркла сонца нада мною, хто схаваў яго праменне?
Бляск яго вярнуць яскравы спосаб толькі я знайду!
Спраў маіх ніхто не можа ведаць лепш майго сумлення,
А парады люду злога толькі сеюць скрозь бяду!
Я цару ўжо не апора ні адзін, ні разам з войскам,
Бо ў журбоце безразважна і няспынна слёзы лью.
Толькі вернасцю няўхільнай правяраецца сяброўства,—
Я пайду, каб роспач друга мог адолець, як сваю!
Не магу, візір, мірыцца я са словамі тваімі;
Тут жалеза стала б воскам, а не цвёрдаю скалой,
Слёз героя не заменяць рэкі хвалямі сваімі;
Памажы,— аддзячу з часам я за ўчынак добры твой!
Калі ж цар мяне не пусціць, я ўпотай здзейсню мэту,
Хай згарыць за друга сэрца — больш няма для просьбы слоў!
Калі ты цару патрэбен, не зжыве цябе са свету;
Абяцай, што ўсе пакуты з-за мяне сцярпець гатоў!»
Адказаў візір: «Ахоплен я агнём тваім дазвання,—
Цяжка бачыць твае слёзы, меркне дня святло ў вачах;
Іншы раз — карысна слова, іншы — лепш за ўсё маўчанне:
Раскажу пра ўсё цару я, перамогшы смерці страх!»
І візір, сказаўшы гэта, у палац пайшоў адразу,
Там цара ў адзенні пышным ён вясёлага застаў;
Не хацеў псаваць настрою невясёлым сваім сказам
І збянтэжана ў задуме перад тронам ён стаяў.
Да маўклівага візіра цар уважна прыглядаўся
І спытаў: «З якой прычыны ўвесь аддаўся ты журбе?»
Адказаў візір: «Сказаў бы праўду ўсю, каб не баяўся,
Бо забіць мяне ты можаш, калі ўсё скажу табе.
Клопат мой мацней, чым гора, што мяне схіляе долу;
Хоць пасол быць мусіць смелым, страх душу маю скаваў:
Аўтандзіл твой двор пакінуць просіць царскага дазволу,
Бо ў разлуцы з Тарыэлем свет яму нямілы стаў».
Расказаў, хоць і нясмела, ўсё візір пра Аўтандзіла:
«Цар, калі б ты мог пабачыць, як хварэе ён душой,
Як ён лье няспынна слёзы, як губляе марна сілы!
Я сказаў усё. Што хочаш ты рабі цяпер са мной!»
Цар раз'юшыўся, насупіў у нястрымным гневе бровы,
Слаў з вачэй маланкі злосці, хмурыў гордае чало:
«Як адважыўся, няшчасны, ты сказаць такія словы?
Сам той злоснік або злодзей, хто спяшыць уведаць зло!
З чорнай весткай ты спяшаўся да мяне, як з добрым нечым,
Толькі здраднік ці забойца мне ўчыніў бы горшы здзек!
Як язык твой павярнуўся мне сказаць такія рэчы?
Не, візірам быць не варты несумленны чалавек!
Абмінуць благую вестку мусіць быць слуга гатовы,
Балбатаць лухту і глупства можа толькі баламут!
Лепш аглухлі б мае вушы, чым пачуць такія словы!
Я заб'ю цябе — за гэта не пашле мне бог пакут!
І калі б не Аўтандзілам да мяне ты быў пасланы,
Я, жыццём сваім клянуся, галаву б табе адсек!
Прэч адгэтуль, недарэка, дурань злосны і паганы!
Вось якім ты аказаўся, крывадушны чалавек?!»
Цар шпурнуў з размаху крэсла, ім хацеў візіра выцяць,
Ды не трапіў, хоць візіру здаўся моцным той удар.
«Як адважыўся сказаць мне, што ўцячы сабраўся віцязь?»
Слёз гарачыя струмені апяклі візіраў твар.
Слова вымавіць не мог ён, задрыжаў, як ліст у буру,
Выпаўз прэч хутчэй за дзверы, як падбітая ліса;
У палац ішоў вясёлы, а з палаца бег пануры:
Вораг так бы не нашкодзіў, як сабе нашкодзіў сам!
Ён шаптаў: «Цярпець знявагу богам мне наканавана.
Памыліўся я з-за глупства, не зазнаць мне больш уцех!
Як адважыўся так дзёрзка гаварыць я з гордым панам?
Што ж, плаціць павінен кожны, як і я, за ўласны грэх!»
Так ішоў візір няшчасны з ганьбай, сорамам і болем;
Спахмурнелы, пры сустрэчы Аўтандзілу ён сказаў:
«Як аддзякаваць табе мне; меў я радасці даволі,—
Вось прыйшоў я зганьбаваны, галаву амаль не склаў».
І, жартуючы скрозь слёзы, гаварыў далей ён другу,—
Сам з сябе ён кпіў нібыта, ледзь стрымаўшы злы папрок:
«Той губляе слуг, хто плаціць абяцанкай за паслугі;
Кажуць: даўшы добры хабар, з пекла нават чорт уцёк!
Зневажаў мяне і бэсціў цар, я ж быў, як апантаны;
Ён казаў, што я здзяцінеў, і бязглуздым абвясціў.
Дзе я сорам свой падзену, як у вочы людзям гляну?!
Я дзіўлюся сам дагэтуль, як мяне ён не забіў?!
Ведаў добра, што рабіў я, і прынёс сябе ў ахвяру,
Прадчуваў я кару злую, ўсё ж пайшоў да ўладара.