Выбрать главу

Хто пазбегнуць можа гневу, што ляціць з нябёс з-за хмары?!

За цябе гатоў хоць сёння я без страху паміраць!»

Адказаў візіру віцязь: «Мне не ехаць немагчыма.

Калі ружа вянуць стане, памірае салавей.

Жыватворную расінку ён шукае для любімай,

А не знойдзе, дык пагібель свайму сэрцу ён заве.

Не магу без Тарыэля ні сядзець, ні ў сне забыцца;

Каб знайсці яго, гатовы я бадзяцца між звяроў!

Цар дарма мяне схіляе ехаць з ворагамі біцца,—

Чым трымаць гвалтоўна сябра, лепш застацца без сяброў!

Хоць угневаны ён вельмі, ўсё ж цара я ўпрошваць буду,—

Зразумее, можа, зрэшты, як згараю сэрцам я;

Не адпусціць — дык употай волю вольную здабуду,

А калі памру, хай гіне доля горкая мая!»

Змоўклі. Віцязя паклікаў на абед візір гасцінны;

Частаваў ён госця шчодра, паднасіў яму дары,

Да гасцей старых і юных быў таксама дабрачынны;

Ад яго вярнуўся віцязь, як сцямнела на двары.

Дома ж кіпарыс чароўны тысяч сто адклаў чырвонцаў,

Трыста штук парчовых скруткаў ён са сховішча дастаў,

І, дадаўшы шэсць дзесяткаў лалаў зыркіх, нібы сонца,

Ён візіру ў падарунак са сваім ганцом паслаў.

Загадаў сказаць: «Не ў сілах адплаціць я за паслугу,—

Дык не дар, а доўг мой шчыра я прашу цябе прыняць!

Не памру — жыццё ў падзяку я табе аддам, як другу,

Я любоў сваю з тваёю пастараюся зраўняць!»

Каб уславіць Аўтандзіла, не хапае слоў на гэта,

Ён ва ўсіх сваіх учынках варты быў высокіх дум!

Памагаць павінен кожны дасягнуць другому мэты,

Верны друг не кіне друга, што патрапіў у бяду!

ГУТАРКА АЎТАНДЗІЛА З ШАРМАДЗІНАМ

Віцязь той, што сонцам ззяе, так прамовіў Шармадзіну:

«Гэта дзень маёй надзеі, сэрцу радасць ён нясе;

Ён пакажа, што ты зробіш для мяне з усіх адзіны!»

Дык знайдзі, чытач мой добры, ў дружбе іх глыбокі сэнс!

Ён сказаў: «Наконт ад'езду цар і слухаць не захоча,

Ён не ведае, што сэрцу толькі дружбы нестае

І што мне без Тарыэля ясны дзень здаецца ноччу!

Здраджу — бог на ліха згоды не даваў і не дае!

Цвёрда вырашыў быць з другам — не парушу я зароку,—

Той, хто здрадзіць свайму слову — вораг богу, танны хлус!

Сэрца ные і галосіць, бо сардэчны друг далёка,

Скасаваць нішто не зможа вечны сэрцаў двух хаўрус!

Каб давесці сваю дружбу, ёсць на свеце тры навукі:

Быць перш-наперш разам з другам, жыць у згодзе дзень у дзень;

Па-другое, ўсім дзяліцца, каб дарылі радасць рукі,

І, па-трэцяе, быць смелым, калі друг твой у бядзе!

Скарачаць размову трэба — кожны справе хай паслужыць.

Загаю я раны сэрца, калі ўдасца мне ўцячы.

Абяцай жа ў час разлукі, я прашу цябе, мой дружа,

Што выконваць будзеш шчыра ўсё, чаму цябе вучыў!

Перш за ўсё адданым службе будзь, як быць мы ўсе павінны,—

Пакажы сваю сумленнасць, непадкупнасць пакажы;

Войскам ты кіруй адменна, замак мой ахоўвай пільна;

Ты служыў дагэтуль добра, яшчэ лепш ты паслужы!

Барані свой край, каб вораг не пайшоў на нас паходам;.

Добрым будзь для добрых, злыдням не давай хады нідзе!

Як вярнуся — найвышэйшай надзялю ўзнагародай;

Служба спраўная ніколі задарма не прападзе!»

Шармадзін, пачуўшы гэта, поўны смутку, плакаў горка;

Ён сказаў: «Я не баюся заставацца сам з сабой,

Аднаго баюся: сэрца без цябе туга агорне!

Лепш у доўгую дарогу ты вазьмі мяне з сабой!

Не чутно было, каб віцязь быў адзін у падарожжы,

Не чутно было, каб кінуў у бядзе слуга яго.

Як адзін тут жыць я буду, аб табе гадаць трывожна?»

Адказаў на гэта віцязь: «Слова не змяню свайго!

Веру я ў тваю адданасць, мне любоў твая — не жарты,

Не магу з табой згадзіцца, свет варожы да мяне.

На каго я ўсё пакіну, замяніць мяне хто варты?

Супакойся, не магу я ўзяць цябе з сабою, не!

Шлях міджнура — вандраванні на чужыне ў адзіноце,

Кроў і слёзы закаханы мусіць моўчкі з гора ліць;

Лёс міджнура — ўцехі пошук, дні і ночы ў маркоце,—

Свет такім, павер мне, створан, і не нам яго змяніць!

Дзе б ні быў я, пастарайся не забыць мяне ніколі;

Сам сабе слугой я стану, да ўсяго знайду ключы.

Трэба мужным быць мужчыне і змагацца з лютай доляй,-

Той нікчэмны, спраў ганебных хто не змог перамагчы!

Я не з тых, хто ў свеце толькі агурком існуе спелым,—

Мне за друга дарагога не шкада жыццё аддаць!

Я спытаў дазволу ў сонца — ў шлях мяне пусціла смелы;

Калі я яе пакінуў, што мне дом свой шкадаваць?!

Перадаць хачу з табою запавет мой Растэвану,

Хай цябе шануе шчыра так, як я цябе любіў.

А памру — не паддавайся д'ябла хціваму жаданню,—

Плач па мне, але з адчаю сам сябе не загубі!»

АЎТАНДЗІЛАЎ ЗАПАВЕТ ЦАРУ РАСТЭВАНУ

Сеў пісаць ён запавет свой — словы сумныя ліліся:

«Цар, я змушаны таемна ехаць, каб знайсці таго,

Без каго агнём палаю, без каго жыцця не мыслю,—

Будзь жа літасцівы, гневу ты пазбаў мяне свайго!

Добра ведаю, што ўчынак для цябе мой нечаканы,

Што шукаць іду я друга — не такая ўжо віна.

Словы мудрыя Платона прывяду табе з пашанай: