«Разам з целам губяць душу і няшчырасць і мана!»
У мяне ляжыць пачатак і няшчасця й цяжкай страты, —
Ці ж забыць магу я друга, што за брата даражэй?!
Што бяздзейнаму навука філасофіі багатай?
Мэта ўсякага пазнання — стаць да ісціны бліжэй.
Што апосталы пісалі пра каханне — верыць трэба:
Сэнсу мудрых запаветаў у вяках не пастарэць.
«Нас каханне ўзвышае!» — звон іх слоў ляцеў да неба;
Калі ты не разумееш, як жа іншым зразумець?
Творца даў мне досыць сілы, каб нікому не скарыцца,
Бачыць ён усё на свеце, хоць не бачым мы яго;
На зямлі істоце кожнай вызначае ён граніцы,
Ён з адзінкі творыць сотню, з сотні робіць аднаго!
Што яму непажадана, дык таго павек не будзе.
Без прамення ружа звяне, ператворыцца ў асцё.
Ўсё прыгожае на свеце асалоду ў душах будзіць;
Мне без друга стане хутка немагчымасцю жыццё!
Ты прабач за неслухмянасць, не пазбаў сваёй увагі:
Я, палоннік дум агнёвых, твой не выканаў загад.
Мой ад'езд — бальзам гаючы, ён глыток вады ад смагі.
Дзе б ні быў я — вольнай волі я ўсё роўна буду рад!
Слёзы мне не дапамогуць, мужнасць — шлях цяпер адзіны,
Бо не ўнікнеш волі вышняй, што прызначана з нябёс.
Муж цярплівы быць павінен, не скарыцца злой гадзіне,—
Ні адна душа жывая не абыдзе ўласны лёс!
Што прызначыць бог — прыму я і пакорна і пачціва,
А вярнуся — будзе ў сэрцы хай не попел, а спакой.
Хай цябе я зноў убачу і багатым і шчаслівым;
Памагаць жа пабраціму — гэта ўвесь здабытак мой!
Цар, прыму любую кару, калі ў чым я вінаваты,
Хіба ж гэты мой учынак пакладзе на твар твой сум?
Калі здраджу Тарыэлю, буду я людзьмі пракляты,
Ён жа зганьбіць на тым свеце, як сустрэнем страшны суд!
Пра сяброў сваіх адданых клапаціцца трэба людзям.
Праклінаю бессаромных, што хаваюць здрады лёд.
Ці ж сапраўдны друг героя ў час цяжкі падводзіць будзе?
Горш няма таго ваякі, што спазніўся ў паход!
Хто ў бойцы забаяўся — асмяюць таго нашчадкі
Лепш не бачыць баязліўца, што бяжыць, схавацца дзе б.
Славу здабываць пачэсней, чым багацце і дастаткі,—
Баязлівец горш жанчыны, што на прасніцы прадзе!
Смерць не спыняць пуцявіны, што ляглі між кручаў горных;
Ці ваяка ты адважны, ці маленькае дзіця —
І старых і юных зрэшты да сябе зямля прыгорне,—
Смерць са славай лепш усё ж ткі зганьбаванага жыцця!
Цар, асмелюся нарэшце і такое я зазначыць:
Памыляецца, і двойчы, хто забыў смяротны час,—
Ходзіць смерць удзень і ўночы, хоць ніхто яе не бачыць!
Калі я цябе не ўбачу, значыць, я навек пагас!
Калі я сваю пагібель на чужыне напаткаю
І бадзягаю сканаю на чужой зямлі сырой,
Не загорнуць мяне ў саван людзі ў тым нязнаным краю,—
Ты ж згадай у сэрцы з жалем — выхаванец быў я твой!
Ты раздай маю маёмасць незаможнаму народу,
Хай багатым стане бедны, стануць вольнымі рабы;
Дай прытулак сіраціне, хто не бачыў шчасця зроду,—
Каб мяне благаслаўлялі, за мяне дабро зрабі!
Што тваіх не варта скарбніц, ты аддай таксама людзям,
Што сіротам на прытулкі, што на новыя масты.
Не шкадуй маіх здабыткаў, шчасця бедным хай прыбудзе.
Пагасіць агонь мой можаш на ўвесь свет адзіны ты!
Ад мяне ты болей вестак не чакай цяпер ніколі,
Я душу аддаў з даверам, я раскрыў свае шляхі.
Ні сябе, ні думак чыстых д'яблу я не дам адолець.
За мяне маліся богу, дараваў каб мне грахі!
Я прашу: ты Шармадзіна падтрымай сваёй увагай,
Шмат нягод яму паслала ў гэты год жыццё, як ноч.
Да яго, прашу, будзь ласкаў, не цвялі яго знявагай,
Каб дарэмна слёз не ліў ён са сваіх старэчых воч!
Запавет уласнаручны мой на гэтым я канчаю.
Пакідаю, мой настаўнік. Я ў трывозе і ў журбе.
Не смуткуй дарма, ўладар мой, ад душы табе жадаю,
Жыць на страх варожым злыдням зычу шмат гадоў табе!»
Скончыў ён і запавет свой даў у рукі Шармадзіну:
«Не марудзь, ідзі ў палацы, ўсё зрабі, як я сказаў!
Ты з усіх, адданых службе, быў дарадцам мне адзіным!»
І з крывавымі слязамі моўчкі ён слугу абняў.
МАЛІТВА АЎТАНДЗІЛА
Ён маліўся: «Бог вялікі, цар над небам і зямлёю,
Шлеш ты людзям і пакуты, шлеш ты людзям і дабро,
Непазнаны, невыказны, мудрай воляю сваёю
Памажы стрымаць каханне, што вар'юе ў жылах кроў!
Божа, ўсё табе пакорна: высі гор, прасцяг бясконцы,
Даў ты жар кахання сэрцу і стварыў яго закон.
Разлучае свет няўмольны зноў мяне з чароўным сонцам,—
Не губі ж кахання зерне, што ўзрасло з юнацкіх дзён!
Божа мілы! Без цябе я ў гэтым свеце — сіраціна.
Дзе б ні йшоў я, дзе б ні ехаў, ты мяне не пакідай:
Памажы мне знішчыць злыдняў, буру ў моры, д'ябла кпіны!
Адслужу, калі ўратуеш, прынясу ахвяру ў дар!»
Памаліўшыся, ускочыў на каня і — за вароты,
Развітаўся з Шармадзінам; той, нябога, зарыдаў,
Біць пачаў сябе ў грудзі, шчокі драць з тае гароты,—
Точыць сэрца жаль васалу, што пакінуў гаспадар!
РАСТЭВАН ДАВЕДВАЕЦЦА ПРА ТАЕМНЫ АД'ЕЗД АЎТАНДЗІЛА
Павяду цяпер расказ я пра знікненне Аўтандзіла.