Як жанчына, перш тыгрыца адступіла з поля бою,
Ды, раз'юшаны, за ёю ўслед памчаўся грозны леў.
Я яму, ўзлаваны, крыкнуў: «Ганьба лютаму вар'яту,
Што каханую гатовы на шматкі раздзерці сам!»
І, са злосцю меч дастаўшы, ўперад кінуўся заўзята:
Секануў, і чэрап львіны я раструшчыў папалам.
Меч адкінуўшы, ў абдымкі ўзяў тыгрыцу я рукамі,
У імя сваёй каханай я хацеў пацалаваць;
А яна ўпілася ў цела, раздзірала кіпцюрамі,
Я забіў яе, бо іншай быў няздольны рады даць.
Я стараўся ўціхамірыць — не скарылася тыгрыца
І за гэта заплаціла, неразумная, жыццём;
І згадаў я, што з каханай сам калісьці мог сварыцца,—
І згрызоты цяжкай роспач зледзяніла пачуццё.
Вось, мой браце, расказаў я, колькі гора перажыта;
Дык дарэмна не здзіўляйся, што жывы хаджу яшчэ!
Смерць забраць мяне не хоча, хоць з жыццём даўно я квіты!»
Скончыў віцязь, паліліся слёзы горкія з вачэй.
Аўтандзіл з ім разам плакаў, і зліліся слёз струмені;
Друга ўпрошваў: «Не журыся, бо спаткання прыйдзе час,—
Зноў ты ўбачыш сваё сонца,— бог пашле ад мук збавенне;
Калі б ён жадаў разлукі — не злучаў раней бы вас!
Ходзіць гора за міджнурам, нібы змроку цень злавесны;
Хто спытаў палын жыццёвы, мёд уцехі п'е ў свой час.
О каханне, нас да смерці хочаш часам ты давесці,—
Ты разумных зводзіш з глузду, робіш невукамі нас!»
ТАРЫЭЛЬ З АЎТАНДЗІЛАМ ПРЫХОДЗЯЦЬ У ПЯЧОРУ І СУСТРАКАЮЦЬ АСМАТ
Ледзь суняўшы слёзы, шлях свой скіравалі да пячоры.
Прасвятлеўшая ад шчасця, іх заўважыла Асмат
І пабегла ім насустрач, слёзы ронячы, як зоры;
Цалаваўся з ёю кожны, як з сястрою родны брат.
«Божа мой,— яна сказала,— над усімі ты ўладарны,—
Цеплыню нам пасылаеш, не шкадуючы святла.
Да цябе падзяка наша дымам сцелецца ахвярным:
Не прапалі мае слёзы, што па віцязях ліла!»
Тарыэль сказаў: «Сястрыца, шчасця ў свеце не багата,—
Толькі блісне яго промень — хмары зноў нясуць бяду;
Гэта ўсё — закон спрадвечны, за хвіліну шчасця плата.
Мне шкада цябе, аднак жа ў смерці радасць я знайду!
Хіба ж той, хто церпіць смагу, дасць вадзе дарма праліцца?
Дык нашто — я сам дзіўлюся — штохвілінна слёзы лью?
Ад бязводдзя гінуць людзі, бо вада — жыцця крыніца.
Я згубіў свой перл адзіны — ружу тую, што люблю!»
Аўтандзіл таксама ўспомніў сонца — любую дзяўчыну;
Ён сказаў: «Маё каханне! Без цябе мне не пражыць,
Бо, разлучаны з табою, на чужыне марна гіну.
О, калі б магла ты ведаць, як агнём душа гарыць!
Ружа ведае — без сонца звяне, ўкрытая імглою;
Тое ж будзе з намі ўсімі, як пагасне сонца круг.
Будзь жа ты дужэйшым, сэрца, стань гранітнаю скалою,
Не гібей, бо стацца можа — стрэне твой каханы друг!»
Змоўклі віцязі, хоць кроў іх закіпела з новай сілай.
Павяла, сама ў трывозе, у пячору іх Асмат,
Шкуру тыгра разаслала, міла сесці запрасіла;
І да самае паўночы там было гаворкі шмат.
На вячэру свежаніны напяклі ў гарачым прыску,
Не было там крошкі хлеба, пенных кубкаў не было.
«Еш!» — прасілі Тарыэля. Не згаджаўся ані блізка,
Праглынуў маленькі скрыдлік — быццам сківіцы звяло.
Вельмі добра, калі людзі шчырай злучаны гаворкай,
Слова — дар найдаражэйшы, калі мудра вучыць жыць;
Ад яго турботаў іскры разляцяцца з дымам горкім,—
Гора выкажы сардэчна — давядзецца менш тужыць!
Так да ранку львы-героі прасядзелі ў пячоры,
Ад прызнанняў задушэўных гора ў сэрцы адлягло;
А на досвітку, ледзь першы промень бліснуў з-за ўзгор'я,
Пакляліся зноў у дружбе свету жорсткаму назло.
Тарыэль сказаў: «Навошта гаварыць нам вельмі многа,
За дабро тваіх учынкаў бог заплаціць удвая.
Я табе пакляўся шчыра, бо і ў рот не браў хмяльнога,—
Хай жа будзе непарушнай клятва верная мая!
Я прашу цябе, як друга, не палі агнём пякельным,
Не ад крэсіва агонь той і балюча ён пячэ.
Не ўратуеш ты, агнём тым сам ахоплены суцэльна,—
Лепш ідзі туды, дзе сонца пры табе гарыць ярчэй!
Тут і бог не дапаможа, бо з бяды не бачу выйсця,
Я таму ў бездарожжы і блукаю абы-дзе.
Быў сярод людзей разумных я разумны сам калісьці,—
А цяпер у стан вар'яцтва час няўхільны мой вядзе!»
Аўтандзіл сказаў: «На свеце многа дзіў неразгаданых;
І ў тваёй размове, дружа, ёсць нямала мудрых слоў.
Хіба ж бог не мае лекаў ад тваёй сардэчнай раны?
Ён жа ўсё жывое росціць, з зерня творыць цуд ізноў!
Дык навошта ён стварыў нас, уладар зямлі і неба,
Каб, злучыўшы, на пакуту назаўсёды разлучаць?
Што бяда з каханнем дружыць — памятаць міджнуру трэба;
Хоць забі мяне, я веру, што спаткання прыйдзе час!
Не мужчына той, хто трапіў у бяду і горка плача!
Не схіляйся перад горам, дзе б яго ты ні сустрэў!
Ведай, бог наш літасцівы, свет жа сквапнасцю адзначан,—
Дык вучыся, бо вядома — за асла мудрэйшы леў!
Сэнс гаворкі нашай доўгай зразумеў ты, мне здаецца;
Адпрасіўся я ў сонца, каб да вас сюды прыйсці;
Цінацін сказаў я: «Ў прысак спапялее маё сэрца,
Дык карысць тады якая ад мяне табе ў жыцці?»