Выбрать главу

То ішлі ў здзіўленні следам, то здалёк за ім сачылі,

Не даводзілася бачыць ім красы такой яшчэ.

Цар Прыдон стаяў на ўзгорку ў асяроддзі пышнай світы.

Сорак лоўчых тут лавілі погляд кожны ўладара.

Ён, пабачыўшы зацішша, запытаў людзей сярдзіта,

Што спыніла паляванне — не прыйшла ж яшчэ пара.

Тут жа ён паслаў падлоўчых, сам разгневаны дазвання:

«Што яны, хіба аслеплі, што пасталі, як слупы?»

Але выгляд Аўтандзіла, што мігцеў чароўным ззяннем,

Прыгажосцю нечуванай сапраўды іх асляпіў.

Здагадаўся мудры віцязь, кім падлоўчыя пасланы,

І сказаў ім: «Перадайце, каб дазволіў цар Прыдон

Перад ім з'явіцца госцю, што з далёкіх вандраванняў

Ад героя Тарыэля для яго прывёз паклон».

Пасланцы, назад прыйшоўшы, так Прыдону далажылі:

«Цар вялікі, перад намі нібы сонца выйшла з хмар.

Побач з ім мудрэц найпершы ўстаяць не знойдзе сілы.

«Тарыэлю брат я,— кажа,— і прынёс прывет у дар».

Цар, пачуўшы словы тыя, быў расчулены глыбока

І аблічча ружу-кветку акрапіў сваёй слязой,

І дзьмухнуў халодны ветрык, і пакрыла шэрань шчокі:

Заспяшаўся ён, каб госця адарыць сваёй хвалой.

Вось з пагорка цар спусціўся і, збянтэжаны, спыніўся:

«Што за дзіва? Ці не сонца нам сваё праменне шле?»

З прыгажосці Аўтандзіла ён, захоплены, дзівіўся.

Слёзы віцязя заззялі, як узор празрысты ў шкле.

Абняліся тут жа моцна, як браты, як роўны з роўным.

Цар быў віцязем захоплен, віцязь — ветлівым царом.

Сонца блякла перад тварам слаўных волатаў чароўных,—

Рэж мяне — не знойдзеш гэткіх — рынкі ўсе прайдзі суздром!

Як Прыдон, цара такога не знайсці і ў цэлым свеце,

А такіх, як віцязь юны, яшчэ болей нестае.

Меркнуць зоркі ў сінім небе, калі сонца ярка свеціць,

Свечка ззяе толькі ўночы — ўдзень не ўбачыш ты яе.

Селі ў сёдлы тут абое і памчаліся к палацу,

А тым часам паляванне прыпынілася само.

І на госця ўсе навокал не маглі налюбавацца,

Гаварылі: «Цуд падобны бог паслаць нам толькі мог!»

Аўтандзіл сказаў Прыдону: «Растлумачыць буду рады,

Хто я сам, адкуль прыехаў і куды мой шлях ляжыць,

Як сустрэўся з Тарыэлем, як ён стаў названым братам,

Хоць такой высокай чэсці мне павек не заслужыць.

Я завуся Аўтандзілам, сын прыёмны Растэвана,

З роду знатнага я выйшаў, у палацах царскіх жыў.

Войск ягоных быў спаспетам, вораг — ворагам нязваным:

Той, хто квапіўся на край наш, галаву сваю злажыў.

Неяк мы на паляванне выязджалі з Растэванам,

Бачым — хтосьці невядомы непрыкметна слёзы лье.

Не азваўся ён на заклік, нечым моцна ўсхваляваны;

Мы ж не ведалі прычыны безуважнасці тае.

І таму сказаў у гневе цар сілком яго прывесці.

Толькі быў яшчэ страшнейшы незнаёмца люты гнеў.

Хто пасмеў пайсці ў бойку, заплаціў сваёю смерцю.

Як вядома, месяц ясны злосць са шляху не спіхне.

Не сцярпеў такое ганьбы цар, раз'юшаны няўдачай,

І за віцязем свавольным сам памчаўся наўздагон.

Не схацеў той паядынку, растлумачыць чым іначай,

Што, каня наўскач пусціўшы, знік у той жа момант ён?

Знік асілак невядомы, як нячыстая праява.

Цар, ахоплены нудою, да забаў зусім астыў.

Я таксама быў збянтэжан патаемнай тою з'явай

І на пошукі паехаць у запале парашыў.

Тры гады шукаў дарэмна, вандраваў без сну, спачыну.

І нарэшце ад хатайцаў пра яго дазнаўся след.

Бачыў ружу, што завяла, і знайшоў таму прычыну.

З той пары нашу на сэрцы я братэрства запавет.

Ён адбіў пячору ў дэваў, сам жыве, як нелюдзь дзікі,

З ім Асмат, як з родным братам, дзеліць гора папалам.

Палкім змучаны каханнем, ён гарыць агнём вялікім,

Чорны крэп у знак жалобы мець, напэўна, варта нам.

Плача дзева ў адзіноце, віцязь носіць ёй дзічыну,

Нібы леў для ільвяняці, тым і кормяцца ўдваіх.

Сам бадзяецца па свету. Вобраз любай — вось прычына,

Што людзей ён пазбягае, уцякаючы ад іх.

Расказаў ён падрабязна мне пра ўсе свае прыгоды

І пра тое, як царэўну злыдні выкралі цішком.

Апісаць звычайнай мовай немагчыма ўсе нягоды,

Што ў жыцці яго спаткалі, нібы ў ясны поўдзень гром.

Ён, як месяц ясны ў небе, па чужых краях вандруе

На падораным табою шпарканогім вараным.

Быццам звер, людзей баіцца, з вольнай-воляю сябруе.

Гора мне, што помню брата! Гора той, што сэрцам з ім!

Разам з ім пазнаў я гора. Разам слёзы ліў дарэмна.

Бедаваў яго бядою і гарэў яго агнём.

Мора, сушу я аб'ехаў — не знайшоў яго царэўну,

А вярнуўся — апынуўся ў разладзе я з царом.

Зноў прасіўся я ў дарогу — не дазволіў цар мне строгі.

Я пакінуў двор і войска, сам жа цёмнай ноччу збег.

І цяпер шукаю шчасця дзеля друга дарагога,

Я лячу чужыя раны, а наношу іх сабе.

Ён сказаў мне, што братэрства вас навекі спалучыла.

Я знайшоў цябе, як сонца, зіхаціш ты прада мной.

Дай параду, як знайсці мне тую, што ярчэй Свяціла,

Што, як бачыш — сэрца ў шчасці, страціш — меркне позірк твой».

Расказаў Прыдон, што ведаў, пра нябогу Тарыэля.

Плач іх быў, як песні гукі, працінаў душу наскрозь.

Сэрцы біліся суладна, вочы роспаччу гарэлі,