Выбрать главу

Іх купцы сабе на судна перанеслі неадкладна,

Карабель чужы спаліўшы, самі ў далеч паплылі.

Перадаў Усам падзяку ад купецтва Аўтандзілу:

«Засаромеў нас, нясмелых, ты адвагаю сваёй;

Што ў нас ёсць — табе належыць, бо тваёй здабыта сілай,

Мы ж за тое ўдзячны будзем, што дасі сваёй рукой».

«Не, браты,— сказаў ім віцязь,— скарбаў вашых мне не трэба.

Я ж казаў: на вашы слёзы кінуў вока бог сваё!

Вам не я прынёс ратунак, вам дало ратунак неба!

Непатрэбны мне багацці, толькі конь — дабро маё!

Калі б я шукаў багаццяў, я б даўно іх меў ці мала,

І да тых, што маю дома, я б і гэтыя дадаў.

Я часовы спадарожнік ваш да першага прычала,—

Іншым мэтам-летуценням думкі я свае аддаў.

З незлічоных тых багаццяў, толькі што здабытых з боем,

Возьме кожны хай, што хоча,— не шкадую, аддаю;

А да вас хачу звярнуцца сам я з просьбаю такою:

Я сваё імя між вамі, калі можна, утаю.

Не кажыце вы нікому, што ёсць віцязь паміж вамі,

Старшынёю каравана я прашу мяне лічыць.

Па-купецку апрануся, гандляваць пачну з купцамі.

Я прашу ў імя сяброўства тайну гэту зберагчы».

Да душы купцам прыйшлася Аўтандзілава размова:

«Каб не ты, надзея наша, нас жывых бы не было.

Самі мы сказаць хацелі, што служыць табе гатовы,—

Будзь над намі ты галоўным, наша сонца і святло!»

І, вандруючы па моры, з тых мясцін яны адплылі,

І надвор'е ім спрыяла, і папутны дых вятроў.

Аўтандзіла ўсе ўслаўлялі, перлы буйныя дарылі,

Што былі адценнем кволым маладых яго зубоў.

АЎТАНДЗІЛ ПРЫЯЗДЖАЕ Ў ГУЛАНШАРА

Віцязь, мора пераплыўшы, з-пад рукі на бераг глянуў.

Ён убачыў горад белы, што ў вянках садоў стаяў;

Кветак там было багата і патыхваў водар п'яны;

Хто не бачыў, дык не можа і ўявіць тых дзіўных з'яў.

Сталі зрэшты на прычале, дзе цвілі сады наводдаль.

Аўтандзіл перапрануўся, як і трэба гандляру.

З карабля насіць тавары ўзяў ён грузчыкаў з народа,

І тавараў самых розных нагрувасцілі гару.

Вось садоўнік з тога саду паказаўся нечакана,

Заглядзеўся ён на госцеў прыгажэйшы ў свеце твар.

Аўтандзіл яго спытаўся, кім сюды той быў пасланы:

«Хто вы, людзі, і адкуль вы? Тут які кіруе цар?

Раскажы мне падрабязна, ці ў купцоў тут шмат тавару?

У якой цане тканіны, што з тавараў тут танней?»

Адказаў той: «Ты — як месяц, што блішчыць з-за цёмнай хмары;

Раскажу ўсё падрабязна, толькі вы паверце мне.

Царства нашага марскога і за год ты не аб'едзеш,

А сталіца Гуланшара — ўсёй краіны цуд-краса.

Адусюль вязуць тавары чужаземныя суседзі,

Уладар Мялік-Сурхава краем тым кіруе сам.

Тут старыя маладзеюць, калі ў госці завітаюць,

Вольны час мы любім бавіць у бяседзе за сталом;

У садах прыморскіх ружы цэлы год не адцвітаюць;

Край цвіце на нашу радасць — злому ворагу назло.

Гандляры тут багацеюць, не клапоцяцца аб стратах,

Тут і купля, тут і продаж расквітнелі ў добры час;

Тут бядняк за месяц роўна можа стаць купцом багатым;

Хто прыйшоў з пустой кішэняй — разжывецца тут жа ў нас.

Я ў славутага Усена і наглядчык і садоўнік.

Над купцамі, гандлярамі ён галоўны тут здаўна.

Ён купцоў з краін заморскіх сустракае ўсіх цудоўна,

Сам тавары аглядае, бачыць, што ім за цана.

Хто прыедзе, той Усену сам падносіць падарункі,

Свой тавар яму пакажуць — больш нікому і ніяк.

Для цара тавар найлепшы ён складае ў пакункі,

А пасля гандлююць вольна і чужынец і сваяк.

Для такіх, як вы, шаноўных, хто знянацку завітае,

Загадае даць пакоі і з пашанаю прыняць.

Ды Усен па нейкай справе раз'язджае дзесь па краі,

А як вернецца шчасліва, будзе рад цябе спаткаць.

Тут Фацьма-Хатун пры доме маладая гаспадыня,

Дабразычлівая вельмі, асабліва да гасцей.

Толькі скажаш ёй — адразу стрэне ветла і гасцінна,

Да яе праводзяць — толькі кіне месяц срэбны цень».

Аўтандзіл сказаў: «Я згодзен. Хай ідзе сюды, хто хоча».

І збянтэжаны, спацелы да Фацьмы слуга прыбег.

Ён сказаў: «Да нас у госці завітаў на схіле ночы

Той, хто здасца ясным сонцам, ясназорая, табе.

Сам з купцоў ён знакамітых, уладальнік каравана,

Быццам месяц сямідзённы, мае зграбны тонкі стан.

У халаце ён шаўковым і чалме залататканай,

Ён пра цэны і тавары распытаў увесь майдан».

Запрасіць купца ў палацы дзесяць слуг Фацьма паслала

І пакласці загадала ў караван-сарай тавар.

Увайшоў ружоватвары ў бляску лала і крышталю,

Сам на льва хадой падобны, як у тыгра — ў зрэнках жар.

Навіну пачуўшы гэту, хутка ўвесь сышоўся горад.

«Як бы нам яго пабачыць?» — гаварылі ўсе вакол.

Аўтандзіла асыпалі словы ласкі, смех бадзёры,

Ад мужоў збягалі жонкі, быў парушаны спакой.

Тут Фацьма на ганак выйшла, госця ветліва спаткала,

Зазірнула яму ў вочы і ў пакоі павяла;

За сталом з сабою побач пасадзіла, частавала

І таму сама вясёлай і ўзбуджанай была.

Хоць сама не маладая — маладою быць хацела.

Станам зграбная, вачамі рассыпала палу жар,