Выбрать главу

Забаўляліся, спявалі ў царыцынай святліцы,

А пасля ў маіх пакоях мы гулялі да цямна.

На змярканні ў сад мы выйшлі, там былі тады са мною

Жонкі нашых багацеяў, музыканты, спевакі.

Доўга слухалі мы спевы, пацяшаліся ігрою,

Распляталі свае косы і прымервалі вянкі.

Той цудоўны сад цяністы ўпрыгожвалі альтанкі,

Праз адчыненыя вокны чуўся хваляў ціхі шум.

Я туды ўвайшла з гасцямі, мы працягвалі гулянку,

Каб віно, ласункі, фрукты праганялі з сэрца сум.

Частавала я сябровак, як сястра, была гасціннай,

Потым смутак нечакана моцна ўразіў душу мне.

Мой цяжкі настрой адчуўшы, разышліся ўсе жанчыны,

І адна я засталася пры адчыненым акне.

Мне былі відаць навокал неаглядныя прасторы,

Павяваў лагодны вецер і прыносіў мора пах.

Але што гэта? Далёка мільганула штосьці ў моры,

Не магла я здагадацца: ці то звер які, ці птах?

Ды ні тое, ні другое — падплываў там човен дзіўны,

У грабцоў, чарней за сажу, скура цёмная была.

А між імі, пасяродку, на чаўне была жанчына,

Позірк свой ад той красуні адарваць я не магла.

Вось, да берагу прыстаўшы, двое выйшлі ў сад паціху,

Азірнуліся навокал і пайшлі назад ізноў.

У чарноце ночы цёмнай не заўважылі ні ліха.

Я ж іх добра разглядзела з-за раскідзістых кустоў.

Чарнаскурыя на бераг паланкін цішком згрузілі,

І з яго красуня выйшла — быццам месяца святло.

З-пад фаты мільгнулі вочы — цемру ночы асвятлілі,

Ізумруднае адзенне так да твару ёй ішло.

Як зірнула ў наваколле, асвятліла нават скалы,

Небасхіл зачырванеўся ад яе пунцовых шчок.

Незраўнанае аблічча пекнатою асляпляла,—

Я рукой прыкрыла вочы, пазіраючы здалёк.

Чатыром рабам сказала я, паклікаўшы ў альтанку:

«Трэба выведаць, як месяц трапіў к чорным у палон.

Запытайце, колькі возьмуць за красуню-паланянку?

Дыямент адкупім гэты — ўсіх багаццяў варты ён!

А прадаць не пажадаюць — забярыце дзеву сілай.

Прывядзіце месяц ясны, ён у нас павінен ззяць».

Шмат разоў хадзілі слугі, таргаваліся, прасілі,—

Не маглі ніякай рады чарнаскурым злыдням даць.

Я з акна глядзела. Бачу, што дарэмна ўсе размовы,

І забіць іх загадала, слугі споўнілі загад.

Чарнаскурых паскідалі ў хвалі мора безгаловых,

А дзяўчыну-прыгажуню прывялі ў густы мой сад.

Каб праславіць сонца ў небе, гімнаў складзена не мала,

Толькі сонца засланяла дзева юнаю красой.

Чарадзейка і вядзьмарка вобраз той не змалявала б,

І цяпер аддаць гатова я жыццё ў ахвяру ёй!»

І, размову прыпыніўшы, тут Фацьма загаласіла,

Аўтандзіл таксама плакаў, ахапіў героя жаль.

Як шалёныя, абое слёз стрымаць не мелі сілы,

Растапілі слёз патокі шчок аснежаны крышталь.

Аўтандзіл сказаў з папрокам: «Ты не ўсё мне расказала».

Адказала: «Пры сустрэчы не заснула я ўсю ноч.

І самотную красуню цалавала, мілавала

І ў каморцы прытуліла ад людскіх зайздросных воч.

Я спыталася ў красуні: «Ты з якой, скажы, краіны?

Хто цябе — такую зорку — і адкуль да нас прывёз?»

Ды маўчала таямніча змардаваная дзяўчына,—

Ліўся з воч у сто струменяў вадаспад пякучых слёз.

Надакучыла, відаць, я сваім роспытам дзяўчыне,—

Ад рыданняў несуцешных цяжка ўздрыгвала яна.

Слёз крышталь з вачэй-нарцысаў падаў градам на рубіны,

Роспач гэту супакоіць сіл не мела я адна.

Зрэшты мне яна сказала: «Даражэй ты маці роднай;

Дык нашто прыгоды-казкі пра мае нягоды знаць?

Вандраваць па белым свеце мне прызначыў лёс гаротны;

Не пытайся больш — ці варта нам на бога наракаць?!»

Парашыла я: не трэба больш чапіцца да дзяўчыны.

Нават сонечная ўвага апаляе часам нас.

Каб разведаць таямнічасць, трэба зручная хвіліна,—

Аб усім спытацца можна ў належны толькі час.

Тую, што падобна сонцу, ад цікаўных я хавала;

Ды хіба ж схаваць магчыма бляск прамення залаты,

Хоць фіранкамі я вокны і старанна засланяла?

З веек сцюжны віхар веяў, ружы цвет на шчоках стыў.

Гэту дзеву-чараўніцу, станам — стройную таполю,

Пасяліла непрыкметна я ў пакоі патайным,

Каб ніхто не мог дазнацца, хто ў няволі мімаволі,

Каб маглі пра гэта ведаць мы са служкаю адны.

Расказаць пра гэта цяжка, як марнела дзева з часам,

Як і ўдзень і ўноч няўцешна слёзы горкія ліла.

Заціхала ж на хвілінку, як была са мной сам-насам;

Без яе, сама не знаю, як дагэтуль дажыла.

Я ўваходзіла — і слёзы, як азёры, зіхацелі,

Над бяздоннем іх таемным веек-стрэл гушчар чарнеў,

Як агатавыя кубкі, вочы вільгаццю мігцелі,

Паміж лалаў-губ бялелі зубы-жэмчугі, як снег.

Дапытацца не змагла я з-за журбот яе няспынных,

Хто яна, адкуль паходзіць, у якой бядзе цяпер.

У адказ — адно маўчанне, слёз струменістыя плыні,

У каго не сэрца — камень, толькі той бы ўсё сцярпеў.

Непатрэбен быў ёй ложак, хусткай плечы ўкрывала,

Вэлюм чорны ад старонніх прыгажосць яе хаваў.

Пад шчаку руку падклаўшы, так, нябога, і драмала,

Ледзь упросіш, каб што з'ела, не краналася да страў.